Андрэй Аляксандраў

Журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву на гэтым тыдні выстаўлена новае абвінавачанне – паводле ч.1 арт.356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).

Пра гэта паведаміў БелаПАН яго адвакат Антон Гашынскі. Такім чынам, Аляксандраву пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Раней Аляксандрава абвінавацілі паводле чч.1 і 2 арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Максімальны тэрмін утрымання пад вартай па гэтым артыкуле – шэсць месяцаў. Ён заканчваецца 12 ліпеня.

Андрэй Аляксандраў беларускі журналіст і медыяменеджар быў затрыманы 12 студзеня 2021 года супрацоўнікамі МУС. Разам з ім была затрымана яго дзяўчына Ірына Злобіна, з якой ён разам жыве.

15 студзеня ў афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Генадзь Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманы «па падазрэнні ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці». Паводле ягоных слоў, Аляксандраў і Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і кампенсавання сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ.

Паводле паведамлення МУС, Аляксандраў з 22 жніўня па 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY Help.

Зараз журналіст знаходзіцца ў сталічным СІЗА на Валадарскага…

– Нягледзячы на тую сітуацыю, у якой знаходзіцца Андрэй, ён настроены аптымістычна, распавёў «Народнай Волі» журналіст Зміцер Яненка, які праз перапіску пастаянна падтрымлівае сувязь з Аляксандравым. – Піша, што ў камеры шмат чытае, нават тыя кнігі, якія чытаў яшчэ ва ўніверсітэце. Глядзіць па тэлевізары матчы чэмпіянату Еўропы па футболе, паколькі Андрэй балельшчык са стажам.

Нават знаходзіць нагоду яшчэ і нас на волі падтрымаць. Піша: «Трымайцеся!» У інтэрнэце з гэтай нагоды ўжо нават жартуюць, што палітвязні так добра апісваюць свой побыт, што за кратамі, відаць, зараз нават лепей, чым на волі.

Паводле апошняй інфармацыі, у камеры, дзе знаходзіцца Андрэй Аляксандраў, было чатыры чалавекі.

– Пра ўмовы утрымання асабліва нічога не паведамляе, але адвакат кажа, што ён не скардзіцца, дадае Зміцер Яненка. – А вось лісты ідуць па-рознаму. Часам і за тры дні ліст даходзіць, а здараецца, што і тры тыдні ідзе. Нават не ведаю, чым гэта можна патлумачыць.

Андрэй, дарэчы, адказвае на ўсе лісты, якія яму даходзяць, хаця калегі скардзіліся, што доўгі час ад яго наогул не было навін.

Публікацыя – з № 49 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: