Нагадаем, 2 ліпеня падчас выступу на сходзе ў гонар Дня Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка перасцярог* ад выканання рэлігійнага гімна «Магутны Божа».

«Цяпер вы бачыце: яны хочуць павярнуць гісторыю назад, рэабілітаваць сваіх дзядоў і прадзедаў і завяршыць імі пачатую справу. Таму выйшлі разбураць суверэнную дзяржаву. Гэта неймаверна: да сакральных месцаў нашай дзяржаўнасці яны рушылі пад сцягамі фашысцкіх наймітаў-паліцаяў. І апошні час нашы сродкі масавай інфармацыі ўсё больш распаўсюджваюць факты аб тым, што ў касцёлах хочуць памаліцца [г.зн. 3 ліпеня] пад «Магутны Божа». Глядзіце, нарвяцеся», — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

На прапанову ад уладаў правесці 3 ліпеня агульнабеларускую малітву за Беларусь у курыі каталіцкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі тады адказалі, што каталікі ў гэты дзень будуць маліцца аб еднасці і супакоі ў нашай краіне, а таксама курыя заахвочвае напрыканцы святой імшы выканаць гімн «Магутны Божа», «у якім будзем прасіць Усемагутнага Бога, каб захаваў нас і наш край ад усяго злога».

Відэа з архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

***

Верш «Магутны Божа» быў напісаны Наталляй Арсенневай у Мінску ў 1943 годзе. У 1947-м быў пакладзены на музыку Міколам Равенскім. Традыцыйна выконваўся ў храмах у канцы багаслужбы з 90-х гадоў. Набыў новую папулярнасць у грамадстве са жніўня 2020 года.

(А мы мусім дадаць, што сапраўднаму, не на словах, патрыёту Айчыны нельга не згадзіцца: сам тэкст знакамітага верша Наталлі Арсенневай надзіва пранікнёны и цудоўна перадае пачуцці аўтаркі, якой выпала жыць у надзвычай цяжкі и складаны час, – перш за ўсе гэта шчырая, непадробная любоў да Радзімы-Беларусі, якая з болем адчуваецца ў кожным радку. – “НВ”).

Магутны Божа! Уладар сусветаў,
Bялікіх сонцаў і сэрц малых!
Над Беларусяй, ціхай і ветлай,
Рассып праменні свае хвалы.

Дай спор у працы штодзённай, шэрай,
На лусту хлеба, на родны край,
Павагу, сілу і веліч веры,
У нашу праўду, у прышласць — дай!

Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
Учынкам нашым пашлі ўмалот!
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
Краіну нашу і наш народ!

*(Нагадаем, што пакуль што па Законе аб свабодзе сумлення “Дзяржава не ўскладае на рэлігійныя арганізацыі выкананне якіх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі яна не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”. – “НВ”)

 

 

Поделиться ссылкой: