Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Фота з Facebook

Пісьменніка Альгерда Бахарэвіча за раманы «Сарока на шыбеніцы» і «Сабакі Еўропы», а таксама за эсэістыку, уганаравалі нямецкай прэміяй Эрвіна Піскатара (Erwin Piscator Preis). Пра гэта пісьменнік паведаміў у Facebook.

«У сваіх раманах і эсэ вы разварушваеце тыя раны, пра якія нам, на Захадзе, падабаецца забываць, бо яны выклікаюць у нас у найлепшым выпадку толькі фантомны боль. Вашыя раманы і эсэ нагадваюць нам, што аўтарытарызм і фашызм ня проста з’явы мінулага, але і цяперашняга, яны тут – усяго за тысячу кіламетраў ад нас, у Мінску, у Беларусі, у Еўропе. Мы ня мусім адварочвацца, калі пануе аўтарытарызм.

Ваш раман «Сабакі Эўропы», пастаўлены Беларускім Свабодным тэатрам, паказвае нам псіхалагічныя і сацыяльныя глыбіні антыўтапічнай звышдзяржавы. Ваш раман «Сарока на шыбеніцы» паказвае нам, чытачам, як хутка кожны з нам можа страціць нявіннасць і зрабіцца дабраахотнымі супрацоўнікамі дзяржаўнай машыны тэрору», – напісалі Альгерду Бахарэвічу арганізатары прэміі.

Урачыстая цырымонія ўручэння пройдзе ў Мюнхене 31 жніўня. Раней прэмію традыцыйна ўручалі ў Нью-Ёрку, але праз пандэмію гэтае правіла давялося змяніць.

Поделиться ссылкой: