Адвакаты Віктара Бабарыкі – Дзмітрый Лаеўскі, Наталля Мацкевіч і Яўген Пыльчанка

Сёння палітвязень,экс-старшыня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка выступіў з апошнім словам у судзе. Ён сказаў, што не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў і яму ня сорамна перад дзецьмі, калегамі і паплечнікамі. Прысуд будзе агучаны 6 ліпеня. Дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для палітыка 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго вінавацяць у карупцыі і «адмыванні грошай».

Пасля сённяшняга пасяджэння людзі віталі апладысментамі адвакатаў Віктара Бабарыкі – Дзмітрыя Лаеўскага, Наталлю Мацкевіч і Яўгена Пыльчанку.

Якія ўражанні ў адвакатаў ад выступу Бабарыкі і якую яны падводзяць рысу пасля завяршэння спрэчак?

«Мы пабачылі, што няма падстаў лічыць яго вінаватым»

Паводле Яўгена Пыльчанкі, Бабарыка адразу адмаўляў сваю віну і не здрадзіў сваёй пазіцыі: да канца яе адмаўляе.

«Мы пабачылі, што няма падстаў лічыць яго вінаватым, – сказаў Яўген Пыльчанка. – Астатнія (абвінавачаныя па справе «Белгазпрамбанку»), відаць, казалі тое, што па іх меркаванні можа ім дапамагчы, каб атрымаць мінімальныя ці найменшыя з магчымых пакаранняў. Бо менавіта з гэтай мэтай заключаюцца дасудовыя пагадненні і відавочна, што яны да гэтага і імкнуцца. Таму кожны адпаведна з гэтым і будаваў сваю прамову. Кожны рухаецца ў тым напрамку, які абраў».

Пра парушэнні, якія былі, адвакаты казалі падчас працэсу і падсумавалі ў сваіх выступах у судовых спрэчках.

«Вельмі шмат пералічваць таго, што парушалася. Але ад пачатку мы бачылі як расследуецца гэта крымінальная справа і было зразумела як яно будзе ісці далей, – кажа Яўген Пыльчанка. – У суда ёсць магчымасць вынесці апраўдальны прысуд пры тым што былі парушэнні, было нейкае перадузятае стаўленне да нашага кліента падчас следства. З матэрыялаў усё роўна бачна, што няма складу злачынства. Суд павінен вырашыць і мы яму пастараліся данесці ўсё для апраўдання нашага кліента».

«Усе абставіны, ясныя і дакладныя факты кажуць пра тое, што гэта палітычны матыў». Адвакаты Віктара Бабарыка пра яго апошняе слова ў судзе
Віктар Бабарыка

«Нам за сябе ня сорамна і мы яшчэ толькі на пачатку дарогі»

Паводле адвакаткі Наталлі Мацкевіч, абарона Віктара Бабарыкі шчыра верыць у тое, што ён не вінаваты «ні па доказах, ні па элементах складу злачынства».

«А чаму гэта так атрымалася я казала ў сваёй прамове, таму што матыў крымінальнага пераследу адрозніваецца ад легітымных матываў, якія павінны быць у крымінальным праве і працэсе. Усе прыведзеныя факты пра гэта гавораць. Таксама мы кажам аб парушэнні міжнародных нормаў, – кажа Наталля Мацкевіч. – Калі ва ўнутранай прававой сістэме гэтыя парушэнні ня будуць прызнаныя і ня будуць акдрыты мэханізмы для іх кампенсацыі мы будзем звяртацца ў Камітэт па правах чалавека з індывідуальным паведамленнем ад імя Віктара Бабарыкі і ўказваць на гэтыя парушэнні».

Адзін зварот ўжо зарэгістраваны, ён пададзены адносна заключэння пад варту Віктара Бабарыкі, якое адвакаты лічаць адвольным.

«Мы кажам, што правы парушаюцца такім брутальным чынам, што нават у цяперашняй сітуацыі можна казаць пра асаблівае, няроўнае стаўленне да Віктара Бабарыкі. А калі гэта няроўнае стаўленне, то гэта дыскрымінацыя, а матыў дыскрымінацыі трэба шукаць, – кажа Наталля Мацкевіч. – Усе абставіны, ясныя і дакладныя факты кажуць пра тое, што гэта палітычны матыў. Гэта яго палітычныя перакананні і ўдзел у выбарах як прычына дыскрымінацыі».

Што ўразіла Наталлю Мацкевіч у апошнім слове Віктара Бабарыкі? Яна
кажа, што ўвесь гэты год як ён затрыманы яе ўражвае тое, што Віктар Бабарыка глядзіць на ўсё ня з гледзішча сваіх амбіцый, нейкіх інтарэсаў, а з гледзішча чалавечых каштоўнасцей.

«Гэты яго выступ гэта ярка паказаў. Я цаню людзей, якія маюць свае каштоўнасці, унутраны стрыжань і нясуць іх людзям, думаюць і гавораць ня толькі пра сябе, а пераважна пра іншых».

Паводле Наталлі Мацкевіч, працаваць адвакатам па гэтай справе было няпроста.

«На кожным этапе, асабліва папярэдняга расследавання, і ў судзе мы сутыкаліся з тым, што нашы абаснаваныя дамаганні і ўказанні не знаходзілі такога водгуку як гэта адпавядала б закону. Былі перашкоды і ў наведванні, парушэнні прэзумпцыі невінаватасці, наш калега Аляксандр Пыльчанка быў пазбаўлены свайго статуса, а яшчэ адзін адвакат быў узяты пад варту, – кажа Наталля Мацкевіч. – Усё гэта ня можа не насцярожваць. Але мы не баяліся, мы рабілі ўсё, што маглі, таму нам за сябе ня сорамна і мы яшчэ толькі на пачатку дарогі».

Што з сынам Віктара Бабарыкі?

Пад час працэсу згадвалася імя сына Віктара Бабарыкі Эдуарда. Што са справай, якую завялі супраць яго?

«Усе абставіны, ясныя і дакладныя факты кажуць пра тое, што гэта палітычны матыў». Адвакаты Віктара Бабарыка пра яго апошняе слова ў судзе
Эдуард Бабарыка

Эдуард Бабарыка быў затрыманы разам з бацькам, калі яны ехалі здаваць подпісы ў выбарчую камісію. Яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ і абвінавачваюць па артыкуле 243 (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэксу.

«З Эдуардам Бабарыка і іншымі затрыманымі ў мінулым чэрвені сітуацыя прыкладна аднолькавая. Мы нават у гэтым пасяджэнні даследавалі дакументы, па якіх іх затрымлівалі. Апроч Кабяка, усе хто тут (у справе «Белгазпрамбанку», ) знаходзіцца з абвінавачаных, затрыманыя былі па артыкуле 243 ці 235, гэта ўхіленне ад выплаты падаткаў і «легалізацыя» сродкаў, здабытых злачынным шляхам. І гэта ня тая «легалізацыя», якая была ў нас у працэсе, бо апісваюцца абсалютна розныя дзеянні. То бок яны затрыманыя ў рамках той справы і яна дагэтуль ня скончаная. Справа аб хабары, якую разглядаў суд, выдзелена з агульнай справы па падатках, а тая справа знаходзіцца дагэтуль у следчым упраўленні КДБ. І Эдуард па ёй праходзіць як абвінавачаны. Пакуль па той справе нічога ня вырашана і мы ня можам нешта прагназаваць», – кажа адвакат Яўген Пыльчанка.

Гэтак жа па той справе аб падатках праходзіць падабаронная Яўгена Пыльчанкі Святлана Купрэева, а таксама памочнік Віктара Бабарыкі Дзмітрый Карака, які быў затрыманы таксама ў чэрвені мінулага года.

«Яны сядзяць, хаця абставіны, якія апісаны ў нашым абвінавачанні (па справе «Белгазпрамбанку») відавочна тычацца і падаткаў. То бок мы маем два абвінавачанні, якія прад’яўлены па адных і тых жа дзеяннях. І ў пэўным сэнсе наш працэс можа выключаць крымінальны пераслед па той справе. То бок пасля прысуду можна разлічваць, што ў той справе будзе нейкі зрух. Таму што яны ня змогуць яшчэ пераследаваць па артыкуле за падаткі, калі за гэта ўжо асудзілі як за хабар. Таму прагнозаў ніякіх няма, у суда яшчэ ёсць магчымасць вынесці апраўдальны прысуд па гэтай справе. Але калі ён будзе абвінавачвальным, то ёсць падставы чакаць, што нешта зменіцца ў лёсе Эдуарда і астатніх затрыманых па падатках».

Паводле Яўгена Пыльчанкі, што цяпер адбываецца з падатковай справай пакуль не зразумела.

«Па ёй нічога не адбываецца ўжо напэўна паўгады. Усё сканцэнтравана на гэтым (па справе «Белгазпрамбанку») працэсе. Калі раптам яна пачынае далей расследавацца і яе раптам перадаюць у суд, то Віктар Бабарыка пакуль што з яе ня выключаны. Па нашым меркаванні няма падставаў расследаваць падаткі, калі ўжо гэта прызналі тут хабарам».

Што за справа «Белгазпрамбанку»?

Справу топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанка» разглядае Вярхоўны суд. Апроч Віктара Бабарыкі яе фігурантамі зʼяўляюцца сямёра чалавек, гэта былыя намеснікі Віктара Бабарыкі і кіраўнік кампаніі «Актыўлізінг».

Віктара Бабарыку абвінавачваюць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай (частка 3 артыкула 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 235 КК).

Віктар Бабарыка не прызнаў віну. Астатнія фігуранты поўнасцю прызналі віну, з шасцю абвінавачанымі заключаны дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве.

«Складана складзенае абвінавачванне, якое ня зможа пераказаць
сваімі словамі ні адзін з абвінавачаных, у гэтай справе стварае ілюзію
наяўнасці злачынства – складанага і заблытанага. А абʼём справы стварае бачнасць наяўнасці нейкай доказнай базы. Але гэта толькі бачнасць», – сказаў у сваёй прамове ў судзе адвакат Дзмітры Лаеўскі.

Віктар Бабарыка ў сваіх паказаннях 6 красавіка 2021 года заявіў, што
хабараў ні ў якім выглядзе не атрымліваў. Паводле Дзмітрыя Лаеўскага, абвінавачаннем гэтыя паказанні Бабарыкі не абвергнутыя,
«таму што ні ў дзеяннях Віктара Бабарыкі, ні ў дзеянні яго намеснікаў
прыкмет атрымання хабару не пацверджана». Абарона просіць апраўдаць у поўным абʼёме Віктара Бабарыку і яго намеснікаў па абвінавачванні ў атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры ад прадстаўнікоў кампаній «Актыўлізінг» і праекта DELAY.

Віктар Бабарыка цягам 20 гадоў кіраваў ААТ «Белгазпрамбанк»,
і за гэты час банк з невялікага стаў адным з 5-ці найбуйнейшых банкаў
Беларусі, атрымаў разнастайныя ўзнагароды і прызнанне, прыбытак банка вырас шматкроць (што не аспрэчвалася нікім з дапытаных
супрацоўнікаў банка). Паводле адваката Дзмітрыя Лаеўскага, тут Віктар Бабарыка праявіў сябе як эфэктыўны менеджар, пад кіраваннем якога вялікая каманда ў канкурэнтнай барацьбе з дапамогай прафесійных ведаў дасягнула поспеху.

«Віктар Бабарыка рэалізаваў грамадскія праекты, беспрэцэдэнтныя для Беларусі: культурны хаб «ОК16» у Мінску, вяртанне ў краіну карцін мастакоў «Парыскай школы», форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ», дабрачынны фонд «Шанец», выданне кнігі Святланы Алексіевіч, – сказаў у сваёй прамове Дзмітрый Лаеўскі. – Паказваючы, што беларусам ёсць чым ганарыцца, Віктар Бабарыка праявіў сябе ня толькі як мецэнат, але як патрыёт Беларусі».

Алесь ДАШЧЫНСКІ

Поделиться ссылкой: