Сцяпан Папоў

Вядомы беларускі самбіст распавёў, чаму ён мае намер зрабіць перапынак у кар’еры.

Сцяпан Папоў – чэмпіён свету і Еўропы, пераможца I Еўрапейскіх гульняў.

Пра яго джэнтльменскі ўчынак у фінале Еўрапейскіх гульняў у Баку пісалі многія. Тады беларускім самбіст перамог балявым прыёмам чэмпіёна свету Аміля Гасімава, а затым вынес яго пад авацыі публікі ў распранальню, бо азербайджанскі спартсмен сам не мог ісці.

Пасля выбараў мінулага года Сцяпан Папоў падпісаў зварот спартсменаў супраць гвалту і з патрабаваннем новых, свабодных, выбараў, а затым неаднаразова публічна выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю.

«Увесь гэты час я стараўся трэніравацца кожны дзень, – паведаміў зараз спартсмен. – Гэта мне давала сілы і забірала адмоўныя эмоцыі. Але пасля арышту Косці (трэнер Канстанцін Якаўлеў. – Аўт.) я яшчэ не правёў ніводнай трэніроўкі. Шакіруе тое, за што чалавеку далі 15 сутак…

Сумны час для спорту. Салідарнасць, яднанне і заклік да спорту – злачынства. З краіны з’язджаюць таленавітыя трэнеры і спартсмены. Спаборніцтвы для чыноўнікаў, а не для балельшчыкаў. І часам наведваюць думкі, што трэба абраць больш лёгкі шлях, завязаць са спортам і заняцца іншай справай, якая дазволіць зарабляць грошы на жыццё. Бо ў нашай краіне, на жаль, спорт – гэта больш хобі, чым стабільны заробак.

Але свой характар мне не падмануць. Я люблю сваю справу, люблю спорт, люблю барацьбу….

Цяпер мне патрэбны проста невялікі адпачынак, перапынак. Пісаць і заклікаць да сумлення сваіх калег ужо не мае сэнсу. Кожны паказаў, хто ёсць хто. І ўсе ўсё разумеюць. Я зрабіў усё, што было ў маіх сілах. І, хаця страціў многае, мне лёгка і спакойна на душы. А гэта галоўнае. Сумленне не падманеш.

Якім далей будзе мой шлях – вядома толькі Богу. Але я хачу быць у спорце, застацца ў сваёй краіне і змагацца за свабоду і справядлівасць…»

Публікацыя – з № 47 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»