На чэмпіянаце Еўропы па футболе пачынаюцца матчы плэй-оф.

23 чэрвеня закончыліся гульні групавога этапу, далей – барацьба толькі на выжыванне.

У кожнага беларускага балельшчыка свае куміры. Нехта падтрымлівае зборную Германіі, хтосьці перажывае за галандцаў, камусьці падабаюцца каманды Украіны ці Расіі. Праўда, апошнія дзве занялі ў сваіх групах апошнія месцы, таму для іх свята ўжо скончылася.

Хаця калі казаць пра расійскую каманду, то зараз больш абмяркоўваюць не іх «аніякую» гульню, а тое, колькі зарабляе галоўны трэнер зборнай Станіслаў Чарчэсаў.

Аказваецца, настаўнік расійскай зборнай – адзін з самых высокааплатных трэнераў у Еўропе. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, яго гадавы заробак складае ні многа ні мала 2,5 мільёна еўра! Пры ўсім тым, што каманда заняла ў групе апошняе месца!

Заробак Чарчэсава амаль у два разы большы, чым у Раберта Марцінеса – галоўнага трэнера зборнай Бельгіі, якая заняла ў сваёй групе першае месца. І палічыце, у колькі разоў ён перавышае заробак галоўнага трэнера зборнай Фінляндыі Марку Канервы, які мае сціплыя 180 тысяч еўра ў год. Хаця фіны абышлі расіян у групавой турнірнай табліцы.

Дарэчы, такую высокую зарплату тлумачылі так: маўляў, вялікая рызыка таго, што пасля правальнага выступлення спецыяліст на працяглы час можа застацца без працы, таму яму трэба стварыць «падушку бяспекі».

Вось ужо праўду кажуць: розумам Расію не зразумець! Калі зыходзіць з гэтага, то настаўніку беларускай зборнай па футболе трэба выпісваць не менш за 4–5 мільёнаў еўра ў год. Правал там зараней будзе забяспечаны, а чалавеку затым трэба на нешта жыць.

Зрэшты, і тыя ж фіны, і датчане паказалі на чэмпіянаце: не ўсё тое золата, што блішчыць, і грошы – не самае галоўнае ў гульні. Ёсць яшчэ сапраўдны патрыятызм, пісьменныя трэнеры і таленавітыя ігракі. І чэмпіянат Еўропы гэта пацвярджае. А самыя цікавыя матчы ў нас яшчэ наперадзе. Усё толькі пачынаецца…

У 1/8 фіналу згуляюць:

26 чэрвеня Уэльс-Данія, Італія-Аўстрыя;

27 чэрвеня Нідэрланды-Чэхія, Бельгія-Партугалія;

28 чэрвеня Іспанія-Харватыя, Францыя-Швейцарыя;

29 чэрвеня Англія-Германія, Швецыя-Украіна.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»