Уладзіслаў Наважылаў. Фота аўтара

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч 21 чэрвеня пакараў лідара метал-гурта “Gods tower” Уладзіслава Наважылава трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу, на так званую “хімію”.

Віцэ-губернатар Салтыкоў-Шчадрын не дапамог музыку Наважылаву – яму прысудзілі
У зале суда. Фота аўтара

Вакаліст і музыка прызнаны вінаватым у “публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў” – паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса. У дадзеным канкрэтным выпадку – “губернатара” Генадзя Салаўя. Такую ж меру пакарання прапаноўвала суду і дзяржабвінаваўца, прадстаўніца пракуратуры Таццяна Гаркуша за публічную абразу чыноўніка і падрыў аўтарытэту ўлады.

У апошнім слове перад абвяшчэннем прысуду Наважылаў, звяртаючыся да суддзі, казаў: “Ад вашага рашэння залежыць лёс маёй сям’і, бо ў дадзены момант я адзіны кармілец у сям’і. Жонка часова не працуе, дзеці таксама, паколькі яшчэ непаўнагадовыя. Кватэру мы здымаем. Калі мяне не будзе, сям’я фактычна апынецца на вуліцы. Ад вашага рашэння залежыць, ці буду я плаціць падаткі ў казну дзяржавы. Не ведаю, наколькі гэта выгадна дзяржаве, калі вырваць мяне з эканомікі. Хацелася б, каб прызначылі пакаранне, улічыўшы гэтыя нюансы. Хачу застацца ў сям’і і проста працаваць, калі гэта камусьці цікава”.

Гісторыя мінулагодняя, жнівенская, калі градус палітычнага жыцця ў гарадах і мястэчках рэзка пайшоў угару з прычыны фальсіфікацыі выбараў. Тысячы людзей выйшлі тады на вуліцы з пытаннямі: “Дзе нашы галасы?”, “Хто даў права збіваць мірных людзей?”. Гамельчукі пыталіся яшчэ: “Хто вінаваты ў смерці Аляксандра Віхора?”.

У тыя дні на YouTube з’явіўся відэаролік пад назваю “Гамельчане сустракаюцца з уладамі горада. На пытанні адказвае губернатар вобласці Генадзь Салавей”. Пад відэаролікам музыка Наважылаў (творчы псеўданім Lesley Knife) і змясціў пост пра “крайне глупого борова”. Былі там допісы і больш яршыстыя, але безасабовыя. А ў каментары музыкі пазначана прозвішча: “Салавей” ды яшчэ з указальным займеннікам “гэты”. Следства расцаніла пост як “публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў”.

На судзе Уладзіслаў Наважылаў прызнаў віну часткова. Патлумачыў, што ён сапраўды праз мабільны тэлефон 16 жніўня 2020 праглядаў на YouTube відэаролік з Гомеля, а потым размясціў пад ім каментар з пяці словаў, але не меў на мэце кагосьці абразіць.

Напісаў таму, што быў “на ўзводзе”. Тады тры дні не маглі працаваць, паколькі адключылі інтэрнэт. Па словах Наважылава, чыноўнікі не выконвалі свае абавязкі. Не было рэакцыі на смерць маладога гамяльчаніна Віхора. “Губернатар” Салавей сустракаўся з пратэстоўцамі на прыступках аблвыканкама, але таксама не даў уцямных адказаў на хвалюючыя пытанні.

Падчас допыту ў судзе ў Наважылава пыталіся, калі ён не меўся нікога абразіць, то чаму напісаў канкрэтнае прозвішча “Салавей” і да яго –”глупый боров”?

“Я не задумваўся над прозвішчам. “Бораў” для мяне – вобраз чыноўніка паводле расійскага пісьменніка Салтыкова-Шчадрына (ён быў і віцэ-губернатарам Цвярской губерні – аўт). Я чытаў яго. Гэта абагульнены вобраз. Салтыкоўскія чыноўнікі ў Расіі адказваюць беспрадметна. Нікога абражаць не збіраўся, даваў ацэнку сітуацыі, а не чалавеку. Усе словы літаратурныя. Пакінуў каментар, каб выпусціць пару”, – тлумачыў абвінавачаны музыка.

Наважылаў нават запэўніў, што “калі сваім пастом прынёс (Салаўю) пакуты, то гатовы выбачыцца”. Да суда гэтага не зрабіў, бо не ўяўляў, якім чынам гэта можна было зрабіць. Меркаваў выбачыцца перад судовым разбіральніцтвам, аднак Генадзь Салавей у суд не прыйшоў, спаслаўся за занятасць “з прычыны службовых патрэб”. У пісьмовай заяве прасіў суд разглядаць справу без яго прысутнасці.

Адвакатка абвінавачанага франтмена музычнага гурта Марыя Колесава-Гудзіліна зазначыла падчас судовых спрэчак, што лінгвістычная экспертыза каментара пад відэролікам зроблена без уліку тлумачэнняў яе падабароннага. І наогул, у Беларусі “такога прадстаўніка ўлады як губернатар не існуе ў прынцыпе”.

Уладзіслаў Наважылаў нарадзіўся і вырас у Гомелі. Тут пачынаў сваю творчую кар’еру. Зараз жыве з сям’ёй у Мінску. Кажа, што з пачаткам крымінальнай справы натхнення не дадалося. Цяпер усё яно даецца надзвычай цяжка.

“Я не ўмею спяваць у “клетцы”, нават у “залатой”, – зазначае Уладзіслаў.

У мінулую восень Наважылаў, як і шэраг іншых музыкаў, адбываў адміністрацыйны арышт за канцэрты на вуліцах сталіцы. Зараз “хімію” нібыта за абразы прадстаўнікоў улады адбываюць музыкі Максім Шаўлінскі з Воршы, Ігар Банцэр з Гродна.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»