Андрэй Піліпенка

Рабочаму ААТ «Гродна Азот» Андрэю Піліпенку не працягнулі кантракт, нягледзячы на тое, што на прадпрыемстве ён адпрацаваў 12 гадоў без заўваг і вымоў. У яго сям’я, двое непаўнагадовых дзяцей і пакуль няма іншай працы.

«Нават начальства цэха было здзіўлена…»

За некалькі апошніх тыдняў васьмі работнікам ААТ «Гродна Азот», якія з’яўляюцца сябрамі Беларускага незалежнага прафсаюза, адміністрацыя прадпрыемства адмовіла ў працягненні кантракта. Прычым гэта людзі з досведам, спецыялісты, якія адпрацавалі на заводзе дзесяць і больш гадоў.

Андрэю Піліпенку 40 гадоў. У свой час ён скончыў політэхнічны каледж па спецыяльнасці «тэхнік-электрык» і працаваў апаратчыкам падрыхтоўкі сыравіны паўфабрыкатаў. Справа, паводле яго слоў, не самая тэхналагічная, але апошнім часам рыхтаваўся пераходзіць на больш кваліфікаваную працу – апаратчыкам грануляцыі.

– Чакаў, калі вызваліцца месца, усё ўжо было ўзгоднена з кіраўніцтвам цэха, – распавядае Піліпенка. – Кіраўніцтва цэха мне кантракт працягнула на пяць гадоў, а з заводакіравання прыйшла папера, што ў працягненні кантракта адмовілі.

Андрэй згадвае, што ў кіраўніцтве цэха былі здзіўлены, яны нават палічылі, што ён сам сабраўся звальняцца альбо што гэта нейкая памылка. Калегі былі ў шоку і нават пачалі збіраць подпісы за адмену такога рашэння адміністрацыі.

Адмова ў працягненні кантракта падпісана намеснікам генеральнага дырэктара па бяспецы і кадрах  Алегам Жывушкам.

– Я хадзіў да яго на прыём, – распавядае Андрэй. – Цікавіўся, у чым прычына: можа, я не задавальняю як работнік, хаця ніякіх нараканняў з боку кіраўніцтва цэха на мяне не было? Сказаў, што рыхтуюся ісці на павышэнне, тлумачыў, што ў мяне двое непаўнагадовых дзяцей. А ён – мілы чалавек, паводзіць сябе інтэлігентна – адказаў: адмовілі на падставе таго, што маем права… І ніякіх тлумачэнняў.

«Думаю, прычынай стала сяброўства ў незалежным прафсаюзе»

Спадар Андрэй не хавае, што такое стаўленне кіраўніцтва прадпрыемства пакрыўдзіла яго, паколькі ён чэсна і без заўваг адпрацаваў на заводзе 12 гадоў, зрабіў пэўны ўнёсак у яго паспяховую дзейнасць.

– І ніхто там не падумаў, што ў мяне малыя дзеці, што трэба плаціць крэдыт, што я планаваў жыццё сям’і, зыходзячы з таго, што працую на заводзе… – з горыччу заўважае мой суразмоўца.

Адзінай магчымай прычынай непадаўжэння кантракта Піліпенка лічыць тое, што пасля леташніх выбараў ён, як і многія іншыя рабочыя, выйшаў з афіцыйнага прафсаюза і стаў членам Беларускага незалежнага прафсаюза. Дарэчы, тады незалежны прафсаюз на іх прадпрыемстве павялічыўся больш як на паўтысячы чалавек.

Пасля гэтага былі выпадкі, калі сябрам незалежнага прафсаюза прапаноўвалі вярнуцца ў лона афіцыйнага. Людзі адмаўляліся, і ў выніку ім кантракты працягвалі ўжо не на пяць гадоў, як гэта было раней, а толькі на адзін.

Паводле слоў Піліпенкі, афіцыйны прафкам яго цэха прапаноўваў яму вярнуцца ў свае шэрагі: тады, маўляў, мы паклапоцімся пра цябе.

– Я калі выходзіў з гэтага прафсаюза, то раіўся ў сям’і, мы разумелі, што могуць быць наступствы, – распавядае Андрэй. – А таму я адразу адмовіўся. Надакучыў іх фармалізм, абыякавасць і тое, што паперка і начальства важней за справу і праўду. Хочацца быць ў ладу з самім сабой, са сваім сумленнем, бо без гэтага жыць яшчэ цяжэй. А працу нейкую знайду, проста сядзець не буду.

Дарэчы, непасрэдна на працоўным месцы пасля змены прафсаюза Піліпенку ніхто не папракаў, ні кіраўніцтва цэха, ні калегі па працы, паколькі для іх заўсёды было галоўным тое, які ён работнік і як ставіцца да тых, з кім побач працуе.

«Няўжо звольняць усіх членаў незалежнага прафсаюза?»

Піліпенка, адпрацаваўшы на заводзе 12 гадоў, добра разумее, наколькі адказная ў іх праца. У цэху кожная рабочая спецыяльнасць звязана з іншай, яны ўзаемадзейнічаюць з іншым цэхам, і гэта, маўляў, складае агульны арганізм, правілы працы якога парушаць ніяк нельга. Паводле яго слоў, многія ІТР-работнікі зараз падпісваюцца пад патрабаваннямі спыніць звальненне кваліфікаваных спецыялістаў, бо добра разумеюць магчымыя наступствы.

– Няўжо звольняць усіх членаў незалежнага прафсаюза?! – задаецца пытаннем рабочы. – Уявіце, што на месца падрыхтаваных спецыялістаў прыйдуць маладыя людзі, якіх усяму трэба навучыць. А тут жа хімічная вытворчасць, яна можа быць небяспечнай, калі ёй пачнуць займацца непрафесіяналы.

Са зменай генеральнага дырэктара, заўважае мой суразмоўцы, на прадпрыемстве прыкметна змянілася абстаноўка. Устанаўліваецца больш камер відэаназірання, больш частымі сталі праверкі, і калі раней супрацоўнікі аховы патрулявалі па перыметры тэрыторыю завода, кантралявалі прапускны рэжым, то зараз ходзяць і па цэхах, правяраюць людзей на працоўных месцах, па выхадных прызначаюцца дзяжурныя па заводзе.

– Не скажу, што гэта нешта страшнае, паколькі вытворчасць у нас усё ж хімічная і заўсёды кантролю надавалася належная ўвага, – заўважае Піліпенка. – Але адметна, што сродкі ўкладаюцца ў такія метады, а не ў павышэнне прафесійнасці рабочага калектыву, ва ўкараненне новых, больш бяспечных і экалагічных, тэхналогій.

ДРУГІ БОК

Што гаворыць кіраўніцтва ААТ «Гродна-Азот»?

«Адмовілі на падставе таго, што маем права...»
Алег Жывушка

Дык усё ж такі чаму Андрэя Піліпенку звольнілі з прадпрыемства? За тлумачэннямі «Народная Воля» звярнулася да намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Гродна Азот» па бяспецы і кадрах Алега Жывушкі, але размаўляць праз тэлефон ён адмовіўся.

Карэспандэнт «Народнай Волі» даслаў яму пытанні праз электронную пошту:

«Пярвічная арганізацыя Беларускага незалежнага прафсаюза, якая існуе на вашым прадпрыемстве, звярнулася адразу ў некалькі інстанцый – канцэрн «Белнафтахім», Савет міністраў, Камітэт дзяржаўнага кантролю, пракуратуру – з просьбай «спыніць незаконнае звальненне рабочых з прадпрыемства»: Сяргея Міхайлавіча Ляпеша, Андрэя Мікалаевіча Піліпенкі, Сяргея Уладзіміравіча Козела. Усяго, паводле інфармацыі кіраўніцтва прафсаюза, паведамленні аб непрацягненні кантрактаў атрымалі восем членаў іх прафсаюза. Усе гэтыя людзі характарызуюцца як высокакласныя спецыялісты з досведам працы. Патлумачце, у чым, на ваш погляд, прычына непрацягнення кантрактаў з гэтымі кваліфікаванымі работнікамі? Ці звязваеце вы непрацягненне кантрактаў работнікам прадпрыемства з іх членствам у тым ці іншым прафсаюзе?»

Мінула два тыдні, але адказу ад спадара Жывушкі «Народная Воля» так і не дачакалася…

Публікацыя – з № 45 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: