Вікторыя Нуланд

ЗША збіраюцца ўвесці новыя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі на наступным тыдні.

Пра гэта падчас міжнароднай канферэнцыі па пытаннях бяспекі GLOBSEC заявіла намесніца дзяржсакратара ЗША ў палітычных пытаннях Вікторыя Нуланд.

«Мы верым, што адзіны шлях, каб паважаць правы і выбар беларускіх людзей, – гэта правесці сапраўды празрыстыя і сумленныя выбары, – заявіла чыноўніца. – І цалкам зразумела, што містэр Лукашэнка баіцца зрабіць гэта. Як і Еўропа, мы ўжо ўвялі некаторыя санкцыі, і я думаю, што на наступным тыдні вы ўбачыце, што іх стане больш».

Тым часам структуры ЕС таксама прынялі прынцыповае рашэнне аб увядзенні сектаральных эканамічных санкцый, над якімі ў апошні месяц працавалі тэхнічныя эксперты і юрысты.

«Аб гэтым будзе абвешчана на Савеце міністраў замежных спраў ЕС у панядзелак, 21 чэрвеня, – паведаміў у сваім тэлеграм-канале грамадскі дзеяч і заснавальнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін. – Гэта не значыць, што сектаральныя санкцыі будуць прыняты ў гэты дзень – будуць толькі агучаны напрамкі, якія трапяць пад санкцыі. На сённяшні дзень эксперты распрацоўвалі тры асноўныя напрамкі беларускай эканомікі: фінансавая і банкаўская сфера; нафтавы і газавы сектары; галіна вытворчасці і рэалізацыі угнаенняў. Дакладны спіс прадпрыемстваў, якія могуць апынуцца пад санкцыямі, будзе абнародаваны пазней – у дату, усталяваную кіраўніцтвам ЕС».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»