Валянціна Зелянкевіч

Вядомая беларуская трыятланістка, якая тры тыдні таму трапіла ў Маскве ў аварыю, распавяла, як сябе адчувае пасля аперацыі.

Валянціна Зелянкевіч раней выступала за зборную Беларусі па трыятлоне. Уладальніца юніёрскага рэкорду краіны, шасціразовая пераможца адкрытага Кубка Мінска, сем разоў была першай у першынстве Беларусі.

У жніўні мінулага года Валянціна падпісала ліст з патрабаваннямі да ўлад Беларусі правесці паўторныя выбары прэзідэнта, а таксама спыніць гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту. Пасля гэтага яна засталася без працы і пераехала ў Расію.

Зараз спартсменка працуе трэнерам па плаванні ў клубе трыятлона ў Маскве. Як кажуць, жыццё толькі пачало прыходзіць у норму, як на Валянціну абрынулася новае няшчасце – на пачатку гэтага месяца яна трапіла ў аварыю.

«Падчас трэніроўкі на веласіпедзе мяне збіла машына, – паведаміла Валянціна. – Удар прыйшоўся ў падбародак, я зламала сківіцу, выбіла і раструшчыла зубы. Пералом сківіцы ў трох месцах. Патрэбна аперацыя… Бальніцы ў Расіі – гэта проста жах!»

Таксама спартсменка апублікавала відэа з машыны «хуткай». У роліку яна выказвала незадаволенасць працай медыкаў. Хаця праз нейкі час усё-такі выбачылася за сваю нястрыманасць і патлумачыла, чаму запісала свой эмацыйны зварот:

«Як складана, здараецца, прамаўчаць і не адказаць на прыніжэнне і абразы. Як складана падчас выказаць сваё меркаванне, пры гэтым нікога не пакрыўдзіўшы. Як складана падчас нешта камусьці давесці…

Я не хачу высвятляць, хто мае рацыю, а хто вінаваты, хто правільна паступіў, а хто не. Хачу толькі застацца пры сваім меркаванні і жадаю апанентам таго ж. І, вядома ж, нікому не жадаю апынуцца на маім месцы і праверыць, як паводзілі б сябе вы ў стане шоку і афекту. Калі плюеш на асфальт акрываўленымі зубамі…

Я толькі вучуся быць больш памяркоўнай, любіць тых, каго я бачу перад сабой, і дараваць людзям усё, што адбываецца.

Зараз я прашу ў медыкаў прабачэння. Ведаю, што людзі ў белых халатах таксама стамляюцца, таму ўсе тыя, хто стаміўся, – прабачце мяне і адпраўляйцеся ў адпачынак, бо ў такім стане вы шкодзіце не толькі сабе. Адпусціце ўсе крыўды – у сабе іх трымаць нельга».

Валянціне Зелянкевіч зрабілі аперацыю, і зараз яна выглядае значна лепш, чым тры тыдні таму.

Валянціна Зелянкевіч: «Жыццё яшчэ не раз ударыць тварам аб асфальт…»«Калі гэта мяне не забіла – значыць, зрабіла мацнейшай, – аптымістычна адзначыла спартсменка. – Усё жыццё – адзін вялікі прыкол…»

На мінулым тыдні спартсменка адзначыла 22-годдзе, атрымала падарункі са словамі падтрымкі ад сяброў ды блізкіх і глядзіць у будучыню з аптымізмам.

«Дзякуй усім, хто побач! – кажа Валяціна. – Усім, хто мне дапамагае, на маім няпростым, але вельмі цікавым жыццёвым шляху.

Я ведаю, што ўсё толькі пачынаецца і жыццё мяне яшчэ не раз ударыць тварам аб асфальт. Але я прашу толькі аб адным: даруйце мне ўсё, што можна дараваць. Я не самы просты чалавек, але спадзяюся, што добры.

…А пасля аперацыі я ўжо як новая. Зараз вучуся ўсміхацца больш сціпла».

Публікацыя – з № 48 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: