«Арганізатар» беспарадкаў: «Прарываемся ў цэнтр квадратамі»
Максім Ялканаў у «клетцы» суда. Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі 18 чэрвеня пакараў Максіма Ялканава з Рэчыцы 1 годам і 6 месяцамі зняволення за “арганізацыю масавых групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады”.

Віну 29-гадовага рэчычаніна на падстваве часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса суд прызнаў даказанай. Прадстаўніца пракуратуры Курбацкая патрабавала пакараць Максіма Ялканава двума гадамі пазбаўлення волі. Судовае рашэнне крыху мякчэйшае, але ўсё адно звязанае з пазбаўленнем волі.

Сам Ялканаў у апошнім слове, якое трымаў сёння ў першай палове дня, заяўляў, што ўсвядоміў неправамернасць сваіх учынкаў.

А адбылося вось што. Раніцай 10 жніўня 2020 года Максім, будучы на працы, усталяваў на свой айфон праграму, якая абмінае блакіроўку інтэрнэту. З сайтаў і тэлеграм-каналаў ён даведаўся пра пратэстныя акцыі пасля выбараў і стаў тэлефанававаць сваім сябрам і знаёмым, каб сабрацца пасля працы ў цэнтры гораду «на фантане». Датэлефанаваўся да 9 чалавек.

У той жнівеньскі вечар «на фантане» у цэнтры Рэчыцы ніякіх мітынгаў і масавых беспарадкаў не было. Ялканаў прапанаваў чатыром маладым гараджанам ехаць у Гомель. І яны паехалі на машыне стрыечнага брата Максіма Арцёма Грыба ў абласны цэнтр, дзе хвілін праз дзесяць, на падыходзе да вуліцы Савецкай, былі затрыманыя міліцыяй. Праз дзве гадзіны іх адпусцілі.

Такая фабула «злачынства» Максіма Ялканава. Гэта ён прызнаў у сакавіку, адразу пасля затрымання. Сведкі, каму ён тэлефанаваў, на судзе гэта пацвердзілі.

І на папярэднім следстве, і ў судзе Ялканаў не хаваў, што праз тэлефонныя дазвоны клікаў знаёмых «пацаноў» на плошчу ў Рэчыцы, а пасля і ў Гомель, паглядзець, што за «дзвіжуха» пайшла. Так ён выказваўся. Следства і дзяржабвінавачванне згледзелі ў гэтым свядомы ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемствае з мэтай супрацьдзейнічаць міліцыі, бо ў тэлефонных размовах ужываліся словы «супрацьлеглы бок», «бойка» ды інш.

Ва ўсім астатнім крымінальнае абвінавачванне грунтуецца на дапушчэннях, меркаваннях, сацыяльна-палітычных поглядах Максіма. Прынамсі, пракурор Курбацкая адзначала, што пасля прагляду відэаролікаў, у Максіма «склалася негатыўнае меркаванне пра ўладу, паколькі там, на гэтых сайтах, дэманстраваліся затрыманні людзей з нібыта беспрычынным збіццём, а таксама ўтрымліваліся заклікі выходзіць на вуліцу для ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».

І далей цытавала паказанні самога Ялканава: «І ў выпадку, калі будуць біць, мы таксама будзем біць. Пры гэтым нецэнзурна выказваўся ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі і не хаваў, што «у выпадку чаго» як ён, так і яго таварышы павінны аказваць супраціў міліцыі».

Нейкіх фактаў непадпарадкавання міліцыянерам як прадстаўнікам улады ці гвалту супраць іх Курбацкая не прыводзіла. Нічога такога ў жыцці не здаралася.

Характарызуючы Ялканава, як асобу, дзяржабвінаваўца адзначала, што раней ён быў пакараны паводле крымінальнага артыкула за асабліва злоснае хуліганства, але судзімасць ужо пагашана. Згадвала і пра тое, што Максім у свой час быў футбольным фанатам і ў яго кватэры падчас вобшуку знойдзены «негатыўныя атрыбуты ў дачыненні да праваахоўных органаў» (карыкатура з нецэнзурным надпісам).

У Рэчыцы Максім працаваў мантажнікам у прыватным прадпрыемстве і, па словах дзяржабвінаваўцы, характарызаваўся на працы здавальняюча. Палітыкай не займаўся. За выхад на плошчу ў Рэчыцы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Але чаму яго трэба зараз ізаляваць ад грамадства, дзяржабвінаваўца не патлумачыла.
На гэту акалічнасць звярнула ўвагу адвакат Валянціна Катко, якая схільна лічыць, што абвінавачванне яе падабароннаму выстаўлена паводле фармальных прыкметаў.

«Санкцыі па прад’яўленаму артыкулу майму падабароннаму пачынаюцца не з пазбаўлення волі, а са штрафу, арышту, абмежавання волі, а пасля ўжо пазбаўленне волі да трох гадоў. Чаму менавіта яму трэба знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі? Для мяне гэта дзіўна», – недаўмявала адвакат.

Дзеянні Максіма ў тыя жнівеньскія дні яна ацэньвае як рэакцыю маладога чалавека на «прымяненне недазволеных метадаў у дачыненні тых асоб, якія ўдзельнічалі ў мітынгах», што адбываліся пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў, які прысутнічаў на судовых пасяджэннях, лічыць, што ў крымінальнай справе надзвычай слабенькая «доказная база, пабудаваная на тэлефонных званках».

Поделиться ссылкой: