Марына Адамовіч. Фота аўтара.

У аблозе міліцыі і “ціхароў” пачаўся 24 чэрвеня а 10-й гадзіне ў гомельскім СІЗА-3 закрыты судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, Арцёмам Сакавым, Уладзімірам Цыгановічам і Дзмітрыем Паповым.

Вуліцу Кніжную, дзе месціцца ізалятар, перакрыла ДАІ. У двары па вуліцы Савецкай, адкуль таксама відны сцены ізалятара, камунальнікі на пачатку дзесятай гадзіны спешна падграбалі тэрыторыю. Сваякі палітзняволеных казалі, што на працэс меліся прыехаць некаторыя дыпламаты і прадстаўнікі ЕС.

Фота аўтара.
Фота аўтара.

Па абодва бакі ад галоўнага ўваходу-ўезду ў будынак СІЗА дзяжурыла міліцыя ў цывільным, выціскаючы “за перыметр” тых, хто прыйшоў ці прыехаў падтрымаць палітзняволеных. Не чапалі толькі прадстаўнікоў афіцыйнага тэлебачання.

Фота аўтара.

“Адыдзіце далей, зараз будзе выязджаць спецмашына”, – асабіста мяне папярэджваў малады мужчына без форменнага адзення, які выдаваў сябе за супрацоўніка міліцыі, праўда, прозвішча свайго так і не назваў.

Далей ад уваходу прымусілі трымацца нават Марыну Адамовіч, жонку Мікалая Статкевіча – яна адмыслова прыехала ў Гомель падтрымаць мужа, а заадно прывезла яму невялікую перадачу.

– Я не магла не прыехаць: сёння ж пачынаецца суд над Мікалаем і ягонымі так званымі “падзельнікамі”. Суд закрыты. Але буду хоць побач, наколькі гэта будзе мажліва. Мікалай мне раней напісаў, што адмовіўся нават ад знаёмства з гэтай справай. Зрабіў заяву, у якой крымінальную справу назваў цалкам сфальсіфікаванай. Лічыць гэта, скажам так, злачынствам, і саўдзельнічаць у ім ён не збіраецца. Мне вядома, што ён і ў суд накіраваў заяву аб тым, што не збіраецца ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Як усё гэта будзе выглядаць у СІЗА, дзе і Мікалай, і ўсе іншыя знаходзяцца цалкам у залежнасці ад дзяржслужбоўцаў, невядома. І няма, на вялікі жаль, нейкім чынам даведацца, – сказала журналісту “Народнай Волі” жонка палітвязня Статкевіча.

Міліцэйскі “заслон” завярнуў і Дар’ю Лосік, жонку яшчэ аднаго палітвязня – Ігара Лосіка. Гутарым з ёю у ценю дрэваў крыху зводдаль ад “параднага” пад’езду.

Дар’я Лосік Фота аўтара.

– Да мяне падыходзіў нейкі мужчына ў цывільным і патрабаваў паказаць тэлефон, ці не раблю я відэаздымкі. Я адышла. Але буду прыходзіць сюды кожны дзень, пакуль будзе доўжыцца гэты судовы працэс, – кажа Дар’я. – Заўтра роўна год, як мой муж за кратамі. На спатканні мне Ігар сказаў, што, пазнаёміўшыся з матэрыяламі справы, ён не знайшоў ніводнага доказу сваёй віны. Таму і не прызнае абвінавачванне. Лісты ад яго не надта пазітыўныя: ён вельмі перажывае, што не вінаваты і сядзіць столькі часу ў турме. І невядома, колькі яму там давядзецца быць яшчэ.

Паводле інфармацыі Гомельскага абласнога суда, якому на разгляд па першай інстанцыі перададзены матэрыялы крымінальнай справы з Вярхоўнага суда, Сяргей Ціханоўскі, Арцём Сакаў і грамадзянін Расіі Дзітрый Папоў абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 293, ч.3 арт. 130, ч. 2 арт.191, ч. 1 арт. 342. Мікалай Статкевіч абвінавачаны паводле ч.1 арт. 293. ІгаруЛосіку і Уладзіміру Цыгановічу выстаўлена абвінавачанне на падставе ч.1 арт. 293, ч.3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

Поделиться ссылкой: