Кацярына Бахвалава (Андрэева) і Дар’я Чульцова

Журналісткі Кацярына Бахвалава (Андрэева) і Дар’я Чульцова, якія зараз знаходзяцца за кратамі, сталі лаўрэатамі міжнароднай прэміі Courage in Journalism Awards – за адвагу ў журналістыцы.

Нагадаем, што ў лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў Кацярыну і Дар’ю на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

15 лістапада 2020 года ў доме на «Плошчы Перамен» у Мінску яны вялі стрым з разгону мірнай вулічнай акцыі памяці забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі.

Андрэева і Чульцова сваёй віны не прызналі. Яны прызнаны палітзняволенымі.

Зараз муж Кацярыны Ігар Ільяш паведаміў, што журналісткі сталі лаўрэатамі міжнароднай прэміі за адвагу ў журналістыцы – Courage in Journalism Awards. Гэтую прэмію ўручае Міжнародны фонд жанчын, якія працуюць у СМІ.

«Мы ведалі пра выбар журы загадзя, – распавёў Ігар. – Я паведаміў пра гэта Каці ў тэлеграме яшчэ два тыдні таму, неўзабаве пасля яе прыбыцця ў гомельскую калонію. Потым яна распавядала ў лісце, што гэтая навіна стала для яе велізарным і вельмі прыемным сюрпрызам: яна зведала шмат станоўчых эмоцый, на якія звычайна не разлічваеш у турме. Каця была па-сапраўднаму расчулена.

Калі Каця толькі пачынала свой шлях у журналістыцы, яна марыла калі-небудзь папрацаваць у «гарачай кропцы» і стаць лаўрэатам гэтай прэміі.

«Але калі «гарачая кропка» здарылася ў маім горадзе, ні пра якія ўзнагароды я і не думала… У галаву нават не прыйшло, што мы праяўляем нейкую «адвагу ў журналістыцы». Проста працуеш, як машына: зняць тое, сказаць тое, ісці, стаяць, сувязь з рэдакцыяй…» – прызнавалася Каця ў лісце.

Летам-восенню 2020 года яна думала толькі пра тое, каб зрабіць сваю працу добра, данесці да грамадства праўду пра тое, што адбываецца. І ў яе гэта атрымалася. І яна ганарыцца гэтым.

Так, за вернасць прафесіі быў заплачаны высокі кошт. Але Каця пераканана, што ўсё гэта было не дарма».

Публікацыя – з № 44 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: