На прадпрыемстве «Городна Азот» кіраўніцтва звальняе працаўнікоў – сябраў Беларускага незалежнага прафзвязу. Без працы засталіся сем асобаў, якім не працягнулі кантракту. Ад людзей патрабуюць не толькі выйсці з незалежнага прафсаюзу, але і напісаць кепскае пра суполку ў завадской газеце, распавялі «Белсату» працаўнікі заводу.

«Звальняюць адразу ж сем асобаў. Аднаму ўжо аддалі працоўную кнігу. Астатнія ў чарзе. Прычым звальняюць тых працаўнікоў, якія з’яўляюцца сябрамі незалежных прафсаюзаў», – распавядае «Белсату» працаўнік заводу.

Без працы застаюцца таксама і інжынеры, і кіраўнікі цэхаў.

Паводле азотаўца, людзям ставяць умовы перад працягам кантракту: або застацца без працы, або выйсці з незалежных прафсаюзаў, перайсці ў праўладны прафсаюз, а таксама напісаць ва ўнутрызавадской газеце «Гродненский химик» нешта кепскае пра незалежныя прафсаюзы.

«Людзі абурыліся, збіраліся зладзіць забастоўку. Пагадзіліся на такую захаду ўсяго толькі 10 % сябраў незалежнага прафзвязу. Агулам у суполцы 450 асобаў. Людзі запалоханыя, зрэшты, як і паўсюль. Цяпер намеснікам працуе Жывушка, гэта з ягонага боку такая ініцыятыва і такое патрабаванне, бо людзей выклікаюць да яго ў кабінет».

Адметна, што тыя, каму раней працягнулі кантракт, ціску не адчулі, новыя патрабаванні з’явіліся цяпер, раптоўна. Магчыма, спушчаны зверху загад. У сваю чаргу Telegram-канал стачкаму ААТ «Горадня Азот» паведамляе, што спісы складаюць кіраўнікі прадпрыемства, сярод якіх Барсук, Жывушка, Русак, Жаўрук, Літвін і кіраўнік заводу Ляшэнка.

Працаўнікі адчуваюць санкцыі

З пачатку чэрвеня, пасля таго, як ЗША ўвялі санкцыі, на заводзе ўжо адбыліся некаторыя змены.

«На заводзе сітуацыя даволі сумная. Я бачу, што на тэрыторыі заводу цяпер у асноўным ездзяць толькі беларускія грузавікі. Трапляюцца часам з украінскімі нумарамі. Не вядома, што яны набываюць, а вось з еўрапейскімі нумарамі практычна няма ўжо машынаў. Тое ж датычыцца і чыгуначных складаў. Толькі беларускія ці расейскія, замежных няма».

Пры гэтым, як кажуць працаўнікі «Азоту», заробкі пакуль засталіся на тым самым узроўні. Цяпер тут можна зарабіць за месяц каля тысячы рублёў, але памер таксама залежыць ад стажу, разраду і гэтак далей.

«Але калі ўладкоўваешся на прадпрыемства, то заробак будзе складаць 300–400 рублёў усяго. Таму не асабліва сюды хочуць цяпер уладкоўвацца. Набраць новых працаўнікоў кіраўніцтва не можа. А раней жа і кватэры людзям давалі, былі інтэрнаты, дзіцячыя садкі. А цяпер тыя ж інтэрнаты і сады перадалі гораду, няма грошай на іх утрыманне. Падаецца, што такая ж сітуацыя паўсюль, на большасці дзяржаўных прадпрыемствах».

Поделиться ссылкой: