Павел Ларчык за кратамі. Фота аўтара

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля, які разглядае крымінальную справу супраць маладзёна Паўла Ларчыка за “гвалт” над міліцыянерам, адбыліся спрэчкі бакоў.

У сваім выступе 2 ліпеня дзяржабвінаваўца з пракуратуры Юлія Кружнова прапанавала пакараць 24-гадовага гамельчука на падставе артыкула 364 Крымінальнага кодэкса трыма гадамі і 6 месяцамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Бацькі і сваякі прыйшлі ў суд падтрымаць Паўла. Фота аўтара.

Кружнова згледзела ў нанясенні ўдару ўпаўшаму на ногі Паўла міліцыянеру “матывы палітычнай (!) варажбы”. Нават не сацыяльнай, а менавіта палітычнай, што з’яўляецца, на думку пракуроркі, абцяжарваючым матывам. Пэўна, дзеля згушчэння фарбаў называліся і іншыя “грахі” маладога гараджаніна: “удзельнічаў у незарэгістраваным масавым мерапрыемстве”, меў на плячах павязаны “недзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг”, пакараны адміністрацыйна за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці.

Інцыдэнт здарыўся ў Гомелі 20 верасня мінулага на скрыжаванні вуліц Савецкай і Пушкіна, куды прыйшоў з плошчы Паўстання пратэстны марш супраць фальсіфікацыі выбараў. Акурат на згаданым скрыжаванні, што паблізу цырка, міліцыя і пачала затрымліваць удзельнікаў пратэстнага маршу. Адбылася штурханіна. Паўла Ларчыка павалілі на зямлю. Старшы лейтэнант міліцыі з Чыгуначнага РАУС Павел Шапавалаў, які прызнаны пацярпелым і меў на той час накідку з надпісам “Інфармацыйная група”, таксама кінуўся хапаць маладзёна са сцягам на плячах. У штурханіне і афіцэр міліцыі паваліўся на ногі Паўлу Ларчыку. Апошні, канешне, брыкаўся і стукнуў нагою Шапавалаву ў галаву.

Дзяржабвінаваўца заяўляла, што Ларчык не мог не бачыць, што гэта міліцыянер – Шапавалаў быў у форменным адзенні ды яшчэ у яркай сіняй накідцы “Інфармацыйная група”. Кружнова наогул здзіўлялася на адным з пасяджэнняў, чаму Павел не ляжаў спакойна на ходніку, быццам той знаходзіўся на канапе ці ў гамаку.

Адвакат абвінавачанага Сяргей Красноў заўважыў: так, яго падабаронны, якога кінулі на ходнік, брыкаўся, бо “спрацаваў інстынкт самазахавання”. Бачыць ён не мог, хто наваліўся на яго ногі: у Паўла былі доўгія валасы, якія засланялі яму наваколле.

Адвакат лічыць не справядлівым ізаляваць Паўла ад грамадства з шэрагу прычын: маладзён толькі пачынае жыццё, на працы характарызаваўся станоўча. Турма, на думку адваката, не можа выхаваць чалавека.

Дарэчы, раней за “гвалт” над міліцыянерам Шапавалавым затрымлівалі Аляксея Губіча, сябра Ларчыка. Абвінавачвалі, што нібыта Аляксей і стукнуў нагой Шапавалава.

Урэшце праз закрыты суд Губіча пакаралі за тое, што ён нібыта ўдарыў супрацоўніка АМАП. Цяпер за “гвалт” над Шапавалавым судзяць Ларчыка.

Пацярпелы афіцэр міліцыі, у адрозненне ад некаторых сваіх калег, не стаў заяўляць абвінавачанаму пра маральную шкоду – яму было дастаткова прабачэння Ларчыка і раскаяння. Падчас спрэчак Шапавалаў не выступаў. На пытанні журналіста “Народнай Волі” адказваць не хацеў.

Маці Паўла Ганна Ларчык спадзяецца на ўзважанае рашэнне суда. Яна кажа, што сын збіраўся ехаць на працу ў Польшчу, але яго затрымалі і да суда змясцілі ў СІЗА.

– За што садзіць Паўла ў турму, не разумею. Гэта проста знішчэнне маладых людзей. Не пусціць сына ў верасні на марш пратэсту я не магла. Я на баку сына, – кажа Ганна Міхайлаўна.

У шоку ад прапановы дзяржабвінаваўцы і бацька Паўла Уладзімір Ларчык, які таксама прысутнічаў на судзе.

– Якая палітычная варажнеча? У той час уся краіна паднялася. Сына паклалі на спіну на ходнікі, ён адпаўзаў, выпадкова патрапіў міліцыянеру ў галаву. І за гэта тры з паловай гады турмы? Гэта ж нейкі кашмар, – лічыць Ларчык-старэйшы.

Праз тыдзень, 9 ліпеня, Паўлу будзе прадастаўлена апошняе слова, і суддзя Алеся Осіпава, якая разглядае крымінальную справу, вынесе прысуд.

Поделиться ссылкой: