Мікіта Залатароў у "клетцы" суда Цэнтральнага раёна. Фота: Анатоль ЛІПСКІ

Аднаго з самых маладых палітвязняў, 17-гадовага Мікіту Залатарова з Гомеля будуць судзіць другі раз. Цяпер яго вінавацяць у «гвалце над міліцыяй» – ён нібыта напаў на канвой у гомельскім СІЗА-3.

Бацькі непаўналетняга хлопца, які хворы на эпілепсію, паведамілі, што новую крымінальную справу супраць сына ўжо расследавалі і перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд. Мікіта, як адзначаецца ў пастанове следчага Шкрабава з гарадскога аддзела СК, «належных высноў для сябе не зрабіў, на шлях перавыхавання не стаў».

Што ж такога крымінальнага зрабіў у СІЗА невысокага росту падлетак, асуджаны на пяцігадовы тэрмін і прызнаны праваабарончымі арганізацыямі палітнявольнікам?

Паводле абвінавачвання, «21 сакавіка ў прамежак часу з 11:30 да 12:30 Залатароў, будучы ў службовым кабінеце псіхалагічнай службы, у катэгарычнай форме адмовіўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў установы і прайсці ў камеру № 103, у выніку чаго супрацоўнікі Лучкін і Хацкоў прымянілі да яго фізічную сілу і вывелі ў калідор трэцяга паверха».

Аднак непаўналетні Залатароў, паводле пастановы аб перадачы крымінальнай справы пракурору для накіравання ў суд, перашкаджаў законнай дзейнасці службоўцаў. Хлопец зрабіў падножку Лучкіну, у выніку чаго той зваліўся на падлогу. Калі Лучкін падняўся, Залатароў «схапіў яго за валасы і шыю, прычыніўшы тым самым боль і пабоі».

Апроч таго, падлетак нібыта выказаў пагрозы гвалту на адрас супрацоўніцы СІЗА Хаўбок.

У выніку Мікіта Залатароў будзе адказваць перад судом за гвалт і пагрозу гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў – на падставе артыкула 364 Крымінальнага кодэкса. Пакаранне па азначанаму артыкулу прадуглежвае арышт, абмежаванне волі, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Бацька Мікіты Міхаіл Лапуноў так пракаментаваў новую крымінальную справу супраць сына: «У трох лістах пастановы пра накіраванне справы пракурору адлюстравана ўся нямогласць і подласць улады. Мой сын – не злачынца, а закладнік».

Нагадаем, 10 мая 2020 года Мікіту Залатарову споўнілася 16 гадоў, а ўжо ў жніўні ён апынуўся ў СІЗА. Падлетка разам з іншымі двума фігурантамі абвінавацілі ў актыўным удзеле ў «масавых беспарадках» і «супраціве міліцыі» з прымяненнем «кактэйлю Молатава», хоць ніякага гаручага рэчыва ў бок міліцыянераў Залатароў не кідаў.

Падлетак скардзіўся, што ў СІЗА яго білі, не давалі патрэбных лекаў.

22 лютага суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Дзмітрый Дэбой пакараў Мікіту Залатарова 5 гадамі выхаваўчай калоніі. Пасля агалошвання прысуду ў Мікіты пачалася істэрыка. Ён кідаўся на краты «клеткі» і крычаў: «Выпусціце мяне адсюль!». Абласны суд пакінуў вырак першай судовай інстанцыі без зменаў.
Неўзабаве хлопца будуць зноў судзіць.

Анатоль ЛІПСКІ
На здымку: Мікіта Залатароў у «клетцы» суда Цэнтральнага раёна. Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»