Не возьмет ли Нацбанк под козырек?

У Нацбанку Беларусі прааналізавалі магчымыя наступствы ад заходніх санкцый і прыйшлі да не самых абнадзейлівых высноваў, паведамляе Еўрарадыё.

“Гэтыя меры будуць мець пэўны ўплыў на фінансавы сектар”, — прызнае ў інтэрв’ю БЕЛТА намеснік старшыні праўлення Дзмітрый Калечыц.

Паводле яго слоў, могуць зменшыцца аб’ёмы беларускага экспарту і, адпаведна, “аб’ёмы валютнай выручкі, якая паступае ў краіну”. Прагназуецца і зніжэнне імпарту.

“У сукупнасці гэта значыць, што ўплыў дадзенага шоку на збалансаванасць знешняга гандлю будзе умераным і расцягнуты ў часе”, — кажа намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Пасля прыняцця 4-га пакета санкцый, Еўрасаюз ухваліў сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць уладаў Беларусі. Між іншым, яны закранаюць банкаўскую сферу — беларускім дзяржбанкам абмежаваны доступ на рынак капіталу ЕС. Захад патрабуе ад афіцыйнага Мінска вызвалення палітвязняў, спынення рэпрэсій, правядзення новых выбараў і пагражае працягам ціску. Улады Беларусі адказваюць контрсанкцыямі.

Дзмітрый Калечыц прызнае, што “ў пэўнай ступні знізяцца магчымасці для прыцягнення знешняга фінансавання” і гэта “можа закрануць сферу знешняга дзяржаўнага доўга“. Чакаецца і “пэўнае ўзмацненне ціску на валютны рынак”. Аднак у Нацбанку падкрэсліваюць, што “эфекты ад знешніх шокаў будуць праяўляцца паступова”.

Поделиться ссылкой: