Таму што беларуская Феміда стаіць на каленях

Помніце, які велічэзны розгалас выклікала леташняя смерць афраамерыканца Джорджа Флойда ад рук паліцэйскага ў Мінеапалісе? Народныя пратэсты тады літаральна паставілі на вушы ўсю праваахоўную сістэму ЗША – вулічныя дэманстрацыі і забурэнні прайшлі ажно ў 400 гарадах. За некалькі дзён той Флойд – у нядаўнім мінулым наркаман, злодзей і рабаўнік – стаў героем і сімвалам змагання цёмнаскурага насельніцтва за свае грамадзянскія правы. І хавалі яго так, як не хавалі і прэзідэнтаў, – у пазалочанай труне, з масавым аплакваннем, з пакаяльнымі прамовамі прадстаўнікоў улады.

Смерць Флойда (як і ўсё ў сённяшнім свеце) трапіла на відэа. На ім відно, як двое шчуплаватых паліцэйскіх хвіліны тры марна спрабавалі пасадзіць у легкавік двухметровага затрыманага. Ён супраціўляўся – не агрэсіўна, а як сонны мядзведзь. Страціўшы цярпенне, паліцэйскія паклалі яго на зямлю і прыціснулі нагой, як аказалася, звыш меры. Флойд сканаў. Ад удушэння.

Прызнанага вінаватым у яго смерці паліцэйскага Дэрэка Шовіна суд нядаўна прыгаварыў да 22 з паловай гадоў турмы. Нягледзячы на тое, што Шовін лічыць, што ён проста выконваў свае службовыя абавязкі. На думку судовых прысяжных, відаць, выконваў няправільна. Напэўна, павінен быў ласкава надзець на парушальніка ўтаймавальную кашулю і выклікаць пад’ёмны кран для пагрузкі таго ў кабрыялет.

Як бы там ні было, 22 гады з гакам – тэрмін уражвальны. А як жа іначай? Мела месца гвалтоўная смерць чалавека. Няважна, кім ён быў і якіх памылак у жыцці найздзясняў. Як гаворыць беларуская прыказка, хто арэ, хто барануе – смерць усіх людзей раўнуе. А яшчэ ўсіх раўняць павінен закон. У пагонах ты ці без, пры выкананні ці не, але калі ад тваёй рукі загінуў чалавек – пакаранне непазбежнае, як узыход сонца над статуяй Свабоды. Што ўрэшце і адбылося – забойца (хай сабе і ненаўмысны) надоўга сеў у турму.

Зазірнуць у вочы амерыканскай Фемідзе пры ўсім жаданні немагчыма – яны шчыльна завязаны. А вось беларуская апошнім часам прызвычаілася падглядаць. Як у вядомым фільме «Пиры Валтасара», дзе танцор народнага ансамбля, насунуўшы чорную павязку на вочы, разганяецца, падае на калені і сунецца па падлозе да ног правадыра. А той потым правярае павязку на празрыстасць і наяўнасць прарэхаў.

Дык вось сённяшняя беларуская Феміда і блізка не нагадвае амерыканскую. Наша Феміда нагадвае таго танцора, яна таксама пляснулася наўколенцы і паслужліва соўгаецца ля падножжа ўлады. Для яе нават забойства чалавека перастае быць злачынствам, калі з-пад прыадхінутай павязкі яна падгледзіць, у які бок варухнула брывом улада.

Улада варухнула брывом – і па факце гібелі мінчаніна Аляксандра Тарайкоўскага нават не распачата крымінальная справа. А ён быў публічна, на вачах у соцень людзей, застрэлены ва ўпор. Хоць нікому не пагражаў, не кідаў у сілавікоў камянямі, проста рухаўся з голымі рукамі перад шыхтом узброеных спецназаўцаў. Знайсці стралка-забойцу можна было б за дзень. Але яго не знайшлі і за дзесяць месяцаў. Бо не шукаюць. Бо ў Беларусі, аказваецца, можна страляць людзей, як кардонных зайчыкаў у ціры. Пацэліш – яшчэ і прыз атрымаеш.

Улада варухнула брывом – і суддзя Святлана Крамянеўская ў Брэсце прызнала вінаватым не забойцу Генадзя Шутава, бацькі пяцярых дзяцей, а… самога Шутава. Хоць сілавік (імя яго вядомае) страляў Шутаву ў спіну. Стралка не толькі не прызналі вінаватым, хоць часткова, але нават не звольнілі са службы і не пазбавілі капітанскіх пагонаў. Гэта ўжо не проста цынізм, а цынізм напаказ. І нібы падказка іншым сілавікам пры нагодзе папрактыкавацца ў стральбе па жывых мішэнях.

Улада варухнула брывом – і забойцы мінскага мастака Рамана Бандарэнкі дагэтуль спакойна ходзяць па вуліцы. На мой погляд, дэманстратыўна-садысцкае, абсалютна нічым не матываванае (за стужачкі!) забойства ўчыніла хеўра, набліжаная да ўлады. І што? У турму трапілі не забойцы, а журналістка Кацярына Барысевіч і лекар Арцём Сарокін, якія адважыліся зняпраўдзіць афіцыйную заяву пра алкаголь у крыві забітага. Так у нашай краіне з’явілася каста недатыкальных – непадсудныя забойцы. Такога цывілізаваны свет яшчэ не ведаў.

Грамадскі актывіст з Ліды Вітольд Ашурак у шклоўскай калоніі «памёр ад сардэчнай недастатковасці» (паводле афіцыйнай версіі). Праўда, калі сваякам выдалі цела, яны жахнуліся – нябожчык быў увесь збіты, у гематомах, з патрушчанай і забінтаванай да пераносся галавой. Відавочны сляды злачынства. Узбуджана крымінальная справа? Я пра гэта не чуў. Ды і што казаць, давесці палітычнага да смерці – у нас гэта як камара раздушыць…

Чалавечае жыццё ў сучаснай Беларусі перастала быць каштоўнасцю. Яго не абараняе ні ўлада, што ў сваёй помслівасці і нянавісці да ўласнага народа, я лічу, канчаткова з’ехала з катушак, ні створаны гэтай самай уладай закон, які стаў ужо нават не дышлем, які можна паварочваць куды заўгодна, а анучай, аб якую бесцырымонна выціраюць ногі і следчыя, і пракуроры, і суддзі.

Апомніся, беларуская Феміда! Юзаць на каленях ля падножжа ўлады знойдуцца ахвотнікі і без цябе, пры любым троне лёкаяў ва ўсе часы хапала. Вынесшы сотні несправядлівых прысудаў, усё ж згадай, што спрадвечны твой рыштунак – вагі справядлівасці, а давераны табе пад гасподу палац правасуддзя – не лёкайская…

Публікацыя – з № 49 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: