Журналістка, паэтка і тэлевядоўца на тэлеканале
Журналістка, паэтка і тэлевядоўца на тэлеканале "Белсат"  Валярына Кустава. Фота з Facebook

Журналістка, паэтка і тэлевядоўца на тэлеканале “Белсат”  Валярына Кустава, да якой 3 чэрвеня прыйшлі сілавікі, у Facebook распавяла, што знаходзіцца ў бяспецы і што на яе завялі не менш як дзве крымінальныя справы.

Вядоўца адзначыла, што да яе дадому прыехаў чорны бус і 7 сілавікоў у штацкім уварваліся ў кватэру.

«Адначасова міліцыя і ГУБАЗіК завіталі на маю афіцыйную працу і да бацькоў. Суткі невядомыя капаліся ў маіх рэчах і правяралі суседзяў. Да сёння не ведаю, што менавіта канфіскавана: ёсць меркаванне – што ўся тэхніка (былі спробы (без поспеху) узламаць пошту і профілі з маіх жа камп’ютараў), каштоўнасці, сродкі. Кватэра апячатана да цяпер. І нават адвакатка туды не мае доступу, як і да маёй справы, бо СК яшчэ «дапрацоўвае» яе», – напісала Валярына Кустава.

Яна распавяла, што “некалькі сутак дабіралася ў бяспечная месца – без тэлефона, рэчаў і сродкаў, мяне эвакуявалі лясамі ды балотамі. Як ёсць – у чым выйшла з хаты.
Сёння першую ноч здолела паспаць”.

Паводле журналісткі, на ёй «дзве з хвосцікам крыміналкі. І вялікая цікавасць СК, КДК, міліцыі і ГУБАЗіК».

«Аказалася, некалькі крымінальных артыкулаў – не самае горшае, што мяне чакае. У мяне канфіскавалі не проста ўсе рэчы, а маё жыццё на Радзіме. А я ніяк не магу без маёй балючай Беларусі. Ніяк», – адзначыла вядоўца.

«Я ніколі не хацела з’язджаць. І не з’ехала. Мае сны, думкі, вершы і дзеі – на Радзіме. І дзеля яе.
Я цвёрда веру ў мой народ. І перакананая (і гэта засталося нязменным!): беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога».

Нагадаем, што 3 чэрвеня сілавікі прыходзілі да вядоўцы Валярыны Куставай, калі яе не было ўдома. У той жа час міліцыянты завіталі на працу і  да кватэры яе бацькоў.

Поделиться ссылкой: