Надзея Зелянкова і Аляксандр Васілевіч

Жонка бізнесмена Аляксандра Васілевіча распавяла «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад мужа.

Амаль дзесяць месяцаў знаходзіцца за кратамі вядомы беларускі бізнесмен Аляксандр Васілевіч – саўладальнік рэкламнага холдынга Vondel/Hepta, сайтаў kyky.org і the village.me, а таксама галерэі «Ў».

Аляксандра Васілевіча мінулым летам затрымлівалі двойчы. Першы раз – калі прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання для прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. Тады паход у афіцыйную ўстанову закончыўся судом, Васілевічу далі 14 сутак – за тое, што ён нібыта «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу» і крычаў «Свабоду Бабарыку!».

Аляксандр з пратаколам не пагадзіўся. Адбыў адміністрацыйны арышт у ізалятары, выйшаў на волю і зноў быў затрыманы 27 жніўня прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

4 верасня Васілевічу было прад’яўлена абвінавачанне. З-за ўзятай у адваката падпіскі аб невыдаванні матэрыялаў следства на дадзены момант не вядома, паводле якога артыкула Крымінальнага кодэкса яно прад’яўлена.

У якасці падазраванай па распачатай крымінальнай справе праходзіць і жонка Васілевіча – Надзея Зелянкова. Зараз Надзея з сям’ёй знаходзіцца ў Таліне. 2 снежня мінулага года ў іх нарадзілася дачка Уршуля.

Паводле некаторай інфармацыі, 27 чэрвеня тэрмін знаходжання мужа пад вартай будзе працягнуты яшчэ на два месяцы, – кажа Надзея. – Такім чынам, год правядзе ў СІЗА, а далей перспектывы, відаць, такія ж, як і ў ужо асуджаных палітвязняў.

Пра суд пакуль наогул нічога не чуваць, таму не выключаю, што пратрымаць у ізалятары могуць і 18 месяцаў.

З ліставаннем праблем няма?

– З ізалятара лісты ідуць досыць добра, часам яны даходзяць літаральна за 3–4 дні. З волі ў СІЗА – могуць і тыдзень-два ісці.

Як здароўе Аляксандра пасля перанесенага каранавіруса?

– Складана сказаць, бо там немагчыма прайсці нармальнае медыцынскае абследаванне. Ведаю, што ў Сашы бралі аналізы крыві і сказалі, што ўсё больш-менш добра. Муж яшчэ прасіў, каб зрабілі ультрагукавую дыягностыку, але з гэтай нагоды яму адказалі так: «Зробім праз тры гады, калі вернецца з дэкрэтнага адпачынку чалавек, які робіць такую дыягностыку».

На каранавірус муж хварэў у снежні, і зараз ён ужо вяртаецца да сваёй былой спартыўнай формы. Але ў СІЗА чалавеку, як ужо казала, цяжка даведацца пра ўсе наступствы хваробы, бо гэта ж не медыцынскі цэнтр.

Дакладна ведаю, што Сашу патрэбна аперацыя на назе, хаця яна і не тэрміновая. Рэабілітацыя без такой аперацыі немагчыма.

– Вы па-ранейшаму жывяце з дзецьмі ў Таліне?

Так, у нашым жыцці таксама практычна нічога не змянілася. У старэйшай дачкі Адэлі зараз школьныя канікулы, малодшай Уршулі 2 чэрвеня споўнілася паўгода.

– Бізнес-праекты Аляксандра працягваюць працаваць?

З рэкламным холдынгам усё ў парадку, агенцтвы працуюць. Сайты kyky.org і the-village.me, як вядома, заблакіраваны Міністэрствам інфармацыі ў Беларусі, але рэдакцыі таксама працягваюць працу. А вось галерэя «Ў» даўно закрылася.

Публікацыя – з № 45 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: