Пабачыўшы Анатоля Лябедзьку пасля месяца зняволення на Акрэсціна, я не адразу яго пазнаў. Экс-старшыня АГП выглядаў як з крыжа зняты. Спакутаваны твар, нявыспаныя патухлыя вочы, даўно не голенае шчацінне, рэзка пазначаныя зморшчыны – як быццам чалавек не пасля адміністрацыйных сутак з ізалятара часовага ўтрымання выйшаў, а адбыўшы год катаргі ў якім-небудзь даўно замежным нерчынскім рудніку.

Катавальня, праз якую прайшлі Анатоль Лябедзька і тысячы іншых беларусаў
Анатоль Лябедзька

Зразумела, што ІЧУ не курорт, і трыццаць сутак – тэрмін сур’ёзны, але ж каб да такога стану давесці…

Аказалася, стан мог быць яшчэ горшы. Бо тое, што вырабляюць з палітычнымі зняволенымі ў вязніцы на Акрэсціна, можна назваць толькі адным словам – катаванні. Анатоль Лябедзька – сядзелец са стажам, чалавек бывалы і загартаваны, але і ён быў агаломшаны бесчалавечным стаўленнем тамтэйшых службоўцаў да людзей, чыя віна, вобразна кажучы, высмактана з пальцаў функцыянераў у судзейскіх мантыях.

Скажам, той жа Лябедзька атрымаў свае 30 сутак толькі за тое, што прыйшоў пад будынак суда Кастрычніцкага раёна Мінска, дзе ў той дзень разглядалася «студэнцкая справа», таксама шытая белымі ніткамі. Прыйшоў не суд той граміць, не ў пракурора з рагаткі страляць, не «суддзю на мыла!» крычаць, а – проста моўчкі паспачуваць маладзёнам. І ў выніку паехаў у каталажку.

Нездарма ў народзе месцы часовага абмежавання волі называюць гэтым словам, у якім на першым месцы чуецца «кат». Вязніцу на Акрэсціна таксама можна так называць. Бо абрэвіятура ІЧУ (ИВС) нейкая невыразная. А вось каталажка на Акрэсціна, ці, яшчэ лепш, катавальня, – самае тое.

Паводле сведчання Анатоля Лябедзькі, у акрэсцінскай каталажцы адбываецца «штодзённае парушэнне Канстытуцыі». Ну, да гэтага беларусы нібы і прывыклі – яшчэ з часоў, калі Якуб Колас напісаў свае знакамітыя радкі: «Канстытуцыю далі, / Адчынілі дзверы, / І… ў астрог нас павялі, / І таўкуць без меры». Дык на тое і царскія сатрапы ў імперыі, каб бязмерна таўчы. А як «таўкуць» свае – у «сильной и процветающей»?

Напіхваюць вязняў, як селядцоў у бочку, – у чатырохмясцовыя камеры па 15–16 чалавек. Пры гэтым вокны (калі яны ўвогуле ёсць) наглуха зачынены, а «кармушку» ў дзвярах для хоць нейкага доступу паветра ахоўнікі могуць адкрыць на гадзінку-другую, пад настрой. А могуць і не адкрыць. Скажыце, чым не газавая камера? Таксама ж катаванне ўдушшам.

Вязням не выдаюць ні матрацаў, ні падушак – яны мусяць спаць, застуджваючы ныркі, на голых жалезных нарах і проста на бетоннай падлозе, прымасціўшы галаву на парашу. Трапіў чалавек у каталажку здаровым – выйдзе хворым. Прытым лекі ад сваякоў да вязняў звычайна не даходзяць. Гэта проста катаванне ці эксперымент на жывучасць у духу фашысцкага доктара Менгеле? Можа, Міжнародны Чырвоны Крыж адкажа?

Шмоны палітычным наладжваюць пяць разоў на суткі – два з іх спецыяльна ўночы, каб вязні не змаглі паспаць. Такім чынам у наяўнасці катаванні бяссоннем, а аднымі імі чалавека можна давесці да вар’яцтва.

Паводле сведчанняў былых сядзельцаў, ёсць там і адмысловая камера з гукаізаляцыяй, дзе ахоўнікі з садысцкімі схільнасцямі збіваюць тых, хто спрабуе хоць неяк пратэставаць…

Самае жудаснае, што мы з усім гэтым паступова звыкаемся. З тым, што ў цэнтры чысценькай і разамлелай пад летнім сонейкам беларускай сталіцы існуе замаскіраваны пад цывільную турму Асвенцым, дзе катуюць людзей, трымаюць іх у страшнай антысанітарыі, як жывёлу.

Мы ўжо амаль звыкліся з тым, што хтосьці чарговы выйдзе за акрэсцінскую браму і як пра нешта будзённае раскажа пра здзекі, учыненыя над ім ад імя дзяржавы. Падобныя прызнанні, на жаль, перасталі ўжо быць сенсацыяй. А людзі ўсё выходзяць і ўсё расказваюць, расказваюць… Мружачыся ад сонца, удыхаючы на поўныя грудзі паветра, нібы выбавіліся на Божы свет з апраметнай.

У гэтай апраметнай ёсць канкрэтны гаспадар – начальнік акрэсцінскага ІЧУ падпалкоўнік Ігар Кенюх. Гэта яго падначаленыя налятаюць з начнымі шмонамі, трэніруюцца, як на баксёрскіх грушах, на безабаронных людзях і запячатваюць каменныя мяшкі, каб зняволеныя задыхаліся.

Вы разумееце, падпалкоўнік, што пры вас звычайны ізалятар ператварыўся ў сапраўдны гестапаўскі засценак? Вы нават на волю сваіх ахвяр выпускаеце са здзекам – вывозіце на ўскраіну горада, каб дадаткова памучыць іх сваякоў перад варотамі каталажкі.

Давайце называць рэчы сваімі імёнамі: ахоўнікі – ахоўваюць, а катуюць – кáты. У даўнія часы кат красаваўся на эшафоце ў спецуборы – чырвонай кашулі і чорнай масцы. Можа быць, вам і вашым падначаленым таксама варта прымераць падобную ўніформу? Каб адразу быў відаць род заняткаў…

Калі ўжо спыніцца калясніца дзяржаўнага тэрору? – штодня гучыць над краінай пытанне, на якое ў мяне няма адказу. Але я цвёрда ведаю, што калясніца тая загрукаціць яшчэ мацней і страшней, калі ўсе мы звыкнемся з тым бясчынствам, якое вытвараюць з палітзняволенымі ў беларускіх турмах. Не дай Божа прывыкнуць да Асвенцыма…

Публікацыя – з № 45 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»