Паўла Ларчыка цягнулі па ходніку пры затрыманні, а цяпер вінавацяць ў «гвалце» над міліцыянтам
Суд Цэнтральнага раёну Гомеля. Фота: Анатоль ЛІПСКІ.

У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля 21 чэрвеня распачаты разгляд крымінальнай справы супраць 23-гадовага Паўла Ларчыка. Яго вінавацяць у гвалце над міліцыянтам – на падставе артыкула 364 Крымінальнага кодэкса.

Інцыдэнт здарыўся 20 верасня мінулага года каля цырку, дзе сабраліся пратэстоўцы супраць фальсіфікацыі выбараў. Падчас затрымання ўдзельнікаў маршу адбылася штурханіна. Паўла павалілі на зямлю, цягнулі па ходніку, і ў гэтай штурханіне ён зачапіў нагой міліцыянта.

Пацярпелы ў крымінальнай справе – малады супрацоўнік Чыгуначнага РАУС Павел Шапавалаў. Раней за гэта ўжо затрымлівалі Аляксея Губіча, сябра Ларчыка. Абвінавачвалі, што нібыта Аляксей і стукнуў нагой Шававалава. Але ўрэшце праз закрыты суд Губіча пакаралі за тое, што ён нібыта ўдарыў супрацоўніка АМАП.
Цяпер за «гвалт» у дачыненні да Шапавалава судзяць Паўла Ларчыка. Справу разглядае суддзя Алеся Осіпава.

У суд Паўла прывезлі з СІЗА, дзе ён знаходзіцца ужо чацвёрты месяц. Паводле выстаўленага абвінавачвання, хлопцу пагражае арышт, абмежаванне волі альбо нават калонія на тэрмін да шасці гадоў.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»