Дар’я Лосік: “Змагаюся за мужа ўсімі магчымымі спосабамі”

Дар’я Лосік штодня прыходзіць да СІЗА, дзе судзяць яе мужа ды іншых палітвязняў.

Другі тыдзень у гомельскім СІЗА-3 праходзіць судовы працэс над блогерамі і палітыкамі – Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым.

Дар'я Лосік:
Суд за калючым дротам. Фота аўтара.

Судзіць іх Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме. Пра разгляд гучнай палітычнай справы, па сутнасці, нічога не вядома. Ніякіх афіцыйных тлумачэнняў гэтаму няма. Што кажуць абвінавачаныя, сведкі (калі такія ёсць), хто суддзя і дзяржаўны абвінаваўца – усё засакрэчана.

Пакутная лаўка

Пад сценамі СІЗА ўсе дні дзяжурыць жонка Ігара Лосіка Дарʼя. Яна прыехала з Баранавічаў і абрала сабе месца на лаўцы каля так званай турэмнай крамы, дзе прымаюць перадачы для нявольнікаў. Сцены турэмнай установы ўтвараюць тут цень, і летняя спёка пераносіцца крыху лягчэй.

У першыя дні працэсу, які пачаўся 24 чэрвеня, каля СІЗА была і Марына Адамовіч, жонка палітыка Мікалая Статкевіча. Але праз адсутнасць інфармацыі, аблогу ізалятара міліцыяй і «ціхарамі», іх прэтэнзіямі, праз затрыманне сябра Статкевіча Аляксея Кірэева і недзяржаўнага відэааператара, што браў інтэрвʼю, Марына пакінула гэтае месца. Дарʼя Лосік засталася.

– Сюды я прыязджаю раніцай каля дзясятай гадзіны. Пра працэс дакладна нічога не вядома – ён за сям’ю замкамі. Адвакаты далі падпіску пра неразгалошванне. Вось тут, на лаўцы, я і сяджу. Калі трэба перадаць Ігару перадачу, падымаюся па гэтых ступеньках у краму і перадаю. Адлучаюся адсюль, каб выпіць кавы. Перыядычна размаўляю з супрацоўнікамі ў цывільным, але я першая да іх не падыходжу – яны самі выяўляюць цікавасць. Ім штосьці карціць, але з гэтай лаўкі не праганяюць, а бліжэй да галоўнага ўваходу сядзець нельга, бо пагражаюць затрымаць, – распавяла журналісту «Народнай Волі» жонка блогера Лосіка.

Дар'я Лосік:
Дарʼя Лосік. Фота аўтара.

Дарʼя кажа, што будзе прыходзіць пад сцены СІЗА, што б ёй ні пагражала:

Каханне да Ігара – гэта тое, што дае мне сілы. У нас цудоўная дачушка Паўліна, яна ў парадку, чакае тату. Безумоўна, мне сумна без мужа. І пра надзею штосьці сказаць складана.

Папытаўся ў Дарʼі, кім яна больш сябе пачувае, прыходзячы кожны дзень да турмы на вуліцы Кніжнай – гэткай дзекабрысткай ці бясстрашнай ліцвінскай змагаркай, кшталту Эміліі Плятэр?

Я проста жонка і мама, гатовая змагацца за мужа ўсімі магчымымі спосабамі, – зазначае маладая жанчына, поўная рашучасці і адвагі.

29-гадовы муж Дарʼі Ігар Лосік быў фрыланс-кансультантам беларускай службы Радыё Свабода, а яшчэ адміністратарам аднаго з папулярных каналаў, які зараз прызнаны экстрэмісцкім. На канал былі падпісаны 172 тысячы карыстальнікаў.

Знаёмства ў «ВКонтакте»

Ігар родам з Баранавічаў. Адвучыўся на настаўніка замежных моў у мясцовым дзяржаўным універсітэце, куды перавёўся з Мінска з-за Дарʼі, але па спецыяльнасці не працаваў – яму выдалі свабодны дыплом, бо не змаглі размеркаваць па месцы жыхарства.

З Дар’яй Ігар пазнаёміўся ў 2009 годзе праз перапіску ў «ВКонтакте». Ажаніліся яшчэ студэнтамі, у шлюбе шэсць гадоў. Арыштавалі Лосіка 25 чэрвеня 2020 года на падставае артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – за арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. На знак пратэсту Ігар галадаў цягам сарака двух дзён. Адразу пасля арышту блогера трымалі ў ізалятары Мінска, потым Жодзіна. У чэрвені перавялі ў гомельскае СІЗА-3, дзе зараз і судзяць.

Лосіку, як і Уладзіміру Цыгановічу, следства выставіла канчатковае абвінавачванне на падставе ч.1 арт. 293 і ч.3 арт. 130 КК – гэта арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам супраць асобы, пагромамі, падпаламі ды збройным супрацівам прадстаўнікам улады. Пакаранне – ад 5 да 15 гадоў. Яшчэ адзін артыкул датычны распальвання сацыяльнай варажнечы, відавочна, да прадстаўнікоў сілавых структур.

Адмовіўся ад знаёмства з абвінавачваннем

Не зразумела, аднак, што звязвае фігурантаў гучнай крымінальнай справы, паколькі не ўсе яны былі нават знаёмыя паміж сабою. Пра гэта яны пісалі ў лістах на волю.

Мікалая Статкевіча, у прыватнасці, вінавацяць толькі за «арганізацыі масавых беспарадкаў» – ч.1 арт. 293. З Ціханоўскім Мікалай быў знаёмы павярхоўна, астатніх не ведаў.

Марына Адамовіч, будучы ў першы дзень каля гомельскага СІЗА-3, распавядала, што Мікалай адмовіўся нават ад знаёмства з абвінавачваннем. Зрабіў заяву, у якой крымінальную справу назваў цалкам сфальсіфікаванай. Лічыць гэта нават злачынствам, і саўдзельнічаць у ім ён не збіраецца. Па інфармацыі Адамовіч, Статкевіч і ў суд накіраваў заяву аб тым, што не збіраецца ўдзельнічаць у гэтым працэсе.

На падставе відэаздымкаў прадстаўніцы афіцыйнага выдання «СБ. Беларусь сегодня», якую, нягледзячы на закрытасць працэсу, усё ж дапусцілі ў СІЗА на суд, Статкевіч, увайшоўшы ў залу, выгукнуў: «Жыве Беларусь!».

«Расія сваіх не пакідае»?

Вядома таксама, што грамадзянін Расіі Дзмітрый Папоў, якога судзяць у СІЗА з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і аператарам Арцёмам Сакавым за «масавыя беспарадкі», «распальванне варажнечы» і «перашкоды дзейнасці старшыні ЦВК»), прасіў у прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пазбавіць яго расійскага грамадзянства, паколькі дзяржава не праявіла да яго ніякай увагі.

«Я больш за год чакаў, што «Расія сваіх не пакідае«, як неаднаразова казаў Пуцін. Аказалася, што гэта зусім ня так. На сваіх у Расеі выбіральная слепата», – праз сястру напісаў на волю Дзмітрый Папоў.

Расіец Папоў мадэраваў сацыяльныя сеткі «Страны для жизни» і прапаў увечары 4 чэрвеня 2020 года. Незадоўга да арышту выклаў у публічную прастору відэа, у якім расказаў пра цікавасць да сябе з боку сілавікоў. Затрымалі Дзмітрыя ў фермера бліз Мазыра.

Поделиться ссылкой: