Фото: БЕЛТА

Факт, які ўскосна пацвердзіў нават сам А.Лукашэнка, – вынікі прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня мінулага года, сфальсіфікаваны. Дзеля справядлівасці, аднаўлення канстытуцыйных правоў грамадзян неабходна як мага хутчэй правесці новую палітычную кампанію па вызначэнні таго, хто пры шырокай падтрымцы беларускага народа зможа заняць найвышэйшую пасаду ў дзяржаве.

Вось адказы шэрагу знакамітых і звычайных асоб на пытанне «Народнай Волі»:

Вы за тое, каб новыя прэзідэнцкія выбары адбыліся ў 2021 годзе?

Мікалай АШЭЙЧЫК, былы генеральны дырэктар Салігорскага будаўнічага трэста №3, заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін г.Салігорска і Мінскай вобласці:

– Трэба падумаць, з ходу так не адкажу, не вельмі простае пытанне…

Васіль БАРАВУЛЯ, кіраўнік фермерскай гаспадаркі, Крупскі раён:

– Напэўна, так…

Сяргей ЗАКОННІКАЎ, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы:

– Я за тое, каб яны адбыліся. Але пакуль што не бачу нейкіх ўмоў для таго, каб адбыліся ў нас сапраўды сумленныя, адкрытыя, дэмакратычныя выбары без выкарыстання адміністрацыйнга рэсурсу.

А ўвогуле, мяне вельмі бянтэжыць цяперашняя сітуацыя, яна страшная… Ніхто не схаваецца ад вырашэння свайго лёсу, бо ў нас два франты – барацьба з дактатурай унутры краіны, і на знешнім полі – Расія. І другі фронт не менш небяспечны, чым першы. Я ўпэўнены, што з сітуацыяй у краіне мы ў рэшце рэшт разбяромся, у нас шмат разумных людзей, яны давядуць справу да канца. А вось тое, што Масква будзе рабіць з намі бліжэйшым часам, – гэтага ніхто не ведае. Думаю, алігархі, шэрыя сілавыя кардыналы – яны скрупулёзна кожны дзень працуюць над праблемай паглынання Беларусі. Санкцыямі трэба не толькі лукашэнкаўскі рэжым давіць, але і Пуціна…

Генадзь ЗІНОЎЧЫК, былы віцэ-прэзідэнт ААТ «Амкадор», пенсіянер:

– Канешне! І чым хутчэй будуць праведзены новыя прэзідэнцкія выбары, тым лепш. Надакучыла ўжо гэтая сітуацыя. Я жыў і пры камуністах, і ў часы вайны быў у акупацыі, але такога цемрашальства, як цяпер у Беларусі, за ўсё сваё жыццё не сустракаў! Як яшчэ усё гэта народ церпіць…

Мікалай САРОКА, доктар медыцынскіх навук, прафесар:

– Канешне.

Уладзімір ЯРМОШЫН, былы прэм’ер-міністр Беларусі:

– А чорт яго ведае! Спачатку я таксама думаў, што ў гэтым годзе нешта будзе, але не складваецца. Анансавалася з вуснаў чыноўнікаў, што быццам бы прэзідэнцкія выбары адбудуцца пасля таго, як з’явіцца новая Канстытуцыя. І магчыма, што гэта ўжо будзе ў наступным годзе. Але пажывём – пабачым!

Алена АНІСІМ, старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы», былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

– Я не прыхільніца таго, каб гэтыя выбары адбыліся так хуткацечна. Бо не ўпэўнена, што змогуць падрыхтавацца сапраўдныя кандыдаты для таго, каб правесці паўнавартасную прэзідэнцкую кампанію.

Справа ў тым, што калі ў 2020 годзе, як мы бачылі, з’явіліся новыя сілы, якія ў прынцыпе былі вельмі рашуча настроены на перамены і на тое, каб заняць прэзідэнцкую пасаду, то сёлета я не думаю, што змогуць так хутка мабілізавацца і паўдзельнічаць у выбарах нейкія іншыя фігуры. Іншая справа, калі абвесцяць палітычную амністыю, будуць вызвалены ўсе палітзняволеныя, то, не выключаю таго, што выбары маглі б прайсці і сёлета.

Алесь ГУРКОЎ, прадпрымальнік, Мінск:

Падтрымліваю такую ідэю. Але толькі ў тым выпадку, калі гэта будуць сапраўды свабодныя выбары. У такім выпадку мы ўбачым крок наперад для беларускага грамадства.

Дарэчы, можна колькі заўгодна рабіць прагнозы, але нешта не бачна канкрэтных захадаў, каб прэзідэнцкія выбары адбыліся сёлета.

Тэнгіз ДУМБАДЗЭ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

– Разумеючы, які складаны быў апошні час для краіны, лічу, што правесці новыя выбары ў гэтым годзе проста нерэальна. І нават калі б яны прайшлі, то, мяркую, сусветная супольнасць іх магла б не прызнаць.

Успомніце прэзідэнцкія выбары ва Украіне ў 2004 годзе. Тады пасля двух тураў было прызначана паўторнае галасаванне. І чацвёрты тур мог бы адбыцца, бо тады пазіцыя Захада была адназначная: пакуль «наш кандыдат» Віктар Юшчанка не пераможа, мы не будзем прызнаваць выбары. Таму, баюся, усё можа паўтарыцца і ў Беларусі.

Сёння ўсім нам трэба змірыцца з сітуацыяй і здаць экзамен на трываласць. На мой погляд, уладам варта зрабіць урокі з таго, што адбылося ў краіне, а тыя, хто знаходзіцца па іншы бок барыкад, павінны ўзважана і цывілізавана рыхтавацца да новых выбараў, якія будуць, але не ў гэтым і не ў наступным годзе. Гэта, на мой погляд, будзе адзінае правільнае рашэнне, якое ўсім нам дапаможа пазбегнуць самага страшнага. Супрацьстаянне можа прывесці да катастрофы і да таго, што ў свеце з’явіцца яшчэ адна «гарачая кропка».

У гэты няпросты час трэба менш крыўдзіцца адзін на аднаго, а больш займацца канкрэтнымі справамі.

Радзім ГАРЭЦКІ, акадэмік:

– Справядлівыя і празрыстыя выбары патрэбны не толькі ў гэтым годзе – пра іх беларусы даўно мараць.

Аляксандр КАЗУЛІН, экс-кандыдат у прэзідэнты:

– Грамадства падрыхтавана да новых выбараў? Яно гатова несці адказнасць? Трэба спачатку адказаць на гэтыя пытанні.

На маю думку, у гэтым годзе новых выбараў дакладна не адбудзецца.

Вячаслаў ОРГІШ, доктар навук:

– Не валодаю гэтай тэмай. Каб прадметна яе абмяркоўваць, трэба разабрацца ў сітуацыі і ўсё прааналізаваць.

Сяргей ПАПКОЎ, намеснік старшыні партыі КХП–БНФ:

– Мы выступаем як за новыя прэзідэнцкія выбары, так і за выбары ў Вярхоўны Савет па Канстытуцыі 1994 года. І наогул за вяртанне гэтай Канстытуцыі.

Сяргей ХАРЫТОНЧЫК, аператар па абслугоўванні станкоў Мінскага завода колавых цягачоў:

– Па вялікім рахунку, ідэя нядрэнная, але не бачу, што яна будзе рэалізавана. Хто дапусціць правядзенне новых выбараў? Ніхто.

Андрэй САВІНЫХ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

– Я супраць таго, каб праводзіць нейкія новыя прэзідэнцкія выбары. Да гэтага не гатовы ні ўлады, ні грамадства.

Андрэй КРАЎЧАНКА, лёгкаатлет, сярэбраны прызёр Алімпіяды:

– Чым хутчэй пройдуць такія выбары, тым лепш. Я разам з многімі іншымі спартсменамі яшчэ ў мінулым годзе падпісваў ліст за правядзенне новых празрыстых выбараў. Такіх выбараў, якія маглі б цалкам кантраляваць назіральнікі, а не тое, што мы бачылі апошнім часам.

Напэўна, некаторыя ўжо пачалі забываць, што менавіта тыя выбары паслужылі каталізатарам вялізнай незадаволенасці людзей.

Генадзь ЛЫЧ, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук:

– Было б някепска, каб такія выбары адбыліся ў гэтым годзе, таму што ў мяне засталіся вялікія сумненні наконт справядлівага падліку галасоў падчас прэзідэнцкіх вынікаў у мінулым годзе. А калі так, значыцца, улады праігнаравалі волю народа, а гэта не зусім правільна.

У той жа час разумею, што рэжым будзе пярэчыць правядзенню новых выбараў, як толькі гэта магчыма. Яны ж робяць усё дзеля захавання сваёй улады. І проста так аддаваць яе не захочуць.

Андрэй ДЗМІТРЫЕЎ, адзін з лідараў «Гавары праўду»:

– Я не толькі за новыя выбары, а ўвогуле за дэмакратычныя выбары. Нам патрэбны празрыстыя выбары і ў парламент, і ў мясцовыя Саветы, і падчас прэзідэнцкай кампаніі.

Паўтаруся: гэта павінны быць сапраўдныя выбары, а не перапрызначэнне. І чым хутчэй гэта адбудзецца, тым хутчэй мы пяройдзем ад канфрантацыі ўнутры нашай краіны да пошукаў шляхоў узаемаразумення. І нават нармальны дыялог без істэрыкі і абвінавачванняў – гэта таксама добры шлях да ўзаемаразумення.

Зінаіда БАНДАРЭНКА, народная артыстка Беларусі:

– Новыя выбары патрэбны, бо напружанасць у грамадстве дайшла да крытычнай кропкі. У такім стане народ не можа пастаянна жыць. Гэта здзек з людзей!

Марына КОКТЫШ, Алесь СІВЫ.

Публікацыя – з № 46 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: