Галерэя «Арт-Беларусь» аднаўляе працу і «Ева» Хаіма Суціна вярнулася

Галерэя «Арт-Беларусь» зноў прэзентуе творы з карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк». Гэта калекцыя была арыштаваная год таму ў межах крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі.

Галерэя працуе па адрасе: г. Мінск, вуліца Казлова, 3. Там можна пабачыць творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кніжнага друку – усяго больш за 50 арт-абʼектаў. Новая экспазіцыя прысвечаная гісторыі беларускай культуры перыяду XVI–XX стст. У галерэі прадстаўленыя карціны Марка Шагала, Хаіма Суціна (у тым ліку «Ева»), Восіпа Цадкіна ды іншых сусветна вядомых мастакоў.

На выставе няма 10 карцінаў. Гэта творы, якімі валодае Віктар Бабарыка, і яны дагэтуль застаюцца пад арыштам. Дакладна няма адной карціны, «Аўтапартрэта» Марка Шагала.

Галерэя «Арт-Беларусь» аднаўляе працу і «Ева» Хаіма Суціна вярнуласяУ чэрвені 2020 года да крымінальнай справы «Белгазпрамбанку» далучылі больш за сто карцінаў з ягонай карпаратыўнай калекцыі банку. Сярод іх быў і самы дарагі з набытых у незалежнай Беларусі твораў – «Ева» Хаіма Суціна (прадстаўнікі банку купілі яе ў 2013 г. на аўкцыёне «Sothebys»). Дзяржаўныя СМІ тады сцвярджалі, што дзясяткі карцінаў коштам $ 20 мільёнаў нібыта «рыхтавалі да тэрміновага вывазу з краіны», хоць насамрэч гэтыя карціны якраз дзякуючы «Белгазпрамбанку» і з’явіліся ў Беларусі.

Калекцыя на сённяшні дзень налічвае 150 твораў сусветна вядомых беларускіх мастакоў, а таксама скульптуры, старадрукі. Самыя раннія артэфакты датуюць XVI стагоддзем. Калекцыя пачала фармавацца ў 2011–2012 гадах. Тады банк набыў шэраг працаў мастакоў Парыжскай школы – выхадцаў з Беларусі. Пазней калекцыя была прызнаная найбуйнейшым зборам твораў экспрэсіяністаў Парыжскай школы не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»