Віктар Бабарыка выступіў ў судзе з апошнім словам: «Не магу прызнаць злачынства, якога не рабіў»
Віктар Бабарыка выступіў ў судзе з апошнім словам: «Не магу прызнаць злачынства, якога не рабіў»

28 чэрвеня на судовым пасяджэнні былы прэтэндэнт у прэзідэнты і банкір Віктар Бабарыка выступіў з апошнім словам перад абвяшчэннем выраку, які чакаецца 6 ліпеня, паведамляе Радыё Свабода. Дзяржабвінаваўца запрасіў для Бабарыкі 15 гадоў пазбаўлення волі.

Палітвязень Віктар Бабарыка, выступаючы ў судзе з апошнім словам, заявіў, што ня можа прызнацца ў злачынстве, якога не здзяйсняў.

Бабарыка сказаў, што ён падтрымлівае тое, што гаварылі адвакаты, і спыніцца ў сваёй прамове «на чалавечай сітуацыі». Ён сказаў, што, пражыўшы кавалак жыцця і знаходзячыся ў гэтай клетцы, яму ня сорамна за сваё жыццё перад сваёй сям’ёй.

«Мне ня сорамна, бо перад рашэннем, прынятым у траўні,
яны ведалі, што я не падманваю».

Паводле Бабарыкі, прызнаючыся ў злачынствах, якіх ён не рабіў, магчыма, ён меў бы нейкія матэрыяльныя выгады:

«Я не магу прызнаць злачынства, якога я не рабіў», – заявіў ён. Яму ня сорамна перад блізкімі, бо не было дапушчана процізаконных дзеянняў і нават намёку на ўчыненне процізаконных дзеянняў. Яму ня сорамна перад работнікамі банку, бо быў зроблены найлепшы банк у краіне; перад тымі, хто разам сядзіць у клетцы і лічыць яго злачынцам.

Паводле Бабарыкі, за 25 гадоў працы яны не пачулі, што мусяць рабіць нейкія дзеянні.

«Што б яны ні казалі, я ў гэта дагэтуль ня веру. Я ім нічога не казаў і іх не падманваў».

Яму не сорамна і перад кліентамі: «Не сорамна перад тымі, хто паверыў мне і стаў сябрам штабу», – сказаў Бабарыка.

Паводле яго, тое, што яны зрабілі, ацэньваецца ў мільёны долараў, і яны за гэта нічога не атрымалі.

Ён сказаў, што сотні тысяч, хто паставіў подпісы, верылі, што можна пабудаваць краіну з агульначалавечымі каштоўнасцямі. «Я сумленны перад імі», – сказаў ён.

Бабарыка сказаў, што яму складана даведацца пра ацэнку людзей, ці сорамна ім за яго, бо ён цягам году знаходзіцца ў СІЗА, у ізаляцыі, у яго няма доступу да інфармацыі, да яго даходзіла няшмат лістоў. Але ён разумее, што большасць сяброў штабу працягнулі пачатае.

Гэтыя людзі, паводле Бабарыкі, ахвяравалі матэрыяльнымі дабротамі, свабодай і жыццём.

«Я ўпэўнены, што быў сумленны і не зрабіў ніякіх дзеянняў супраць законаў Беларусі», – сказаў ён.

Бабарыка таксама сказаў, што ня ведае меркаванняў супрацоўнікаў банку, але тыя, хто выступаў, не казалі, што ім было сорамна працаваць. Ён сказаў, што ня ведае думак сяброў і блізкіх, але іх сваякі таксама не адчувалі непавагі да мяне:

«Я ведаю ацэнку, якую паставілі мне дзеці: за тату ня сорамна».

Паводле Бабарыкі, жыццё – марафон, і на гэтай дыстанцыі іншы раз даводзіцца рабіць выбар. Ён сказаў, што мы робім не для сябе, а для дзяцей. Ён пажадаў, каб «на гэтай дыстанцыі вы пачулі тую ж думку, што ім за вас ня сорамна».

Суддзя адзін раз перапыніў прамову, маўляў, Бабарыка гаворыць не па справе.

Віктар Бабарыка выступіў ў судзе з апошнім словам: «Не магу прызнаць злачынства, якога не рабіў»

У канцы прамовы прысутныя горача запляскалі ў далоні. Сёння зала поўная, людзі перад пачаткам віталі Бабарыку, паказвалі яму рукамі сэрцайкі і знакі перамогі. Перад уваходам у залю быў наладжаны кантроль, людзей прапускалі праз металашукальнік, правяралі змесціва сумак і абшуквалі, тэлефоны, дыктафоны і ноўтбукі патрабавалі пакінуць у адмысловых шуфлядках для захоўвання. Пасля выступу Віктара Бабарыкі пачалі гаварыць свае «апошнія словы» іншыя абвінавачаныя.

Віктар Бабарыка выступіў ў судзе з апошнім словам: «Не магу прызнаць злачынства, якога не рабіў»
Падтрымка Бабарыкі ў судзе 28 чэрвеня

Людзі ў двары суду дачакаліся адвакатаў Віктара Бабарыкі і сустрэлі іх апладысментамі.

21 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Мінску пачаліся спрэчкі бакоў у справе Віктара Бабарыкі і іншых былых топ-менеджараў «Белгазпрамбанку».

Выступы пракурора прадоўжыліся і 22 чэрвеня. У той жа дзень пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць былога банкіра 15 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачанне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).

Гэта максімальны тэрмін, які маглі запрасіць пры выстаўленых яму абвінавачаннях. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, «віна знайшла пацвярджэнне цалкам».

Акрамя таго, для Віктара Бабарыкі пракурор патрабуе і штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь – 145 тысяч рублёў.

Астатнім фігурантам запрасілі ад 3 да 6,5 года пазбаўлення волі:

  • Сяргею Шабану, Дзмітрыю Кузьмічу – 6,5 года турмы;
  • Аляксандру Ільясюку, Сяргею Дабралёту, Кірылу Бадзею – 5,5 года;
  • Аляксею Задойку – 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову;
  • Віктару Кабяку – 3 гады калоніі.

На паседжанні 6 красавіка Віктар Бабарыка заявіў аб сфабрыкаванасці справы і адмовіўся даваць паказанні. Ён не прызнае віны ні ў адным эпізодзе.

Пераслед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавачваюць у «адмыванні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зняволення.
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Працэс пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчанні на прад’яўленыя абвінавачанні, бо апісанне, якое ёсць у іх, не дазваляе ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяннях абвінавачанага Бабарыкі ўгледжана злачынства, заявіў адвакат Дзмітрый Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачанні няма апісання інкрымінаваных дзеянняў з указаннем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учынення. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумент, у якім выклаў «дэфекты абвінавачання».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка пераследу

  • 10 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны неслі адказнасць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзенні крымінальных спраў за адмыванне грошай і ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеянняў следчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Святлану Купрэеву па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы «Белгазпрамбанку«» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянеры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэнне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэнняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку – кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Церцель назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываннем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-менеджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакументаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі праз неадпаведнасць прадстаўленай даклярацыі аб даходах і маёмасці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся з Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусцілі нікога з незалежных журналістаў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»