Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва перавялі з ацёкамі і праблемамі сэрца з СІЗА КДБ у турэмны шпіталь пры СІЗА № 1 на Валадарскага, паведамляе “Радыё Свабода”

Пра гэта даведалася ягоная дачка, калі ў яе не прынялі перадачу ў Следчым ізалятары Камітэту дзяржбяспекі.

Як паведаміла Свабодзе дачка Кастусёва Кацярына, бацьку перавялі ў шпіталь у пятніцу. Ні родным, ні адвакату пра гэта не паведамілі. Перадачу не ўзялі, бо нібыта не прыёмны дзень. Раней Кастусёў у лістах пісаў, што абвастрыліся хранічныя хваробы, у тым ліку хвароба сэрца.

Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка як аднаго з абвінавачаных у справе «аб змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Акрамя яго, фігурантамі таксама з’яўляюцца палітолаг Аляксандр Фядута, юрыст Юры Зянковіч і яшчэ шасцёра асобаў.

13 красавіка на лецішчы старэйшай дачкі палітыка Галіны і ейнага мужа Дзмітрыя Антончыка аператыўнікі правялі ператрус: забралі кампутары, кнігі, носьбіты інфармацыі ды страйкбольны аўтамат. Сужэнцы ў выніку зʼехалі з Беларусі.

Вядома, што следства ў «справе аб дзяржперавароце» працягнулі найменей да канца кастрычніка.

Поделиться ссылкой: