Стала вядома, што тэрмін утрымання пад вартай палітзняволенай Марфы Рабковай працягнуты яшчэ на тры месяцы — да 17 верасня. Такім чынам, да гэтага часу яна правядзе ў зняволенні ўжо год, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны», праваабаронца Марфа Рабкова была затрыманая разам з мужам Вадзімам Жаромскім вечарам 17 верасня і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы. Пазней Вадзіма адпусцілі.

Марфе Рабковай паведамілі, што яна затрыманая ў межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Па гэтым артыкуле ёй і было прад’яўлена абвінавачванне. 11 лютага Марфе прад’явілі новыя абвінавачванні па ч.3 арт.130 КК і ч.2 арт. 285 КК. Цяпер Марфе пагражае да 12 год пазбаўлення волі.

Марфа піша з-за кратаў, што імкнецца бачыць добрае ва ўсім. Вось некаторыя цытаты з яе лістоў:

  • Вядома, я адчуваю падтрымку, без яе ў мяне б не было столькі аптымізму і веры, што ўсё скончыцца добра. Людзі пішуць такія шчырыя і цёплыя словы ў лістах, што чытаеш іх і слёзы на вачах наварочваюцца;
  • Перажываючы сваё заключэнне з кожным днём я ўсё больш і больш люблю Беларусь, наш народ, нашу прыроду, гісторыю і культуру;
  • Што я зраблю перш за ўсё, калі выйду — абдыму Вадзіма, патэлефаную бацькам, паеду дадому, з’ем яечню, памыюся ў ванне, вазьму квіток у Гомель і паеду абдымаць бацькоў;
  • Сніцца мне рознае — бацькі, дом у Добрушы, бабуля, Вадзім, часта сняцца кацяняты;
  • Падтрымліваю аптымізм і ў суседках, імкнуся бачыць добрае ва ўсім.

Поделиться ссылкой: