Марыя Калеснікава і Максім Знак

Крымінальная справа палітвязняў паступіла для разгляду ў Мінскі абласны суд, пра што паведаміў адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Нагадаем, што Марыю Калеснікаву і Максіма Знака абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

– ч.1 арт.357 – змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (да 12 гадоў пазбаўлення волі);

– ч.3 арт.361 – заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (да 5 гадоў пазбаўлення волі);

– ч.1 арт.361-1 – стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва ім (да 7 гадоў пазбаўлення волі).

«Абвінавачаныя сумесна з іншымі асобамі не пазней за 16 ліпеня 2020 года ўступілі ў таемную змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Згодна з планам, яны ў розных месцах, абвясціўшы і пазіцыянуючы сябе прадстаўнікамі пераважнай большасці грамадзян Беларусі, рыхтавалі і публічна агучвалі заявы пра перамогу на выбарах кандыдата Ціханоўскай, страту народам Беларусі даверу да органаў улады і кіравання, слабасць дзеючай улады», – паведамляла раней Генпракуратура/

Знак і Калеснікава былі зняволены на пачатку верасня 2020 года. Максіма затрымалі ў офісе экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі, а Марыю спрабавалі вывезці ва Украіну, але яна адмовілася пакінуць краіну.

«Апошнія некалькі тыдняў Марыя ў камеры адна, паведаміла currenttime.tv Таццяна Хоміч, сястра Калеснікавай. Камера даволі маленькая – 2,5 на 3 метры. Ёсць падворак, дзе праходзяць прагулкі, таксама маленькі – тры на тры метры. Маша і там прыстасоўваецца бегаць. Гэта адзіная магчымасць рухацца, неяк актыўна праводзіць час. Яна заўсёды гэтым карыстаецца. Зімой – гэта гадзіна ў дзень, летам – дзве гадзіны».

Блізкія перадалі Марыі тэлевізар, у СІЗА трансліруюцца толькі беларускія дзяржаўныя каналы.

«У лістах Маша пісала: калі глядзець тэлевізар, то ўсё роўна можна зрабіць пэўныя высновы пра тое, што адбываецца ў краіне, дадае Таццяна Хоміч. Для яе важна сачыць за навінамі».

У СІЗА ёсць бібліятэка. Марыя шмат чытае на нямецкай і англійскай мовах – мастацкую літаратуру, кнігі па бізнесе. Сумуе па музыцы; як вядома, Калеснікава – прафесійная флейтыстка.

«Мы спрабавалі перадаць ёй у ізалятар невялікую флейту, але яе не прынялі, – кажа Таццяна. – Гэтай сваёй спробай перадаць музычны інструмент мы вельмі развесялілі супрацоўнікаў СІЗА. А вось ноты праходзілі, іх адправілі яшчэ восенню».

Родныя Марыі Калеснікавай асцерагаюцца, што працэс будзе закрыты, як суды над Паўлам Севярынцам, Міколам Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім.

А вось Уладзімір Пыльчанка, былы адвакат Марыі, наадварот, лічыць, што яе справа будзе разглядацца ў адкрытым судовым пасяджэнні, «бо абвінавачванні, прад’яўленыя Калеснікавай, тычацца яе публічных выказванняў, вядомых усёй грамадскасці».

Поделиться ссылкой: