Іван Ціхан. Фота: sputnik.by.

Для Івана Ціхана гэта будуць ужо шостыя Гульні.

Днямі стала вядома, што беларускі кідальнік молата Іван Ціхан ва ўкраінскім Луцку перамог на этапе Кубка Украіны і такім чынам заваяваў алімпійскую ліцэнзію.

Гэтым самым Іван пабіў рэкорды многіх, бо алімпійскія спаборніцтвы ў Токіа, якія пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня, стануць для спартсмена шостай Алімпіядай. Пры ўсім тым, што 24 ліпеня яму споўніцца 45 гадоў.

Адметна і тое, што зараз Іван Ціхан – дзеючы старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, таму выступленне на Алімпіядзе спартсмена, які адначасова з’яўляецца функцыянерам, яшчэ больш інтрыгуе.

Калі хто не ведае, то Ціхан з’яўляецца неаднаразовым прызёрам Гульняў. У 2014 годзе лёгкаатлет быў дыскваліфікаваны за станоўчую допінг-пробу 2005 года. Пасля Алімпіяды-2008 Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі таксама абвінавачваліся ў выкарыстанні допінгу, але выйгралі двухгадовую цяжбу з Міжнародным алімпійскім камітэтам, і ўзнагароды беларускім атлетам вярнулі.

Дарэчы, калі зараз Іван выканаў алімпійскі нарматыў, адным з першых яго павіншаваў менавіта Вадзім Дзевятоўскі, які да гэтага таксама быў кіраўніком Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

«Не сумняваўся, што Іван заваюе ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа, – адзначае Вадзім. – Гэта яго шостая Алімпіяда! Такое спартыўнае даўгалецце можна растлумачыць максімальным прафесіяналізмам і адданасцю кіданню молата. А калі ведаць, праз што Іван прайшоў у спартыўным лёсе, то яго сённяшняе выступленне – проста фантастыка! У 45 гадоў кідаць молат туды, куды кідае Іван, нікому не ўдавалася, і не ўпэўнены, што ў будучыні гэта будзе каму-небудзь па сілах».

Цікава, што ў мінулым годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў Вадзім Дзевятоўскі напісаў на сваёй старонцы «Лукашэнка – не мой прэзідэнт», а вось Іван Ціхан падтрымаў апошняга.

«Дзякуй табе, дарагі, у адрозненне ад іншых ты аказаўся патрыётам, – заявіў затым Лукашэнка. – Сустрэнемся – пагаворым. Дзякуй, Ваня, дзякуй!»

У верасні мінулага года ў Мінску прайшла пазачарговая канферэнцыя Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, дзе замест Вадзіма Дзевятоўскага новым старшынёй быў абраны менавіта Іван Ціхан. Сёння ён штурмуе новыя вышыні…

Публікацыя – з № 47 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»