Судовы працэс у гомельскім СІЗА-3: пытанне допуску

Яшчэ ў маі, калі стала толькі вядома, што ў Гомельскі абласны суд паступіла для разгляду па першай інстанцыі крымінальная справа ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Уладзіміра Цыгановіча, рэдакцыя “Народнай Волі” звярнулася да старшыні  аблсуда Сяргея Шаўцова. У адмысловым лісце ўтрымлівалася замова на акрэдытацыю на згаданы працэс уласнага карэспандэнта газеты ў Гомельскай вобласці Анатоля Гатоўчыца. Адначасова выказвалася ўдзячнасць за разуменне важнасці для грамадства галоснасці падчас ажыццяўлення правасуддзя.     

Чэрвень – не ліпень

Нядаўна “Народная Воля” атрымала адказ на замову за подпісам старшыні Гомельскага абласнога суда Сяргея Шаўцова. У ім паведамляецца наступнае: “Судовае пасяджэнне па крымінальнай справе па абвінавачанні Ціханоўскага С.Л., Сакава А.М., Папова Д.Ю. у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 293, ч. 3 арт. 130, ч. 2 арт. 191, ч. 1 арт. 342 КК; Статкевіча М. В. у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 293 КК; Лосіка I. A., Цыгановіча У.У. у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 293, ч. 3 арт. 130 КК прызначына ў закрытым судовым пасяджэнні 24 ліпеня 2021 года ў памяшканні CI3A-3 УДВП МУС Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці”.

Указаная дата пачатку закрытага судовага пасяджэння (24 ліпеня) – сумнеўна. Справа ў тым, што  праз сваякоў абвінавачаных стала вядома, што  разгляд гучнай крымінальнай справы пачнецца не ў ліпені, як пазначана ў допісе з суда, а 24 чэрвеня. Зразумела, што  патрапіць журналістам  на закрытае судовае пасяджэнне не ўдасца, гэтаксама як і сваякам ды ўсім іншым грамадзянам, хто б хацеў падтрымаць абвінавачаных палітыкаў і блогераў, прызнаных праваабарончымі арганізацыямі палітзняволенымі. Там будуць толькі адвакаты, звязаныя падпіскай пра неразгалошванне.

Апроч таго, у лісце з аблсуда пазначана: “Пытанне допуску на судовае пасяджэнне ў памяшканне CI3A асоб, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі працэсу, вырашаецца адміністрацыяй згаданай установы“. Але які начальнік СІЗА ці нават дэпартамента стане разглядаць “пытанне допуску”, калі судовае разбіральніцтва зроблена закрытым? Як кажуць, спытайце што-небудзь лягчэйшае.

Што хаваць ад грамадскасці?

Канешне, хацелася б, каб былі  патлумачаны  прычыны закрытасці працэсу, зрэшты, як і месца яго правядзення. Нешта не верыцца, што фігуранты справы валодаюць дзяржаўнымі таямніцамі, якія трэба хаваць ад шырокага кола грамадскасці. Артыкулы ж, на падставе якіх абвінавачаны пяцёра беларусаў і грамадзянін Расіі, набылі пасля мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў прыкметы “народнасці” – гэта арганізацыя масавых беспарадкаў, звязаных у некаторых выпадках з так званым збройным супрацівам сілавікам,  а яшчэ – распальванне сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў. Меней ужываны хіба толькі артыкул 191 КК у звязку з пагрозамі на адрас старшыні ЦВК.

Працэсы за калючым дротам

Раней у закрытым рэжыме ў гомельскім СІЗА-3 праходзіў суд над «пажарнікамі» – злачыннай групоўкай, якая арудавала ў рэгіёне ў 90-я гады і пачатку двухтысячных.  Судзілі тады ажно 18 чалавек, уключна з начальнікам крымінальнага вышуку абласной міліцыі. Суд праходзіў у следчым ізалятары, паколькі ў судах горада не было вялікай залы.

Пасля рэканструкцыі былога будынка ўпраўлення мясцовай прамысловасці і пераезду туды абласнога суда, з’явілася дастаткова вялікая зала.  Тры гады таму ў гэтай зале судзілі  ажно паўтара дзесятка мытнікаў, абвінавачаных у хабарніцтве. Пасля таго да сёлетняй вясны ў СІЗА-3 судоў не праводзілі, прынамсі,  шырокай грамадскасці пра іншае невядома.

Толькі сёлета ў красавіку закрытыя суды ў будынку следчага ізалятара нечакана аднавіліся – у закрытым рэжыме судзілі, у прыватнасці,  прэтэндэнта на кандыдата ў прэзідэнты, актывіста Аб’яднай грамадзянскай партыі, былога афіцэра міліцыі Уладзіміра Няпомняшчых. Закрытасць суда дэмакратычная супольнасць Гомеля звязала з апасеннем уладаў, што на пасяджэннях будзе шмат гараджанаў, і яны пачуюць абсурднасць абвінавачванняў супраць 68-гадовага пенсіянера МУС. Яго ў красавіку за “пагрозу гвалту і абразу” прадстаўніцы пракуратуры  пакаралі двума з паловай  гадамі пазбаўлення волі.

Цяперашніх фігурантаў новай крымінальнай справы, якую пачнуць разглядаць 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме, чакаюць  больш суворыя прысуды – некаторым пагражае да 15 гадоў зняволення.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: