Працэс пройдзе ў закрытым рэжыме на тэрыторыі гомельскага СІЗА №3.

Судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, блогерамі Уладзімірам Цыгановічам, Дзмітрыем Паповым і Арцёмам Сакавым пачнецца прыкладна праз год пасля затрымання кожнага з іх. Ціханоўскага затрымалі 29 мая 2002 года, Статкевіча — 31 мая, Лосіка — 25 чэрвеня, піша “Наша Ніва“.

Увесь гэты час яны ўтрымліваліся ў СІЗА Мінска і Жодзіна, а ў Гомель трапілі перад самым пачаткам суда. Першапачаткова паведамлялася, што што працэс мае прайсці ў Гомельскім абласным судзе. Аднак у выніку родным абвінавачаных стала вядома, што суд будзе не толькі закрыты, але да таго ж пройдзе ў будынку СІЗА № 3 Гомеля.

Радыё Свабода піша, што ў справе ад 110 да 140 тамоў.

Свабода таксама звяртае ўвагу, што дакладна нават не вядома, у чым абвінавачваюць кожнага з падсудных. Адвакаты ўсіх іх пад падпіскай аб неразгалошванні і не могуць раскрываць дэталі матэрыялаў справы і будучага працэсу. У выпадку Ігара Лосіка адвакат нават не можа назваць трэці артыкул абвінавачання, які Лосіку дадалі ўвесну.

Незразумела таксама, што звязвае некаторых абвінавачаных. Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч казала, што з усіх пяці чалавек, з кім Статкевіч аказаўся на адной лаве падсудных, ён асабіста знаёмы толькі з Сяргеем Ціханоўскім. І то іх знаёмства нельга назваць блізкім. Ігар Лосік таксама да суда не меў кантактаў з іншымі абвінавачанымі. Адносна блізкія кантакты аб’ядноўваюць толькі Сяргея Ціханоўскага і Дзмітрыя Папова з Арцёмам Сакавым.

Вядома таксама, што ў кожнага з падсудных абвінавачанне «сваё». Менш за ўсё «прэтэнзій» у следства аказалася да Міколы Статкевіча. Па словах Марыны Адамовіч, яму пакінулі толькі адзін артыкул КК — 293, арганізацыя масавых беспарадкаў. Аднак, у адрозненне ад іншых фігурантаў справы, Мікола Статкевіч раней ужо быў асуджаны, што робіць яго «рэцыдывістам».

Поделиться ссылкой: