Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

На інфармацыйных стэндах некаторых мінскіх паліклінік з’явілася аб’ява: нароўні з пацярпелымі ад чарнобыльскай катастрофы, вязнямі фашысцкіх канцлагераў, інвалідамі па слыху і г.д. у першую чаргу абслугоўваюцца… суддзі.

Паліклініка, як вулей,
Як пчаліны рой, гудзе.
У чарзе сядзяць бабулі
І дзядулі дзе-нідзе.
(Акурат сказаць дарэчы,
Што здароўе дзень пры дні
Там шукае люд старэчы,
Бо яго няма ані.)
І чамусь па калідоры
Борздка крочыць маладзён.
Не відно, што надта хворы,
Што здароўе страціў ён.
Позірк кінуў падазрона
На старэчую чаргу.
І вердыкт ад маладзёна:
– Гэтак доўга не магу
Я чакаць ля кабінета.
Прапусціце без чаргі.
Быў адказ яму на гэта:
– Пачакаеш, дарагі!
Нам таксама неахвота
Тут выседжваць…
– У мяне
Ёсць адна, бабулькі, льгота.
Вунь жа спісак на сцяне
Тых асоб, што маюць права
Без чаргі зайсці туды.
– Што за льготнік ты, цікава?
Не глухі. І малады
Для чарнобыльскай ахвяры,
Для далёкае вайны, –
У старых ва ўхмылках твары,
Насміхаюцца яны. –
Ёсць яшчэ і ў суддзяў льготы –
Эканоміць трэба час.
Дык скажы нам, братка: хто ты?

– Я, сябры, суддзя якраз!
Сталі змрочнымі бабулі,
Сталі хмурымі дзяды,
Калі гэтае пачулі…
– Многа ты прынёс бяды
Шараговым беларусам, –
Строга дзед сказаў яму. –
Верыш ты ў мундзірах хлусам,
Выпраўляючы ў турму
Тых, хто крыкнуў нешта дзесьці,
Слова мовіў папярок…
– Давялося ўнуку сесці, –
Прагучаў услед папрок. –
Нейкі здымак з інтэрнэту
Ён змясціў у «Інстаграм».
Дык суддзя сказаў: «За гэта
Я пятнаццаць сутак дам».
– А ў мяне на месяц цэлы
Пасадзіў суддзя дачку:
Парасон чырвона-белы
Узяла яна ў руку…
Маладзён усклікнуў:
– Годзе!
Не ўшчувайце, бо людзей
Я, сябры, суджу на лёдзе –
Абслугоўваю хакей.
Сцэна, так сказаць, нямая…
Моўчкі думалі дзядкі:
Можа, ўвогуле не мае
Прывілей суддзя такі?
Зрэшты, стаўленне другое
Да хакейнага суддзі.
– Не вымучвайся чаргою,
Без чаргі, браток, ідзі!

***

Да судоў у нас – агіда:
Папсавалі людзям кроў,
Бо не чуе ўжо Феміда
Аргументаў «бунтароў».
Як глухія суддзі сталі,
Быццам затычкі ў вушах.
І кладуць яны на шалі
Хлуд такі, што проста жах;
Не злічыць прысудаў карных.
І таму, напэўна, іх,

Даўшы льготу, у лякарнях
Прыраўнялі да глухіх…

Калі талент засох

Засох ваш талент?
Горка стала?
Даваць парады не люблю,
Аднак жа гэта не падстава,
Каб закапаць яго ў зямлю…

Залаты характар

Мяне хто толькі ні кляне:
Жанкі, сябры, браты!..
Цяжкі характар у мяне,
Таму што залаты.

Публікацыя – з № 48 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»