5 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля павінен быў заслухаць апошняе слова Аляксандра Анопа ў крымінальнай справе за “публічную абразу прадстаўніка ўлады”, а пасля абвясціць прысуд. Аднак абвінавачаны ў суд не з’явіўся. Суддзя Алеся Осіпава пастанавіла прыпыніць разгляд справы, абавязаўшы гарадскую пракуратуру пачаць розыск абвінавачанага. Яму ж перайначана мера стрымання: падпіска пра нявыезд заменена на ўтрыманне пад вартай.

У снежні 2020 года Аляксандр пакінуў каментар пад здымкам камандзіра гомельскага АМАПа Міхаіла Дамарнацкага, размешчаным на адным з тэлеграм-каналаў. Па звестках валанцёраў, 56-гадовы слесар выклікаў амапаўца на паядынак і змясціў у тым выкліку два абразлівыя словы, якія і сталі падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы па артыкулу 369 – “Абраза прадстаўніка ўлады”.

На прыканцы чэрвеня Аляксандр прыходзіў на суд. Дзяржабвінаваўца з пракуратуры Таццяна Капітанава на тым пасяджэнні зазначыла, што каментар Анопа “супярэчыць агульначалавечай маралі, ён у непрыстойнай форме абражае прадстаўніка ўлады, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы”. Яна прапанавала пакараць Аляксандра трыма гадамі абмежаваннем волі з накіраваннем яго ў папраўчую калонію адкрытага тыпу. Тры гады абмежавання волі – за два словы. Гэта найбольш жорсткае пакаранне, хоць санкцыі артыкула прадугледжваюць таксама грамадскія працы, штраф, арышт, папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў.

Сам пацярпелы на суд не з’явіўся, але папрасіў спагнаць з абвінавачанага яшчэ і маральную шкоду, якую ацаніў у тысячу рублёў.

На сённяшнім судзе прысутнічаў гомельскі грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў.

– Ва ўчынку Анопа я бачу і нежаданне быць асуджаным невядома за што, і пратэст. Відавочна, ён не мае павагі да суда. У нас ёсць органы, якія так называюцца, але яны апошнім часам выносяць шмат несправядлівых рашэнняў, не заснаваных на законах. Яны абслугоўваюць тых людзей, якія цяпер утрымліваюць уладу. Таму і стаўленне да іх адпаведнае, – лічыць спадар Палякоў.

Паводле непацверджанай інфармацыі, Аляксандр Аноп пакінуў межы Беларусі.

Поделиться ссылкой: