19 чэрвеня – 97 гадоў з дня нараджэння Васiля Быкава, нашага вялікага пісьменніка і славутага земляка.  “Новы час” публiкуе архiўныя гутаркі з iм, што адбыліся ў траўнi–чэрвенi 1995 года. Яны былi найперш абумоўленыя часам, які перажывала Беларусь: рэферэндум аб мове, інтэграцыі з Расіяй і змене нацыянальнай сімволікі. Але гэтыя гутаркі, прысвечаныя лёсу Беларусi ды верагоднасцi выжывання беларускай нацыi i культуры, і сёння найактуальныя, — і яскрава сведчаць аб тым, што думкі і словы вялікіх людзей не спазняюцца і не знікаюць, бо існуюць і ў сваім часе, і па-над ім…

«Нацыяналізм як неабходная перадумова дэмакратыі»

— Падзеi, што адбываюцца цяпер у Беларусi, прадказвалiся даўно. Гучала нямала папярэджанняў у бок дэмакратычных сiлаў аб рэальнай магчымасцi наступу сiл камунiстычнага рэваншу. Ды, аднак жа, сцвердзiўся самы кепскi з усiх магчымых варыянтаў — горшага i нельга было чакаць. Сёння шмат закiдаў на адрас «цынiчнага прэзiдэнта», «расейскiх спецслужбаў» i да т.п… Вашыя прэтэнзii да дэмакратычнага руху ў сувязi з паразай нацыянальных сiлаў?

 

— Прэтэнзii, так бы мовiць, класiчныя, — тыя, што, бадай, спрадвеку прынята адрасаваць дэмакратам: чаму не аб’ядналiся? Але, мабыць, таксама спрадвеку дэмакратыя слухае такiя папрокi, але не толькi не аб’ядноўваецца, а няспынна раз’ядноўваецца. Заўджы i ўсюды. Мабыць, такая ўжо прырода, метафiзiка гэтае плынi. У процiвагу яе антыподам, якiя таксама заўсёды i ўсюды, — але аб’ядноўваюцца, зрастаюцца, ператвараюцца ў адно. Як цяпер чырвоныя з карычневымi. Пяцьдзясят гадоў таму яны з крывёю бiлiся на палёх Еўропы, а цяпер скрозь хаўрусуюцца, утвараючы новы, дзiвосны палiтычны арганiзм, яшчэ больш цынiчны, чым камунiсты i фашысты паасобку.

 

Нашыя палiтыканы ад тутэйшай палiтыкi нiкога не абдурылi, як Вы кажаце. Iхнiя «дурыкi» былi вiдаць з самага пачатку. Яны проста вырвалi ўладу… Але новыя — больш цынiчныя, нахрапiстыя, яны рашуча выкарысталi сiлу, у тым лiку i тую, што ходзiць у бронекамiзэльках i чорных масках. Яны i не думалi нiчога рабiць, апроч бязмежнага ўмацавання бязмежнай улады. I тое зразумела: хто мае ўладу, той мае сiлу, а хто мае сiлу, таму непатрэбна нiякая праўда.

— Даруйце, але ж цi не ведае гэты народ, што такое камунiзм i якiя выгады «найлепшага ў свеце грамадства»? Ведае цудоўна. Ды, аднак жа, выбiрае «ранейшых». У чым сакрэт такога парадоксу?

— Што да выбараў, дык я лiчу, што выбары ў нас несвабодныя. Выбары сфальсiфiкаваныя ад пачатку да канца… Рэч у фальсiфiкацыi. Выбарчыя камiсii зрабiлi пэўныя намаганнi, самыя розныя — якiя, мы нiколi не даведаемся, таму што гэта абсалютна закрытая для публiкi i журналiстаў справа. Яны робяць гэтую «хiмiю» ў падполлi…. Таму што яны ведаюць, на чыiм баку сiла i каму трэба служыць. Нiхто не будзе выкрыты. Нiхто не будзе абвiнавачаны ў фальсiфiкацыi… Мясцовыя «вертыкальныя дыктатары» дзеля гэтага стварылi з дапамогай спецслужбаў выбарчыя камiсii са сваiх людзей. I таму адтуль нiчога не выйдзе. А назiральнiкi, на якiх былi спадзяваннi, назiралi проста выбары, сам працэс галасавання. А вось што адбывалася пасля выбараў — гэтага не ведае нiхто. I нiколi гэта не будзе вядома. Нiякiх дакументаў нiкому не дадуць, а калi дадуць, дык яны будуць сфальсiфiкаваныя, таму што дзе гарантыя таго, што выбарчыя камiсii не мелi запасу свабодных бюлетэняў, якiмi яны маглi распарадзiцца як заўгодна: замянiць, падмянiць, выкрэслiць пэўныя прозвi­шчы?

Таму я лiчу, што дэмакратычных i свабодных выбараў у нас не было, — як у мiнулым, так i цяпер. I калi б уладамi была пастаўлена задача дасягнуць 99,99% «за» па тым цi iншым пытаннi цi канды­датуры, — гэта было б зроблена. Рабiць гэта выдатна навучылiся за гады савецкай улады. Тут цэлая наву­ка…

— …Быццам i не было гадоў галоснасцi, выкрыцця ГУЛАГу, антычалавечых «сакрэтаў» сацыялiстычнай гаспадаркi. А народ, бы тыя рабы, што палюбiлi свайго гаспадара, зноў выбiрае «баронаў» i «старшыняў». Гэта што — псiхiчная паталогiя, калапс палiтычнай волi? Калi не, то што гэта за народ такi — з такiм стаўленнем да палiтыкi i палiтыкаў, а галоўнае — да самога сябе?

— …Некалi я ўсё не мог зразумець, па якiх антрапалагiчных прыкметах людзi вылучаюцца ў наменклатуру. Вiдаць, з вялiкiм сэнсам гэта робiцца. Яны, як правiла, людзi мажныя, як у армii — што нi генерал, дык метр у плячах i фiзiяномiя нi ў якi аб’ектыў не лезе. Так i тут. Усе яны абавязкова маюць вельмi зваблiвы начальнiцкi антураж — якога-небудзь худзенькага, мiзэрненькага там не бывае, ён туды не можа прайсцi. I займаюць пэўныя пасады. Паглядзiце, хто ў нас цяпер гаспадар на вёсцы? Ды гэтыя, чырвоныя князi i бароны. I як iх не будуць выбiраць? Iх заўсёды будуць выбiраць, бо яны сiла, яны ўлада…

Вядома, чалавеку ўласцiва рабiцца разумным пасля паразы, бо «каждый мнит себя героем, видя бой издалека». Рэч не ў памылках БНФ. Фронт зрабiў болей, чым можна было наогул зрабiць у гэтых умовах. Прынамсi, нiводная палiтычная партыя не зрабiла болей. I калi на выбарах перавага аказалася на баку камунiстаў, дык, мабыць, таму, што кампартыя карыстаецца ўласным, раней напрацаваным капiталам, у той час як Фронт пачынаў барацьбу без анiякага капiталу — нi маральнага, нi матэрыяльнага, ствараючы ўсё ў працэсе замаруджанага, супярэчлiвага, труднага Адраджэння. У нас нямала партый, якiх нiяк не абвiнавацiш у тых пралiках, што цяпер прыпiсваюцца БНФ. Яны нi на чым не зацыклiвалiся, не радыкалiзавалi сваю палiтыку, ужо нiяк не цьвялiлi рускамоўнае грамадства. Але хiба тыя партыi перамаглi? Яны таксама пацярпелi паразу…

Мабыць, сучасная дэмакратыя (у тым лiку i нацыянальная) не надзелена адэкватнымi сродкамi барацьбы з таталiтарнымi, камунафашыстоўскiмi сiламi. Мабыць, гэтыя дзве рознаскiраваныя плынi iснуюць у розных палiтыка-маральных сферах, i калi дэмакратыя змушана карыстацца толькi дэмакратычнымi метадамi (карыстацца iншымi яна не можа, каб не страцiць сваёй дэмакратычнасцi), дык iхнiя супернiкi заўсёды вольныя ў выбары сродкаў — ад раз’юшанай хлуслiвай прапаганды да тайных хiтрасцяў спецслужбаў, АМОНаў i спецназаў у чорных наморднiках. Яны не зважаюць на судовую ўладу, якую самi прызначаюць, на СМI, якiмi аператыўна камандуюць. Iх не рэгламентуе нiякая мараль — нi хрысцiянская, якая нiколi iх не абыходзiла, нi нават скасабочаная камунiстычная этыка, ад якой яны адраклiся ў жнiўнi 1991 года.

Калi мець на ўвазе выбары i рэферэндум, дык на iх вынiк наўрад цi паўплывалi якiя-небудзь памылкi цi недахопы. Не варта таксама наракаць на несвядомасць «дурнога народа», якi гэтак неразумна прагаласаваў. Хiба ў таталiтарным грамадстве пры аўтарытарнай дыктатуры, якая таропка сфармавалася напярэдаднi выбараў, магчымае нейкае палiтычнае спаборнiцтва, справядлiвыя дэмакратычныя выбары? Iх не было 70 гадоў, адкуль жа iм узяцца цяпер? Найперш для народа гэта нязвыкла i нават пакутна — выбiраць на ўласны розум, калi заўсёды гэта рабiлi iншыя, нiбыта разумнейшыя. Зноў жа: хiба выбарчыя рэжысёры, «высокiя спецыялiсты сваёй справы», забылiся на нядаўнюю навуку арганiзацыi мас дзеля «адзiнадушнага адабрэння i падтрымкi»? Сам прэзiдэнт напярэдаднi выбараў прагаварыўся ў прамым тэлеэфiры, што «все равно обманут». Не ўдакладнiўшы, аднак, на чыю карысць «обманут». Але цяпер усё стала зразумела — хто ашукаў, каго i дзеля чаго.

Працяг гутаркi можна прачытаць тут.

Поделиться ссылкой: