Ігар Банцэр

Учора музыкант атрымаў у міліцыі накіраванне і да 17 чэрвеня павінен прыехаць у папраўчую ўстанову.

Нагадаем, што Ігар Банцэр быў затрыманы па крымінальнай справе аб хуліганстве – за тое, што танцаваў перад міліцыяй без штаноў.

3 сакавіка суд Ленінскага раёна Гродна пачаў разглядаць справу Ігара Банцэра, і непасрэдна на працэсе той заявіў, што ў знак пратэсту распачынае сухую галадоўку, якую працягваў 16 сутак.

У рэшце рэшт Ігару прысудзілі 1,5 года «хіміі». На час апеляцыі ён знаходзіўся на свабодзе.

– На судзе стала вядома, што адбываць «хімію» па месцы жыхарства мне не дазволілі, таму быў у чаканні таго, куды ўсё-такі накіруюць, – кажа Ігар Банцэр. – Пры гэтым звяртаўся ў розныя інстанцыі, каб атрымаць адказ на гэтае пытанне: у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС і яго абласное ўпраўленне. Затым – у крымінальна-выканаўчую інспекцыю Ленінскага раёна Гродна. Ніхто не мог патлумачыць, у якім стане мая справа.

Але ў рэшце рэшт 14 чэрвеня ў міліцыі мне далі накіраванне ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №9 г.Віцебска. У мяне забралі пашпарт, выдалі часовае пасведчанне, і на працягу трох дзён я павінен туды прыехаць і стаць на ўлік.

– Калі збіраецеся адправіцца?

– Пакуль хачу напісаць знаёмым, каб па магчымасці дапамаглі ў Віцебску з працай па маім профілі. Я – зорка рок-н-рола і разумею, што працу складана будзе знайсці.

Калі ж сам не працаўладкуюся, то тады ўжо мне паступяць прапановы, ад якіх немагчыма будзе адмовіцца. Могуць адправіць на працы ў якую-небудзь сельскую гаспадарку, на лесапільню ці куды-небудзь яшчэ.

– Пасля галадоўкі ў ізалятары ў вас моцна пахіснулася здароўе. Будзе магчымасць на «хіміі» знаходзіцца пад кантролем медыкаў?

– Паабяцалі, што ў гэтым плане ніякіх праблем не прадбачыцца. Трэба будзе стаць на ўлік у паліклініку Віцебска па месцы часовай прапіскі, што і збіраюся адразу зрабіць. Здароўе трэба берагчы.

Поделиться ссылкой: