Дзмітрый Канеўскі. Фота аўтара

Суддзя Гомельскага абласнога суда Раман Царук вынес прысуд 26-гадоваму Дзмітрыю Канеўскаму, сыну даверанай асобы Ціханоўскай Таццяны Канеўскай.

Малады гамяльчанін прызнаны вінаватым у «распальванні сацыяльнай варожасці” і на падставе часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса пакараны пазбаўленнем волі на 3 гады ў калёніі агульнага рэжыму. Пакаранне найбольш строгае паводле згаданага артыкула.

Дзмітрый – адзін з чатырох сыноў Таццяны і Мікалая Канеўскіх. Ён скончыў школу, служыў у войску, працаваў абіўшчыкам мэблі на прадпрыемстве. Палітычным жыццём цікавіўся мала, у масавых мерапрыемствах ніякага ўдзелу не браў. Не хадзіў нават на пікеты тады, калі яго маці, Тацяна Канеўская, вядомая ў горадзе актывістка руху «Маці-328», вылучалася кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Аднак летась у чэрвені Дзмітрыя аштрафавалі за ўдзел у недазволеным пікеце супраць затрымання Сяргея Ціханоўскага. Дзмітрый падвёз маці на цэнтральную плошчу і «засвяціўся» на камеры відэаназірання – яго суд і аштрафаваў на падставе міліцэйскага пратакола.

Сыну даверанай асобы Ціханоўскай суд вызначыў найбольш строгае пакаранне – няволю
Дзмітрый з маці Таццянай Канеўскай. Фота аўтара

Напрыканцы мінулага года, калі Таццяна Канеўская як давераная асоба Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах ужо чатыры месяцы знаходзілася ў СІЗА за так званую арганізацыю масавых беспарадкаў і планы захопу ў Гомелі адміністрацыйных будынкаў, да Дзмітрыя дайшла яшчэ адна сумная вестка. Паведамілі, што ягонага сябра, з якім служыў у войску, нібыта забіў АМАП.

На эмоцыях Канеўскі і пакінуў гнеўны каментар у мясцовым тэлеграм-чаце на адрас сілавікоў: «Гарыце ў пекле…» – і ўсё ў такім жа духу. За гэта і завялі супраць Дзмітрыя крымінальную справу, абвінаваціўшы ў распальванні сацыяльнай варажнечы па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці. Высветлілася таксама, што пост ён пакінуў, будучы на падпітку.

Падчас судовых спрэчак адвакатка Канеўскага Алена Грыбок звярнула ўвагу суда на пабуджальныя матывы допісу, змешчанага ў Тэлеграм: «Ён не збіраўся помсціць, не збіраўся нікому прычыняць шкоду. Ён пісаў, бо быў у вялікай ступені эмацыйнага ўзрушэння… Бо яны «забралі маці, а цяпер забілі сябра». Дзмітрый абсалютна паверыў у тую інфармацыю, якую яму паведамілі – што сябра забілі. Каб ён не давяраў гэтай інфармацыі, то ён бы нічога не пісаў. Гэта быў эмацыйны парыў і набор агульных слоў, нягледзячы на наяўнасць заключэння экспертаў, што яго каментар прызнаны экстрэмісцкім».

Адвакатка пераканана, што ў дзеяннях яе падабароннага няма складу крымінальнага злачынства. Прынамсі, следства не высвятляла суб’ектыўны бок інкрымінаваных дзеянняў, задаволіўшыся тым, што ў допісе прысутнічаюць прыкметы прад’яўленага злачынства, агавораныя ў ч.1 арт.130 КК.

Сам Дзмітрый Канеўскі 17 чэрвеня падчас выступу ў судзе з апошнім словам казаў, што вельмі шкадуе пра свой учынак, цалкам раскайваецца і прасіў не караць яго сурова. «Гэта было зроблена ў гневе і злосці», — дадаў малады рабочы.

На судзе прысутнічаў бацька Дзмітрыя і два старэйшыя браты.

У прыватнасці, Аляксей у размове з журналістам «Народнай Волі» зазначыў, што прадстаўнік дзяржабвінавачвання Асадчы, калі прапаноўваў ужыць у дачыненні да Дзмітрыя найбольш строгую меру пакарання па артыкулу, то «гаварыў і вачэй не падымаў».

«Ніякую варажнечу брат не збіраўся распальваць. Гэта глупства», – сказаў Аляксей.

За працэсам над Канеўскім сачыў гомельскі грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў.

«Калі кіравацца логікай, што любое эмацыйнае выказванне гэта злачынства, то палову беларусаў трэба пасадзіць у турму і падоўгу не выпускаць. Не было адэкватнай прававой ацэнкі ўчынку Дзмітрыя, асабліва ў сэнсе «распальвання варожасці». Чалавек мае права даваць ацэнку, у тым ліку і таму, што робяць сілавыя структуры. Канешне, у допісе Канеўскага быў перахлёст, за што мажліва нейкае адміністрацыйнае пакаранне. Якая небяспека грамадству ад таго, што малады чалавек, які толькі пачынае жыццё, застаўся б на волі? Абсалютна ніякай. Людзі бачылі пасля выбараў агрэсію сілавікоў, але яе не было з боку пратэстоўцаў, якія выступілі супраць несумленных выбараў. Зараз робяць гвалтаўнікамі звычайных грамадзян за кожны неасцярожны каментар, за кожны крок у бок амапаўцаў ці кінутую кветку. Улада выкарыстоўвае апошні аргумент – запалохванне праз рэпрэсіі», – лічыць палітык Палякоў.

Прысуд Дзмітрыю Канеўскаму яшчэ не мае юрыдычнай моцы, ён можа быць абскарджаны.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»