Хадзіць у народ – улюбёны занятак усіх прэзідэнтаў. І дэмакратычна абраных, і дыктатараў. Дастаткова адзін раз пабачыць, як з’яўляецца на публіцы, напрыклад, кіраўнік Паўночнай Карэі, каб пераканацца, што народная любоў можа выглядаць як заўгодна – ад бязмоўнага ступару да ліхаманкі ў абвостранай стадыі. А калі натоўп ліхаманіць, самая спрактыкаваная ахова дае маху.

Што і адбылося нядаўна ў Францыі, калі Эманюэлю Макрону захацелася народнай любові зблізку. Даверліва паціскаючы рукі выпадковым прахожым, ён ад аднаго з тэмпераментных суайчыннікаў атрымаў… аплявуху. Перажыў тое, што французы называюць «c’est la bérézinа» – гэта значыць, поўны капец і канфуз. Спецслужбы тут жа высветлілі імя «тэрарыста». Ім аказаўся нейкі Дэміан Тарэл, прыхільнік «Mein Kampf» і Савецкага Саюза (ёсць, аказваецца, і такія). Суд, не доўга думаючы, даў яму чатыры месяцы турмы.

Чатыры месяцы – за аплявуху прэзідэнту ў жывым эфіры. Аддамо належнае Макрону – ён зрабіў выгляд, што не абразіўся і не кінуўся ў Елісейскі палац рабіць дурнап’янавыя прымочкі. Вытрымка проста напалеонаўская.

А цяпер з далёкай Францыі вернемся ў родненькую Беларусь і паглядзім, чым адрозніваецца французская і беларуская Феміды. Беларускай, як вядома, апошнім часам няма калі і вачэй развязаць – працуе, можна сказаць, без выхадных, прысуд выносіцца за прысудам. Нярэдка трапляюцца сярод іх і «за абразу прэзідэнта» (артыкул 358 Крымінальнага кодэкса). Прыгадаем некалькі спраў.

Сяргей Бурак з Мастоў проста перапосціў у мясцовым тэлеграм-канале вядомую ўсім з маленства карцінку – як рэпку вырывалі. Помніце – дзедка за рэпку, бабка за дзедку, унучка за бабку, сучка за ўнучку, мышка за сучку… Рэпа, праўда, была вусатая. І вось за тую рэпу Бурак атрымаў два гады. За бяскрыўдную карыкатуру, смеху вартую, як на добры розум, а не крымінальнага артыкула.

Яшчэ больш суровы прысуд чакаў магіляўчан Вольгу Клімкову, Сяргея Скока і Максіма Сяргеенку – за вырабленыя з саломы лялькі, якія камусьці кагосьці нагадалі. А паколькі лялькі тыя яшчэ і віселі на пуцяпровадах над аўтастрадай, то знойдзеных лялькаводаў суд (у закрытым рэжыме) звінаваціў па поўнай і прыгаварыў да трох з паловай гадоў няволі (хоць максімальны тэрмін па арт.368 – тры гады). Чатыры месяцы за публічную аплявуху і тры з паловай гады за саламяную ляльку – адчуйце, як кажуць, розніцу.

Брэстчанін Алег Асаула, наглядзеўшыся ў інтэрнэце жорсткіх вулічных разгонаў мірных шэсцяў, не вытрымаў, набраў нумар 102 і выказаў усё, што думае пра грамадзяніна Лукашэнку. Коратка і ясна. Пяцісекундны званок абышоўся яму ў тры гады «хіміі». Язык мой – вораг мой? Але і маўчаць у той сітуацыі мог толькі нямы…

Падобных прыкладаў я мог бы прывесці дзясяткі. За шмат гадоў пакрыты пылам незапатрабаванасці артыкул 368 раптам спатрэбіўся і стаў прымяняцца налева і направа – за малюнкі і лялькі, за выказванні ў інтэрнэце і надпісы на плоце. Прысуды тыя, як можна меркаваць, выносяцца з маўклівай згоды героя малюнкаў і надпісаў, які сам, між іншым, з’яўляецца непадсудным. Гэта ў той жа Францыі на вышэйшую службовую асобу можна падаць у суд, у Беларусі заканадаўства такіх вольнасцяў не прадугледжвае. Вось і вымушаны людзі выказвацца ўсімі даступнымі спосабамі. Ад безвыходнасці, можна сказаць.

Паспрабуем уявіць, што здарылася б, які шурум-бурум узнялі б нашы дзяржаўныя СМІ, калі б (нават страшна падумаць!) аплявуху атрымаў бы непадсудны.

Азаронак з тэлеэкрана дзён пяць расказваў бы пра спробу няўдалага дзяржперавароту, пра раскрытую тэрарыстычную ячэйку групы Зяньковіча–Фядуты–Кастусёва, пра тое, што ніводзін мускул не здрыгануўся на твары пацярпелага.

Мукавозчык тут жа заклікаў бы жыўцом закапаць «мразь, поднявшую руку на гаранта», і ўтрамбаваць зямлю прыгнанай з Печаў танкавай калонай.

Яго каляжанка па «СБ» Гладкая праспявала б гімн бясстрашным сілавікам-ахоўнікам, якія захінулі аб’ект атакі сваімі забронекамізэленымі целамі, а заадно адкапала б у біяграфіі нападніка дзеда-паліцая, прадзеда-эсэсаўца і прабабулю, што служыла ў гітлерюгендзе.

У выніку няцяжка здагадацца, што няшчаснага магла б чакаць і вышэйшая мера. Ну калі за аддалена падобную ляльку – пакаранне суровае, то за аплявуху (тут абразу можна лёгка перакваліфікаваць у замах на бясцэннае жыццё) – і пагатоў.

Вядома, любое параўнанне кульгае, як кажуць тыя ж французы. І, відаць, не зусім дарэчы параўноўваць, як абараняецца гонар і годнасць вышэйшых службовых асоб у Францыі і Беларусі. Ва ўсім цывілізаваным свеце палітычныя карыкатуры не ўспрымаюцца як абраза, іх на дух не пераносяць толькі дыктатары рознай масці. Ім усё здаецца, што народны смех хістае іхнія троны, пагражае іхняй нічым не абмежаванай уладзе. Таму і абражаюцца ад кожнай лялькі ці рэпы.

А ўпэўнены ў сабе лідар не носіцца са сваёй годнасцю як з пісанай торбай, ведаючы, што ніякая карыкатура, ніякі анекдот і нават малапрыемная аплявуха не зняславяць яго. Гэта прыкмета моцнага палітыка.

І таму – брава, месье Макрон!

Публікацыя – з № 47 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»