Ужо тыдзень у розных гарадах і краінах працягваецца чэмпіянат Еўропы па футболе.

Як вядома, першынство павінна было адбыцца ў мінулым годзе, але праз пандэмію яго перанеслі. Зараз турнір упершыню ў гісторыі праходзіць у незвычайным фармаце – у 11 гарадах 10 краін.

Вадзім Жук: «Зборнай Беларусі на гэтым першынстве рабіць пакуль няма чаго…»

Пакуль чэмпіянат толькі набірае абароты, асноўная барацьба наперадзе. Але ўжо зараз бачна, як ігракі ўсіх каманд перажываюць перад матчам, аддаюць усе сілы на полі, з якім патрыятызмам спяваюць гімн краіны.

«Вось адзін эпізод, які куды больш важны, чым забітыя галы партугальца Раналду, – адзначае футбольны агент Валерый Ісаеў. – Зборная Венгрыі прайграла партугальцам – 0:3, але ў венгерскіх футбалістаў і балельшчыкаў была рука на сэрцы, і разам яны спявалі гімн. І не трэба ў такім выпадку фальшывіць з нагоды «мы гуляем для народа», бо футбол не падманеш».

Так, свята не на нашай вуліцы, але сачыць за прыгожым футболам ніхто не забараняе.

– Фармат турніру, безумоўна, незвычайны, – дзеліцца з «Народнай Воляй» сваім меркаваннем суддзя міжнароднай катэгорыі Вадзім ЖУК. – Але такое сёння жыццё, і такое рашэнне УЕФА. З аднаго боку, вырашылі папулярызаваць футбол у розных краінах, з другога – у свеце пандэмія, таму падчас спаборніцтваў прымаюцца меры бяспекі.

Магчыма, такому фармату і можна знайсці апраўданне, але гэта дадае некаторым камандам нязручнасцяў, а хтосьці атрымлівае бонусы. Напрыклад, на групавым этапе зборная Расіі праводзіць два матчы на дамашнім стадыёне ў Санкт-Пецярбургу, а каманда Турцыі прымала Італію… на «дамашнім» стадыёне ў Рыме.

Таму, на мой погляд, калі сітуацыя з каранавірусам у свеце нармалізуецца, трэба вяртацца да старога фармату і не вынаходзіць веласіпед.

– За каго вы балееце на гэтым чэмпіянаце?

– Вельмі спадабалася зборная Італіі. А вось немцы і іспанцы ў першых матчах не ўразілі, хаця не выключана, што будуць дадаваць па ходу першынства.

– На гэты турнір магла патрапіць праз Лігу нацый і зборная Беларусі…

– Няхай на меня ніхто не крыўдуе, але зборнай Беларусі на форумах такога ўзроўню пакуль рабіць няма чаго. Наша каманда паказвае абсалютна невыразны футбол, і змагацца з тымі камандамі, што выступаюць на еўрапейскім першынстве, ёй не па сілах.

На гэты чэмпіянат праз Лігу нацыі патрапіла каманда Паўночнай Македоніі і першы матч прайграла аўстрыйцам 1:3. Але ж было бачна, з якім жаданнем і азартам гулялі македонцы!

А беларускія футбалісты няхай глядзяць турнір па тэлевізары і вучацца. Там ёсць чаму павучыцца…

Вадзім Жук: «Зборнай Беларусі на гэтым першынстве рабіць пакуль няма чаго…»

Публікацыя – з № 45 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: