Сёння, 2 ліпеня, пачынаюцца матчы 1/4 фіналу чэмпіянату Еўропы па футболе.

Трэба адзначыць, што многія фаварыты, на якіх ставілі і спецыялісты, і балельшчыкі, ужо адпачываюць дома. Мы больш не ўбачым на гэтым турніры зборных Францыі, Германіі, Нідэрландаў, Партугаліі, хаця кожная з іх магла б гуляць у фінале.

Такія зоркі, як Крышціяну Раналду, Томас Мюлер, Антуан Грызман і іншыя ўжо назіраюць за першынством Еўропы ў якасці гледачоў, але ў футболе, як і ўвогуле ў спорце, пераможцам вечна не будзеш.

Сёння ў экстазе балельшчыкі зборных Даніі, Чэхіі, Швейцарыі, Украіны, бо іх каманды хоць і не вельмі зорныя, але ж працягваюць барацьбу. Ва Украіне пасля перамогі іх зборнай над шведамі наогул ледзь не нацыянальнае свята. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі запісаў кранальны відэазварот да футбалістаў, а ўкраінскія міністры нават прыйшлі на пасяджэнне ўрада ў футбольнай форме.

Хто ведае, калі зборная Беларусі ў будучыні трапіць у чвэрцьфінал чэмпіянату Еўропы, то, магчыма, і беларускія дэпутаты заявяцца на пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў у майках і трусах. Хаця парламентарыям некалькіх бліжэйшых скліканняў гэта дакладна не пагражае…

Матчы 1/4 фіналу пройдуць:

2 ліпеня, 19.00 – Швейцарыя–Іспанія (Санкт-Пецярбург);

2 ліпеня, 22.00 – Бельгія–Італія (Мюнхен);

3 ліпеня, 19.00 – Чэхія–Данія (Баку);

3 ліпеня, 22.00 – Украіна–Англія (Рым).

Поделиться ссылкой: