Алег Кокаш

66-гадовага пенсіянера з Навагрудка Алега Кокаша аштрафавалі на 2900 рублёў за тое, што 9 Мая на гарадской плошчы ён фатаграфаваў тэлефонам, на якім была налепка з «Пагоняй». Дарагі фотаапарат у яго канфіскавалі да выплаты штрафу, а чахол ад тэлефона з налепкай суд пастанавіў знішчыць. Абласны суд пакінуў рашэнне без змен.

«Я 30 гадоў фатаграфую ўсе мерапрыемствы…»

Алег Купрыянавіч Кокаш, абскарджваючы ў Гродзенскім абласным судзе, на яго погляд, несправядлівае рашэнне Навагрудскага суда, распавёў, што фатаграфуе ў родным горадзе ўсе значныя мерапрыемствы з 1972 года. Усё сваё свядомае жыццё ён працаваў фатографам – пачынаў у Доме быту, а пазней стаў індывідуальным прадпрымальнікам.

«Мяне як фатографа ў Навагрудку ведае кожны другі, – распавядаў ён у судзе. – Бо я фатаграфаваў людзей і персанальна, і на розных святах, мерапрыемствах, урачыстасцях.

І сёлета ён традыцыйна выйшаў 9 Мая на цэнтральную плошчу горада, каб не толькі адзначыць Дзень Перамогі, а і ўвекавечыць гэта на сваіх здымках.

З сабой у яго быў дарагі фотаапарат Nikon і тэлефон. Імі ён па чарзе фатаграфаваў падзеі, якія адбываліся на цэнтральнай плошчы. На тэлефоне ў яго была налепка з «Пагоняй», і на рамні фотаапарата прымацаваны невялічкі значок з гістарычным гербам, які спадар Кокаш насіў з сабою амаль 30 гадоў.

Нечакана да яго падышоў маёр Максім Урбан і запатрабаваў прайсці з ім. На пытанне Алега Купрыянавіча, на якой падставе яго затрымліваюць, маёр адказаў, што ў яго на тэлефоне значок «Пагоня». Кокаш пачаў абурацца, што «Пагоня» – афіцыйна зарэгістраваны сімвал, але маёр настаяў на сваім.

Як фатографа пакінулі без фотаапарата
Выява «Пагоні» ў Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі

У міліцыі на Кокаша склалі пратакол за правядзенне несанкцыянаванага пікета. Усе яго довады аб тым, што знак «Пагоня» ахоўваецца дзяржавай, занесены ў агульнарэспубліканскі рэестр гістарычных каштоўнасцяў, на мясцовых міліцыянераў уражання не зрабілі. Мужчыну адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання Карэліцкага РАУС, дзе ён прасядзеў трое сутак.

– Гэта былі страшныя суткі, – згадвае пенсіянер. – Я там пакінуў рэшткі свайго здароўя, бо ў камеры было сыра і холадна, яе нібыта адмыслова выхаладзілі перад тым, як мяне туды пасадзіць. Ды і што я зрабіў, каб мяне з Навагрудка везлі ў ізалятар у Карэлічы?

Кокаш прызнаецца, што яму было вельмі крыўдна за такое абыходжанне з ім. Маўляў, ён сталы чалавек, у яго ўжо пяць унукаў, а яго, як апошняга хулігана, засунулі за краты.

«Я думаў, суддзя разбярэцца»

У судзе супраць Кокаша сведчыў той самы маёр Урбан. Ён распавёў, што падставай для складання пратакола стала тое, што Кокаш нібыта раней яму распавядаў аб сваёй прыналежнасці да партыі АГП. А паколькі, маўляў, ён начапіў значок «Пагоня», то такім чынам выказваў свае грамадска-палітычныя погляды і дэманстратыўна паказваў грамадзянам значок, а значыцца, праводзіў адзіночны пікет, які не быў санкцыянаваны ўладамі.

Кокаш заявіў суду, што складзены на яго пратакол – поўны абсурд.

– Я зацытаваў з закона азначэнне пікета, звярнуў увагу на тое, што гэта не мае нічога агульнага з тым, у чым мяне абвінавачваюць. Затым я звярнуў увагу суда на тое, што сімвал «Пагоня» афіцыйна зарэгістраваны ў дзяржаўным рэестры, нагадаў, што ў Навагрудскім музеі ён, памерам метр на паўтара, знаходзіцца на бачным месцы.

Самае прыкрае, паводле слоў Кокаша, было тое, што суддзя Ігар Ваўчок усё ўважліва выслухаў, а напрыканцы пасяджэння аб’явіў: сто базавых велічынь штрафу. Гэта 2900 рублёў! Пенсіянеру! Акрамя гэтага, паводле рашэння суда, канфіскавалі фотаапарат, аб’ектыў, тэлефон і значок з «Пагоняй». Прычым, значок і чахол фотаапарата з налепкай суд пастанавіў знішчыць.

«У абласным судзе мяне таксама выслухалі…»

Тыя самыя аргументы Алег Купрыянавіч прыводзіў і ў абласным судзе. І суддзя Дзмітрый Бубенчык таксама ўважліва яго выслухаў, але довады Кокаша да ведама не прыняў і пакінуў рашэнне Навагрудскага суда без змен. 

Алег Купрыянавіч вельмі ўзрушаны: як можа беларускі суд выносіць рашэнне знішчыць значак «Пагоня»?! Кажа, што не можа з гэтым змірыцца, яму гэта нават сніцца, адчаго ён прасынаецца сярод ночы.

– Я ганаруся, што жыву ў першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, «Пагоня» была гербам гэтай дзяржавы – гэта наша гісторыя, а мяне за яго судзяць. Гэта поўны абсурд! – абураецца жыхар Навагрудка Алег Кокаш.

Што датычыцца таго, ці падаваць апеляцыю ў вышэйстаячую інстанцыю, – Алег Купрыянавіч моцна задумаўся. Пенсія ў яго ўсяго 360 рублёў, а ўжо зараз трэба выплачваць 2900, ды і падача чарговай апеляцыі каштуе грошай.

Дарэчы, пенсіянер распавёў, што да гэтага яго ўжо тройчы затрымлівалі падчас пратэстных акцый у Навагрудку і тройчы судзілі.

– Але на ўсіх гэтых акцыях я толькі здымаў тыя падзеі, якія адбываліся ў маім родным горадзе, – канстатуе Кокаш. – Прафесія ў мяне такая – фатограф. І нават на пенсіі я не магу жыць без фатаграфіі.

Пасля судовых разбіральніцтваў Алег Купрыянавіч напісаў заяву на імя старшыні Навагрудскага райвыканкама з просьбай выдаць яму афіцыйны дазвол на нашэнне значка «Пагоня», спаслаўшыся на пастанову Савета Міністраў №578 ад 14 мая 2007 года, якой «Пагоня» ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Публікацыя – з № 47 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»