Глафіра Жук

Перадаю вам словы ўдзячнасці за вашу працу, за тое, што вы застаяцеся з народам!

А таксама прывітанне ад вашай супрацоўніцы Глафіры Дзмітрыеўны Жук. Мне пашчасціла пазнаёміцца з гэтай прыемнай дзяўчынай – на жаль, у не самым прыемным месцы…

У яе ўсё добра (адносна добра), усе яе падтрымліваюць і дапамагаюць, там усе падтрымліваюць адзін аднаго…

Яна распавядала нам пра сваю працу, пра вашу цудоўную рэдакцыю, пра цудоўную жанчыну – памочніцу і правую руку галоўнага рэдактара…

Калі ласка, перадайце ўсім супрацоўнікам прывітанне і словы ўдзячнасці. А Глафіра, як мне здаецца, ужо нешта рыхтуе, разважае над новым матэрыялам!

З удзячнасцю – 

ваша чытачка Таццяна ЗАЯЦ.

***

Нагадаем, что журналістка «Народнай Волі» Глафіра Жук атрымала 30 сутак адміністрацыйнага арышту. Да нядаўняга часу яна знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна. Але літаральна днямі ліст, які накіравалі Глафіры на адрас ізалятара, вярнуўся з пазнакай: «Вернута установай, не ўтрымліваецца». Найверагодней, што нашу калегу этапіравалі ў Жодзіна.

Адвакат разам з Глафірай падалі скаргу на рашэнне суда, бо катэгарычна не згодны з тым, што журналістка, якая прыйшла да будынка суда, парушыла заканадаўства. Яна мела намер трапіць на судовы працэс па так званай справе студэнтаў, але ў залу суда яе не пусцілі. Скаргу Глафіры Жук не задаволілі.

Бацька Глафіры падлічыў, што яна павінна выйсці на свабоду 27 чэрвеня. Аднак у мінулым годзе Жук была адной з удзельніц студэнцкіх акцый пратэсту, за што таксама атрымала восем сутак арышту. Дзяўчына дайшла да Вярхоўнага суда, спрабуючы абскардзіць гэтае рашэнне, аднак безвынікова. Вярхоўны суд не знайшоў падстаў, каб адмяніць рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі.

Дык ці выйдзе Глафіра Жук на свабоду пасля 30 сутак арышту?

– Дакладна не вядома, – каменціруе адвакат. – Можа выйсці, а можа і не. Магчыма, ёй давядзецца адразу адбыць яшчэ тыя дадатковыя восем сутак. Пакінуць яе за кратамі альбо не – гэта будзе залежаць у тым ліку і ад напаўнення ізалятара. Паўплываць на гэта рашэнне ніяк нельга. Ад жадання Глафіры адсядзець гэтыя суткі цяпер альбо пазней таксама нічога не залежыць. Хаця тэрмін выканання рашэння суда – год з моманту яго вынясення. Цалкам магчыма, што яна выйдзе толькі на пачатку наступнага месяца…

Публікацыя – з № 45 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»