Раман Пратасевіч на брыфінгу МЗС 14.06.2021

Псіхатэрапеўт Наталля Скібская прааналізавала мову цела ўдзельнікаў брыфінгу МЗС з удзелам палітвязня Рамана Пратасевіча. Радыё Свабодзе яна распавяла пра тое, чаго хацелі і чаго дасягнулі ўлады, пра ахвяраў стакгольмскага сіндрому і дапамогу закладнікам.

Удзел Пратасевіча дзеля пашырэння аўдыторыі

– Найбольш хваляваўся прадстаўнік Следчага камітэту, вайскоўцы былі больш падрыхтаваныя. Яны ўсе выконвалі сваё заданне. Яны павінны, вымушаны былі неяк апраўдвацца. І калі такая мэта была ў іншых сілаў, то яна дасягнутая, бо яны сапраўды апраўдваліся. Удзел Пратасевіча быў, каб павялічыць аўдыторыю. Пры канцы трансляцыю адначасна глядзелі 7 тысячаў чалавек. Хто ўвогуле глядзіць стрым Белпрэсцэнтру? Я ня ведаю.

Там таксама не дурныя людзі працуюць, ва ўсіх такіх аперацыях удзельнічаюць псіхолагі і паліттэхнолагі. І хэдлайнерам гэтай сустрэчы быў Пратасевіч, відавочна.

Пра ахвяру стакгольмскага сіндрому

– Тут трэба казаць пра знакаміты стакгольмскі сіндром (ахоўна-несвядомая траўматычная сувязь, узаемная або аднабаковая сімпатыя, якая ўзнікае паміж ахвярай і агрэсарам). Усё, што мы бачым, гэта спроба адаптацыі і спроба выжыць. І добра. Кожны мае права жыць, кожны мае права на свабоду і права дамагацца яе такім спосабам, які ён знаходзіць.

Раман Пратасевіч на брыфінгу МЗС 14.06.2021
Раман Пратасевіч на брыфінгу МЗС 14.06.2021

Пра паводзіны Рамана Пратасевіча

– Я пабачыла, што ён перакананы ў тым, што робіць. Ён для сябе прыняў нейкае рашэнне. Якія прычыны гэтых паводзінаў – іншая справа. Ён робіць тое, што лічыць слушным у гэтай сітуацыі. І ён казаў пра закладнікаў сітуацыі – Сафію і яго бацькоў. Мне шкада бацькоў і шкада Сафію.

Што да стакгольмскага сіндрому, то вялікая колькасць людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку, таксама хварэюць на яго. Гэта нават не хвароба, а такі спосаб адаптацыі. Каб выжываць, лепей апраўдаць таго, у каго ты ў закладніках. Тады гэта не выклікае ўнутранага канфлікту. І калі псіхіка знаходзіць такі шлях, то гэта добра. Бо калі не, трэба ўвесь час змагацца са сваімі эмоцыямі, хварэць ці ўвогуле нешта рабіць. Прасцей апраўдаць, сесці і нічога не рабіць, але гэта не адмяняе таго, што закладнік ёсць закладнік.

Пра рэакцыю грамадства

– Самае небяспечнае можа быць у далейшым, што яго пачнуць параўноўваць з Васкрасенскім і будуць яго дэманізаваць. Бо людзям прасцей, калі існуе чорнае і белае. А хацелася б, каб мы захаваліся ў такім стане, калі будзем бачыць ня толькі чорнае і белае, але і іншыя колеры.

Калі гэта ўсё скончыцца, Раману абавязкова спатрэбіцца дапамога псіхатэрапеўта. Калі ў тэрапію прыходзяць ахвяры, то шмат часу займае прыняцце сваёй ахвярнасці. Калі ты асэнсоўваеш, што ты ахвяра, закладнік, быў вымушаны, то з’яўляецца шмат складаных эмоцый – нянавісць, злосць ды іншыя, якія трэба стрымліваць. Асабліва калі ты ў непасрэднай блізкасці з людзьмі, якія трымаюць у закладніках. Псіхіка так працуе, каб знайсці выйсце, каб ты змог выжыць побач з імі, каб не правакаваць новых канфліктаў. Нават нейкую сімпатыю пачынаеш адчуваць да гэтых людзей, асабліва калі ёсць гульня ў добрага і дрэннага паліцыянта. На тое, каб з гэтым працаваць, спатрэбіцца нейкі час.

Што б сказала Раману Пратасевічу

– Трымайся, Раман, ёсць людзі, якія за цябе хвалююцца і жадаюць табе найхутчэй свабоды. Жыві і захавай сябе як можаш. Гэта тое, што павінен ведаць кожны закладнік, але гэта не заўсёды адбываецца. Сапраўды, закладнікі гінуць, робяцца гарматным мясам. Немагчыма сказаць, што ўсё будзе добра. Мы ня ведаем. Але як бы там ні было, дапамога будзе. Ён павінен ведаць, што пасля таго, як ён выйдзе на свабоду, будуць людзі, якія будуць пра яго клапаціцца і будуць разумець яго, ня будуць асуджаць яго. Гэта самае галоўнае.

Поделиться ссылкой: