Як у Вялікім Боры Русалку вадзілі
Вікторыя Харошка. Русалле-2021. Фота аўтара.

У вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна здаўна ладзяць ці не самы прыгожы старадаўні летні абрад «Провады Русалкі», або проста – Русалле. Лічыцца, што падчас вяснова-летняга цвіцення русалкі, гэтыя міфічныя істоты з тварам прыгажуні, доўгімі валасамі і рыбіным хвастом, выходзяць з вады ці з бору і гуляюць на прасторы. Прашчуры праводзілі Русалле, каб паспрыяць урадлівасці зямлі, зберагчы пасевы ў полі і гародзе, развітацца з вясной-зеляніцай.

Пракуды для малых і дарослых

Адна з самых галасістых і адданых абраду вялікаборскіх спявачак Галіна Харошка неяк па-змоўніцку, нібы выдае вялікую таямніцу, распавядае:

Русалкі – яны ж ходзяць па вёсцы, жыта калашмацяць, дзяцей топяць у сажалках, коням грывы заплятаюць. Баяліся мы іх праз тое, што, як казалі нашы бабулі, Русалка можа нават даць смаловую цыцку. І калі мы прагонім яе ў жыта, то на цэлы год ад яе пазбавімся. Раней жа як было: возмеш маці за спадніцу дый бяжыш. Яны праводзяць Русалку, і мы ўсе за імі, бо так хочацца прайсці за Русалкай, такі інтарэс разбіраў. Даўней жа вялі Русалку ў поле з двух канцоў вёскі.

Як у Вялікім Боры Русалку вадзілі
Галіна Харошка з унучкай. Русалле-2021. Фота аўтара.

Галіна Аляксееўна хоць і з кавенькай, але ўсё адно прыйшла на свята. І ўнучку Марыйку з сабою прывяла – тая з бацькамі жыве ў Калінкавічах, а на лета прыязджае пагасціць у бабулі ды заадно Русалку пабачыць.

Так павялося, што адразу пасля Сёмухі ў Вялікім Боры пачынаецца русальны тыдзень. У гэты час мясцовыя жанкі агарод не полюць, зямлю не рыхляць. Забараняецца. Ведаюць: па свежым следзе Русалка хутка гаспадароў знойдзе. Яна ж цягаецца ўсюды, наваколле аглядае. Вось разгневаецца і шкоды наробіць: агарод і палеткі стопча, градам паб’е, смаляную цыцку малому дзіцяці дасць, а то і мужыка звадзіць.

Як у Вялікім Боры Русалку вадзіліТаму пад вечар у наступную нядзельку пасля Сёмухі – сёлета гэта прыпала на 27 чэрвеня – жыхары апранаюць вышыванкі, плятуць з зёлак вянкі: маленькія на галаву, вялікі супольны – для працэсіі. А яшчэ выбіраюць Русалку – прывабную вясковую дзяўчыну з добрым і вясёлым характарам. Яе адмыслова ўпрыгожваюць зялёным убраннем – веццем бярозы, папараці, краскамі-зёлкамі, што буяюць у гэтую пару.

Галоўная роля – у Вікі

Надзвычай адказную ролю ў мінулую нядзелю даверылі былой выпускніцы школы, а зараз студэнтцы педагагічнага каледжа Вікторыі Харошка.

– Ці адчуваеце ў сабе чарадзейную сілу, магію? – пытаюся ў Вікі.

– Сіла мне не зашкодзіць: столькі зёлак начаплялі. А пра магію скажу, калі сесію здам на выдатна – яна ў аўторак пачынаецца, – жартуе Русалка-Віка.

Галоўнай асобе абраду падабралі ахоўнікаў: старшакласнікаў Данілу і Кірыла Харошкаў. І нават «узброілі» – ладнымі пучкамі крапівы.

– Мы ахоўваем Русалку, ажно пакуль не адпусцім у жыта. Гэта каб ніхто дачасна не зрываў з Русалкі зялёнае ўбранне альбо не адпусціў яе ў балота. Мне падаецца, што жыве яна ў балоце, – кажа Кірыл.

– А Русалка для вас, яна якая – добрая ці ліхая?

– Ну яна… па-першае, прыгожая, – хлапец ківае на Віку. – А ўвогуле Русалка розная – яна і добрая, і злая. Яна ўсё можа! Галоўнае – не гнявіць яе, даць прыродзе ў гэты русалчын тыдзень набрацца моцы. І калі потым хораша праводзіць Русалачку, то і людзям дабро будзе.

Калі зялёны ўбор удзельнікаў абраду быў завершаны, усёй спеўнай працэсіяй рушылі з велікаборскага сквера па вуліцы ў бок жытнёвага поля. І палілася, пакацілася па ваколіцы тутэйшая абрадавая песня:

Правяду, правяду Русалачку да бору,
А сама, малада, пайду ў камору.
Правяду, правяду Русалачку да грушкі,
А сама, малада, пайду ў падушкі.

Наперадзе працэсіі – Русалка з ахоўнікамі, за ёй – вясковыя жанкі, галоўныя захавальніцы традыцыі: Галіна Харошка, Жанна Харошка, Яўгенія Бізунова, Валянціна Шубянок, Эма Кузьменка, Алена Гатальская. Да іх далучылася моладзь з Хойніцкага раённага Дома культуры ў нацыянальных строях.

Адраджэнне традыцыі

Провады, ці ваджэнне, Русалкі ў Беларусі бытавала ў актыўнай форме і сто, і дзвесце гадоў таму ў Брагінскім, Лоеўскім, Любанскім раёнах. Ёсць уяўленні пра русалак у Кармянскім, Веткаўскім, Добрушскім раёнах. У застойныя камуністычныя часы абрад быў пад забаронай, бо не стасаваўся з тагачаснай ідэалогіяй.

У новай суверэннай Беларусі найбольш поўна і відовішчна старадаўні абрад аднавілі чвэрць стагоддзя таму менавіта ў Вялікім Боры. І зроблена гэта было высілкамі найперш двух чалавек – мужа і жонкі Анатоля і Жанны Харошкаў, калі ён быў дырэктарам сельскага Дома культуры, а яна – прыбіральшчыцай і мастацкім кіраўніком на паўстаўкі адначасова. Анатоль пачынаў кінамеханікам, з маленства ўвабраў у сябе народныя песенныя традыцыі. Жанна тым больш. Яны і сталі гуртаваць вялікаборскіх жанок, каб адрадзіць абрад.

– Па першым часе я нават сама была Русалкай. І Мікалай Анікеенка, завадны такі вясковы весялун, выконваў ролю Русалкі, бо не было каму, – згадвае Жанна Уладзіміраўна.

Абрадавыя песні Жанна чула ад сваёй бабулі Праскоўі, а словы запісала пад дыктоўку мамы Соф’і Бондар.

– Мая маці мяне ўсім песням панавучвала. А колькі кабет з жыцця пайшлі!.. Баба Жанна як спявала! Свякруха мая хораша спявала – зычны такі голас быў у яе! А яшчэ ў нашай вёсцы камічная бабуля была – Ганна, Лукашова на яе казалі. Яна каля агню асабліва дзівачыла. Напіхае сабе за пазуху чаго-кольвечы – і за дзецьмі. «Ідзіце, мае дзетачкі, смаловую цыцачку дам», – так казала. Дзеці так баяліся Ганны ў гэтай ролі, што ўцякалі хто куды. У жыта потым за валошкамі ўжо не лазілі, – расказвае спадарыня Харошка.

Як у Вялікім Боры Русалку вадзіліАсаблівы статус

Калі абрад Русалля набыў розгалас, пра яго сталі пісаць СМІ і здымаць відэа, Анатоль Іванавіч і Жанна Уладзіміраўна разам з унучкай (яна таксама іграла Русалку) і найлепшай спявачкай Галінай Харошка прэзентавалі адроджаны велікаборскі абрад у Міністэрстве культуры. І ўжо на прапанову міністэрства Саўмін надаў «Русаллю» статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Але ў Вялікім Боры мясцовыя ўлады чамусьці паспяшаліся адправіць мужа і жонку Харошкаў з пасад культработнікаў на заслужаны адпачынак, спасылаючыся на іхні пенсіённы ўзрост.

– Усё адно, пакуль мы жывём, наша вёска будзе праводзіць Русалку. Сёлета я пайшла, але не спявала праз жалобу па бацьку. Зараз наогул жанчын-спявачак, носьбітаў фальклорных традыцый, у вёсцы паменела ў разы. А калі мы занядужаем ці нас не будзе, то не ведаем, ці захаваецца Русалле. Трэба, каб у школах вывучалі лепшыя фальклорныя традыцыі, – лічыць Жанна Харошка.

І бяжыць Русалка ў жыце

Тым часам русалкавае шэсце з песнямі ідзе-гудзе ў канец вуліцы Садовай. За сядзібамі паабапал дарогі каласіцца збажына, што мяжуе з высокім борам. І вось дзіва: дождж цэлы дзень круціўся ў Вялікім Боры і вакол яго, а за якую паўгадзіны да працэсіі пераціх. Русалка паспрыяла ці велікаборцы самі выпрасілі літасці ў неба, пайдзі разбярыся.

За вёскай пры скрыжаванні дарог ужо гарыць невялікі касцёр, разведзены з колатых дроў дбайнымі велікаборскімі мужыкамі. Сюды прыйшлі не толькі вяскоўцы, дзятва і дарослыя, але і прыехалі з навакольных паселішчаў на ўласных машынах іншыя цікаўныя беларусы.

Русалкавая працэсія, паклаўшы асноўны вянок каля вогнішча, ладзіць вакол яго карагод, зноў-такі са своеасаблівымі песнямі. У гэтым абрадавым коле і Русалка. І настае сакральны момант у свяце: жанкі бяруць вялікі зялёны вянок і, махаючы над полымем, ачышчаюць яго. Просяць у Русалкі спакою, здароўя і добрага ўраджаю. Над агнём выганяць злыя сілы і з маленькіх вянкоў – іх нясуць дахаты і кладуць на грады: «Каб капуста была не меншай па акружнасці, як вянок на галаве». Ну і, канешне, усе іншыя культуры на гародзе не падкачалі.

Калі ачышчаныя-асвечаныя зёлкі разабралі-расхапалі як «эліксір» урадлівасці, ахоўнікі вядуць Русалку да жыта, якое ўдалечыні мяжуе з борам, і адпускаюць. Моладзь з радаснымі воклічамі кідаецца за галоўнай асобай у пагоню, каб абарваць на бягу з яе зялёнага ўбрання хоць якую зёлку. Яны ж цудадзейныя: поле ці гарод, дзе ляжыць вецце ці папараць з убрання Русалкі ці русалчынага вянка, дае найбольшы ўраджай. І навалы ўсякія мінаюць іх бокам, у тым ліку і гаспадароў, асабліва калі яшчэ і праз вогнішча скочыць. Фэнтазі? Дык у чалавека ж мусіць быць свая прастора для фантазіі і таямнічасці.

Анатоль ГАТОЎЧЫЦ
Вялікі Бор – Хойнікі – Мінск
На здымках: Русалле-2021. Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»