Андрэй Пачобут

Нагадаем, што 10 сакавіка гэтага года сілавікі завялі крымінальную справу за правядзенне імпрэзы ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага брэстчаніна і дырэктара Ганну Панішаву. Пазней стала вядома аб ператрусах у Лідзе, Ваўкавыску і затрыманнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай.

23 сакавіка ў Гродне была затрымана кіраўніца не прызнанага ўладамі Саюза палякаў Анжаліка Борыс, а яшчэ праз два дні – журналіст і актывіст гэтага ж саюза Андрэй Пачобут.

Яны былі затрыманы ў межах крымінальнай справы паводле ч.3 арт.130 «Распальванне расавай, нацыянальнай варожасці». Паводле гэтага артыкула абвінавачанаму можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Пазней Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву вывезлі з СІЗА ў Польшчу, а Андрэй Пачобут і Анжаліка Борыс засталіся ў СІЗА.

– Мне стала вядома, што Андрэй захварэў на каранавірус, – кажа Аксана Пачобут, жонка вязня. – Больш падрабязнай інфармацыі няма.

Я тэлефанавала следчаму, каб ён, магчыма, пасадзейнічаў аказанню мужу медыцынскай дапамогі, але ён адказаў, што ў гэтым плане ні на што не ўплывае. Маўляў, трэба звяртацца да адміністрацыі жодзінскага ізалятара, дзе ўтрымліваецца Андрэй. У выніку склалі хадайніцтва аб аказанні медыцынскай дапамогі.

– Калі Андрэй захварэў?

– Дакладна пра гэта, відаць, ніхто не ведае. Бо яшчэ ў той час, калі муж быў у СІЗА на Валадарскага, ён скардзіўся на дрэннае самаадчуванне. А з Жодзіна паведаміў, што на пачатку гэтага месяца пачаў адчуваць слабасць, сарваўся сардэчны рытм, а затым даведаўся, што ў яго яшчэ і каранавірус.

Для Андрэя гэта вельмі небяспечна, бо ў яго шмат хвароб і можа быць ускладненне. У мужа пастаянна збіваецца сардэчны рытм, а калі спякота, то гэта наогул вялікая праблема. Акрамя таго, у яго варыкоз, была нават запланавана аперацыя. А каранавірус, як вядома, таксама ўздзейнічае на сасуды.

Таму ў такой сітуацыі патрэбны кваліфікаваны медыцынскі дагляд, нават шпіталізацыя.

Учора Андрэю перадалі лекі, але нават не ведаю, ці ёсць у гэтым сэнс, бо сітуацыя са станам здароўя можа змяняцца штодзень, і тыя лекі, якія патрэбны зараз, магчыма, заўтра ужо не варта прымаць. Яшчэ раз кажу: мужу патрэбна кваліфікаваная медыцынская дапамога. Ці акажуць яе? Гэта для мяне адкрытае пытанне.

ТЫМ ЧАСАМ

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» накіравала ў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя, Дэпартамент выканання пакаранняў і яго структурныя падраздзяленні – упраўленне па Мінску і Мінскай вобласці, турму №8 у Жодзіне, дзе ўтрымліваецца журналіст, зварот з просьбай шпіталізаваць Андрэя Пачобута.

«СМІ і родныя Андрэя паведамляюць, што ён захварэў на COVID-19, але працягвае знаходзіцца ў перапоўненай камеры з 12 іншымі падследнымі, – гаворыцца ў звароце. – Просім неадкладна шпіталізаваць Андрэя Пачобута і забяспечыць яму неабходную медыцынскую дапамогу.

Звяртаем увагу на абсалютную неадпаведнасць самым мінімальным медыцынскім і прававым патрабаванням умоў утрымання ў следчых ізалятарах асоб, віна якіх нават не ўстаноўлена судом. Гэта яшчэ больш недапушчальна ў перыяд пандэміі, паколькі падрываецца здароўе людзей, ставіцца пад пагрозу іх жыццё».

Публікацыя – з № 45 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»