Міхаіл Захараў

Экс-галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі яшчэ не знайшоў сабе новае месца працы.

Міхаіл Захараў – заслужаны трэнер Беларусі. У якасці настаўніка мінскага «Юнацтва» восем разоў выйграваў чэмпіянат краіны, шэсць разоў перамагаў у Кубку Беларусі, тройчы – у Кантынентальным кубку.

Узначальваў маладзёжную і юніёрскую зборныя Беларусі. Кіраваў нацыянальнай камандай на чэмпіянатах свету 2004 і 2005 гадоў, падчас алімпійскай кваліфікацыі-2005, а таксама на Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы.

У жніўні 2019 года быў прызначаны галоўным трэнерам зборнай Беларусі ў чарговы раз. Праўда, з-за пандэміі ў 2020 годзе чэмпіянат свету, які павінен быў прайсці ў Швейцарыі, адмянілі, таму праверыць каманду Захарава ў дзеянні не атрымалася.

А вось на гэты год беларускія спартыўныя чыноўнікі ўскладалі вялікія спадзяванні, бо першынство планавалася правесці ў Мінску і Рызе. У 2014 годзе чэмпіянат свету ў беларускай сталіцы прайшоў з размахам, тады даволі прыстойна выступіла і зборная Беларусі, якой кіраваў канадскі спецыяліст Глен Хэнлан.

Гэтым разам у нацыянальную каманду таксама сабралі ўсіх лепшых, да таго ж раздалі да першынства беларускія пашпарты некаторым замежным хакеістам, якія павінны былі ўзмацніць гульню зборнай.

Але першая аплявуха прыляцела яшчэ да чэмпіянату, калі стала вядома, што з-за той сітуацыі, што склалася ў Беларусі пасля мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў, Міжнародная федэрацыя хакея адмяніла правядзенне першынства ў Мінску. Усе спаборніцтвы былі перанесены ў Рыгу.

І вось тут Міхал Міхалычу Захараву варта было б насцярожыцца, бо Рыга для яго – гіблае месца. У 2005 годзе ў Рызе ў фінале алімпійскай кваліфікацыі на Гульні ў Турыне беларусы, якія яшчэ за 5 хвілін да заканчэння матча ўпэўнена перамагалі каманду Латвіі з лікам 4:2, умудрыліся за 140 секунд прапусціць тры шайбы і застацца за бортам Алімпіяды.

Сёлетні чэмпіянат свету па хакеі ў Рызе стаў для Захарава яшчэ большым жахам, хаця напярэдадні нападаючы зборнай Сяргей Касціцын казаў пра планы так: «Міхаіл Захараў сказаў, што едзем за медалямі».

У выніку зборная, прыехаўшы за медалямі, заняла перадапошняе месца на гэтым першынстве (ззаду засталася толькі Італія), і ад вылету ў ніжэйшы дывізіён каманду выратавала толькі пандэмія (у гэтым годзе элітную лігу ніхто не пакідае).

Захараў пасля гэтага кінуў камень у агарод хакеістаў: маўляў, многія не апраўдалі даверу.

«Любому хакеісту трэба працаваць, – заяўляў трэнер. – Маладыя павінны браць прыклад з вопытных ігракоў – з таго ж Вовы Дзянісава, з Руслана Салея. А да Руслана ім усім пакуль, як да Луны. І варатарам, і абаронцам, і нападаючым – усім трэба працаваць».

А вось сам Міхаіл Захараў вырашыў пакінуць гэтае месца працы і папрасіўся ў адстаўку. Зрэшты, было б дзіўна, калі б застаўся. Балельшчыкі гэтага проста не зразумелі б.

7 чэрвеня федэрацыя прыняла адстаўку Захарава, і з таго часу пра трэнера нічога не было чуваць.

– У мяне ўсё добра, зараз знаходжуся ў адпачынку, – паведаміў Міхаіл Міхайлавіч нашаму карэспандэнту.

– Былі нейкія прапановы па працаўладкаванні?

– Не было ніякіх прапаноў. Пакуль проста адпачываю, таму пра іншае не думаю.

– Чым займаецеся?

– Ды нічым асаблівым. Сям’я, хатнія справы…

Публікацыя – з № 48 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»