Ілюстрацыйны здымак

На пачатку мінулага года набыла для сябе і дзяцей пуцёўку ў Туніс, але з-за пандэміі так нікуды і не паляцелі. Турыстычная кампанія захавала грошы на дэпазіце, і ў гэтым годзе можна было рэалізаваць нашу мару…

Але зноў адпачынак, як кажуць, завіс у паветры. З-за інцыдэнту з самалётам авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс, але прызямліўся ў Мінску, многія краіны закрылі для беларускіх самалётаў сваю паветраную прастору, а таму мы не ведаем, ці ўбачым мора і сёлета.

Дык куды ўсё-такі можна адправіцца на адпачынак гэтым летам? Што кажуць турыстычныя эксперты?

Святлана КРАЎЧАНКА, г.Маладзечна.

Паводле слоў старшыні Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Руслана Сегенюка, зараз беларускі турыстычны рынак і на самай справе перажывае няпростыя дні, але з чарговымі выклікамі ён як быццам справіўся.

– Сумесна з авіякампаніяй «Белавія» былі прыняты рашэнні па павелічэнні чартарных перавозак у Турцыю і Егіпет, – кажа Руслан Сегенюк. – Захаваліся пералёты на мінімум чатыры масавыя турыстычныя накірункі – у Турцыю, Егіпет, Грузію і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Большасць турыстаў усведамляюць, што віны тураператараў або турагентаў у сітуацыі, якая склалася, няма.

Прыблізна 70 працэнтаў турыстаў пераносяць свой адпачынак на адкрытыя напрамкі, каля 25 працэнтаў чакаюць адкрыцця прыпыненых напрамкаў, і ўсяго каля 5 працэнтаў памянялі планы і адмовіліся ад адпачынку.

Эксперт лічыць, што гэтым летам, хутчэй за ўсё, Турцыя стане лідарам па адпраўленых турыстах з Беларусі. А ў намінацыі «Прарыў сезона» можна назваць ААЭ і Грузію – рэйсы туды цалкам запаўняюцца.

Дарэчы, Міністэрства аховы здароўя днямі паведаміла, што з пераліку краін, па вяртанні з якіх патрабуецца 10-дзённая ізаляцыя, выключаны Паўночная Македонія, Сан-Марына, Манака, Арменія, Боснія і Герцагавіна, Славакія, Балгарыя, Малдова і Сербія.

Публікацыя – з № 45 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»