Уладзіслаў Наважылаў

У Гомелі судзяць лідара метал-гурта Gods Tower Уладзіслава Наважылава. Ён назваў чыноўніка «крайне глупым боровом».

Гісторыя гэта мінулагодняя, жнівеньская, калі градус палітычнага жыцця ў гарадах і мястэчках рэзка пайшоў угару з прычыны фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. На вуліцы выйшлі тысячы выбаршчыкаў з пытаннямі: «Дзе нашы галасы?», «Хто даў права збіваць мірных людзей?». У Гомелі пыталіся яшчэ: «Хто вінаваты ў смерці Аляксандра Віхора?»

На YouTube ў тыя дні з’явіўся відэаролік пад назвай «Гамяльчане сустракаюцца з уладамі горада. На пытанні адказвае губернатар вобласці Генадзь Салавей». Пад відэаролікам вакаліст Наважылаў (творчы псеўданім Lesley Knife) і змясціў пост пра «глупого борова». Былі там допісы і больш яршыстыя, але безасабовыя. А тут прозвішча «Салавей» ды яшчэ з указальным займеннікам «гэты».

Следства расцаніла пост як «публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў» – артыкул 369 Крымінальнага кодэкса. Справу ў Цэнтральным судзе Гомеля разглядае суддзя Сяргей Кармановіч, а дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае прадстаўніца пракуратуры Таццяна Гаркуша.

«Быў на ўзводзе»

На судовым пасяджэнні, якое адбылося днямі, Уладзіслаў Наважылаў віну прызнаў часткова. Патлумачыў, што ён сапраўды 16 жніўня 2020 года праз мабільны тэлефон праглядаў на YouTube відэаролік з Гомеля, а потым размясціў пад ім каментарый з пяці слоў, але не меў на мэце кагосьці абразіць, не меў на ўвазе канкрэтнага чалавека.

Калі мяне выклікалі ў СК і сказалі, што я абразіў Салаўя, я хвілін сорак не мог уцяміць, пра каго ідзе гаворка. Падумаў – пра расійскага тэлевядоўцу Салаўёва. Я напісаў каментар і забыўся на яго, – казаў на судзе франтмен музычнага гурта.

У мінулым жніўні, як выказаўся Уладзіслаў, ён «быў на ўзводзе»: тры дні не маглі працаваць, паколькі адключылі інтэрнэт, улады бяздзейнічалі, не было рэакцыі на смерць маладога гамяльчаніна Аляксандра Віхора. Паводле слоў Наважылава, ён пакінуў каментарый пасля прагляду відэароліка пра сустрэчу «губернатара» Салаўя з пратэстоўцамі на прыступках аблвыканкама, бо той нібыта не выканаў свае абавязкі, не даў зразумелага адказу на хвалюючыя пытанні.

– Вы лічыце, што нядача адказу з’яўляецца невыкананнем абавязкаў? – пыталася дзяржабвінаваўца Гаркуша.

Так, – адказаў Уладзіслаў.

Абагульнены вобраз… з прозвішчам

На допыце ў судзе ў Наважылава пыталіся: калі ён не меўся нікога абразіць, то чаму напісаў канкрэтнае прозвішча «Салавей» і да яго – не вельмі прыгожае вызначэнне.

Я не задумваўся над прозвішчам, «боров» для мяне – вобраз чыноўніка паводле расійскага пісьменніка Салтыкова-Шчадрына (які, дарэчы, быў віцэ-губернатарам Цвярской губерні. – Аўт). Я чытаў яго. Гэта абагульнены вобраз. Салтыкоўскія чыноўнікі ў Расіі адказваюць беспрадметна. Нікога абражаць не збіраўся, даваў ацэнку сітуацыі, а не чалавеку. Усе словы літаратурныя. Пакінуў каментарый, каб выпусціць пару,– тлумачыў абвінавачаны музыкант.

Наважылаў нават запэўніў, што «калі сваім пастом прынёс (Салаўю) пакуты, то гатовы выбачыцца». Чаму да суда гэтага не зрабіў? Бо не ўяўляе, якім чынам гэта можна было зрабіць.

На судовае разбіральніцтва старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей не прыйшоў, спаслаўшыся за занятасць, і пісьмова папрасіў разглядаць справу без яго прысутнасці.

Дзяржабвінаваўца Гаркуша падчас судовых спрэчак заявіла, што віна Уладзіслава Наважылава ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады даказана матэрыяламі справы і знайшла пацвярджэнне ў ходзе судовага следства. Яна прапанавала пакараць музыканта трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – на так званую «хімію».

Вырак суда мае быць абвешчаны 21 чэрвеня.

Публікацыя – з № 45 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»