Палітолаг Валерыя Касцюгова

У чым яе абвінавачваюць, сваякам невядома, паведамляе Радыё Свабода.

Дачка Валерыі Касцюговай Анастасія паведаміла ў Фэйсбуку:

«Мама цяпер на Валадарцы, мера стрымання – арышт. Падпіска аб невыдаванні, таму пра справу і абвінавачанне нічога не вядома, ведае толькі адвакат. Перадачу перадалі».

«Цёмныя часы для палітычнай рэчаіснасці». Хто такая Валерыя Касцюгова?

Палітычную аглядальніцу і кансультантку Валерыю Касцюгову затрымалі 30 чэрвеня. Паводле інфармацыі дачкі, яна ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Валерыя Касцюгова ёсць заснавальніцай і рэдактаркай сайту экспертнай супольнасці «Наше мнение». Таксама яна рэдактарка і ўкладальніца выдання «Белорусский ежегодник», кіруе экспертнай групай маніторынгу«Беларусь у фокусе».

Гэтыя праекты яна вядзе разам з мужам, доктарам філасофіі Анатолем Панькоўскім.

«Наше мнение» – інтэрнэт-праект, які збірае аналітычныя думкі беларускіх і замежных экспертаў і навукоўцаў. Там друкаваліся амаль усе вядомыя беларускія аналітыкі і палітолагі. Першы выпуск апублікаваны ў 2003 годзе. У радзе праекту сярод іншых значыцца Аляксандр Фядута (цяпер зняволены ў СІЗА КДБ).

Вядомы ў экспертным асяроддзі «Белорусский ежегодник» быў аналітычным зрэзам таго, што адбывалася ў Беларусі. Паводле сайту nmnby.eu, у сферы інтарэсаў Валерыі Касцюговай былі беларуска-расейскія дачыненні, беларускія партыі і палітычныя арганізацыі.

Раней Валерыя Касцюгова працавала журналісткай у «Белорусской деловой газете».

На палітолага Валерыю Касцюгову завялі крымінальную справу, яна ў СІЗА
Палітолаг Валерыя Касцюгова

«Улады пачалі рэпрэсіі супраць людзей, якія ніколі не стаялі на радыкальных пазіцыях»

Эксперты, з якімі пагутарыла Свабода, адзначаюць, што пазіцыі Валерыі Касцюговай былі даволі памяркоўныя, «яна не дазваляла сабе нейкіх публіцыстычных выразаў у бок рэжыму».

«Здаралася, што мы маглі паспрачацца аб палітыцы Захаду стасоўна рэжыму Лукашэнкі, аб палітыцы дыялогу. Яна заўсёды шукала магчымасці кампрамісу, я быў больш радыкальны, – кажа палітолаг Павал Вусаў.Таксама спрачаліся наконт удзелу ці няўдзелу ў выбарах, аб «гібрыднай апазіцыі «у Беларусі. Я заўсёды быў прыхільнікам таго, што ўдзел у выбарах без канкрэтнай стратэгіі абароны выбару бессэнсоўны. Валерыя лічыла, што выбары – гэта магчымасць у пэўным сэнсе палітычнай дзейнасці і палітычнай пляцоўкі для апазіцыйных структураў. У нечым яна мела рацыю, калі мы будзем зыходзіць з таго, што адбылося ў 2020 годзе».

Павал Вусаў называе Валерю Касцюгову адным з выбітных прадстаўнікоў беларускае палітычнае думкі.

«Той факт, што ўлады пачалі рэпрэсіі супраць людзей, якія ніколі не стаялі на радыкальных пазіцыях не прымірэнчай палітыкі да Беларусі, сведчыць, што надышлі вельмі цёмныя часы для нашай палітычнай рэчаіснасці», – сказаў Вусаў.

Першым пра затрыманне Касцюговай 30 чэрвеня паведаміў у сваім тэлеграм-канале палітолаг, кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў. Інфармацыю пацвердзіла Свабодзе дачка Валерыі Наста. Пазней яна паведаміла, што пасля ператрусу маці павезлі ў Следчы камітэт.

Поделиться ссылкой: