Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У магілёўскай калоніі №4 асуджанага па «палітычным артыкуле» Валадара Цурпанава двойчы накіроўвалі ў карцар за тое, што ён спрабаваў размаўляць з ахоўнікамі па беларуску. Пра гэта паведаміла СМІ жонка зняволенага.

Як пакідала ўладу сіла,
Дык Пуцін працягнуў руку,
Плячо падставіла Расія
Тутэйшаму кіраўніку,
І ён цяпер амаль шчаслівы,
Бо пратэстоўцаў перамог.
Але затое Захад хцівы
Пятлю накінуў і з-пад ног
Гатовы выбіць табурэтку.
Дый выб’е, божа барані…
Не ўздзіў, што Пуцін, як падлетку,
Дыктуе ўмовы дзень пры дні,
Дарожныя малюе карты,
Як палкаводзец на вайне.
А ён жа па натуры ўпарты –
Таго, што трэба, дасягне.
І ўсё часцей у іх сустрэчы,
Дзе «шэпчуцца» кіраўнікі.
А мы не ведаем, дарэчы,
Сапраўдны план у іх які,
Ажыццявіць якую мэту
Вось-вось збіраюцца яны:
Ці продаж суверэнітэту,
Хаця яму няма цаны,
Ці больш трывалым верхаводы
Зрабіць збіраюцца ланцуг.
Ва ўсякім разе асалоды
Нам не нясе «нячысты дух»,
Калі глядзець на ўсё цвяроза.
Выснова просіцца адна:
У перамовах тых пагроза
Для беларускасці відна,
Найперш – для нашай роднай мовы.
Адчулі нават у турме
Служакі верныя з аховы,
Куды ў краіне вецер дзьме.

Адразу ўкнікла ў іх агіда
Да «гнюснай мовы», і таму
Няхай жа цяпне гора «гніда»,
Што мовай той псуе турму;
Няхай у карцары за тыдзень
Пачысціць тлумныя мазгі;
Язык свой не прыкусіць злыдзень,
Дык тыдзень будзе і другі.
І не дадуць яму спакою –
Не выйдзе ўвогуле з турмы…

***

Хіба ж становішча такое
Не ўсюды ў нас цяпер?
Каб мы
Не гаварылі, не пісалі
На мове на сваёй зямлі,
Манкурты прадаліся самі
І нас, падобна, прадалі…

Цімураўцы

Аднойчы ўранку да старога
Прыйшоў цімураўскі атрад.
Ну чым дзядулі не падмога?
Такой падмозе кожны рад!
– Ты ўжо, – сказалі, – нездаровы,
Дык мы парупімся ў двары:
Саб’ём быльнёг, паколем дровы…
І вось што ім сказаў стары:
– Пакуль што ёсць, сыночкі, сіла,
Каб рады даць сваім дрывам.
Суседу лепей дайце ў рыла –
Тады і буду ўдзячны вам…

Пасля гульні ў пейнтбол

Карпаратыў для калектыву
Быў забаўляльным і вясёлым.
Аднак усе даліся дзіву,
Калі пакончылі з пейнтболам:
Яны мурзатыя ад фарбы,
Ад смеху кожны ледзь не падаў;
А ў боса і разбіты твар быў –
Ён з сінякамі ад прыкладаў…

А здачы не будзе?

Перад прахожым рабаўнік

Жахлівым прывідам узнік.
– Гані мне пяцьдзясят даляраў,
Пакуль нажом цябе не ўдарыў!
– Даць грошы вам
Я мушу ўсё-ткі…
А ў вас ці будзе здача з «соткі»?

Публікацыя – з № 49 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: